Міжнародны фестываль «Вершы на асфальце» ў Мінску (фота)
Урачыстае адкрыццё міжнароднага паэтычнага фестываля памяці Міхася Стральцова "Вершы на асфальце» прайшло ў галерэі «ТUT.BY». У межах фэсту ўпершыню ўручылі прэмію імя Міхася Стральцова, а таксама ўганаравалі лаўрэатаў прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў».
Фэст сёлета прымае ўдзельнікаў з Беларусі, Літвы, Нарвегіі, Татарстана (РФ), Польшчы, Украіны.
Арганізатары — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і ГА «Беларускі ПЭН-цэнтр». Партнёры: Шведскі саюз пісьменнікаў, Амбасада Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!", галерэя TUT.BY.
Вечар быў адкрыты традыцыйна — чытаннем вершаў Міхася Стральцова, патрона фестывалю, і ўзгадкамі пра яго.
— Верш, які зараз прагучаў, называецца "Бацькаўшчына", ён напісаны Міхасём Лявонавічам. Яго спадчына — гэта і проза, і паэзія, і крытычныя артыкулы, літаратуразнаўчыя эсэ — вяршыня нашага прыгожага пісьменства. Кожны яго твор — гэта своеасаблівы дыямент у карону сучаснай беларускай літаратуры. Сем гадоў таму, калі толькі з'явілася задума правядзення міжнароднага паэтычнага фестывалю, ніхто не сумняваўся, чыё імя ён будзе насіць, тым больш, што гэта было напярэдадні 70-годдзя з дня нараджэння Міхася Стральцова. Геаграфія мерапрыемства пастаянна пашыралася, і пару год таму нават дасягнула Новай Зеландыі, — распавядае Барыс Пятровіч. Далучылася да прывітанняў публіцы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.
Галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп прадставіў нядаўна выдадзеную кнігу Міхася Стральцова «Я зноўку тут».
Адметнасць гэтага фестывалю — Прэмія імя Міхася Стральцова, заснаваная ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" па ініцыятыве Алены Стральцовай. Прэмія адметная сваёй універсальнасцю і будзе ўручацца за творы розных жанраў, не толькі за паэзію. Акрамя звычайных у такіх выпадках дыплома і кветак — выхад кнігі лаўрэата да дня адкрыцця фэсту, прычым так, каб імя пераможцы захоўвалася ў таямніцы непасрэдна да цырымоніі ўганаравання.
Інтрыга ўдалася: віленскі беларус, паэт, празаік і перакладчык Алег Мінкін пабачыў сваю ўласную кнігу, выдадзеную адмыслова да прэміі Стральцова, упершыню толькі на вечарыне. Зборнік быў падрыхтаваны да друку без удзелу аўтара. Укладальнікам стаў Міхась Скобла, рэдактары — Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч, дызайн вокладкі Уладзімір Вішнеўскі.
Журы прэміі Стральцова, куды ўвайшлі Алена Стральцова, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла і Аксана Спрынчан, уганаравалі Алега Мінкіна "за метафарычнае багацце паэтычнай мовы, за тэматычную і метрычную разнастайнасць радка, за захаванне чысціні стылю і класічных традыцый літаратуры".
Другая не менш важная падзея ў межах Стральцоўскага фэсту — узнагароджанне лаўрэатаў прэміі "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў". Пераможцамі сталі: у прозе Андрэй Федарэнка, у паэзіі Анатоль Брусевіч, у дэбюце Марына Булатоўская. Спецыяльную прэмію за ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры атрымаў Алесь Разанаў.
Некалькі гадоў запар на фестываль прыязджае ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан. Нават, сёлятні лаўрэат прэміі Міхася Стральцова, Алег Мінкін прызнаўся, што найбольш чакаў менавіна яго выступа. Разам з перакладчыкам вершаў Жадана на беларускую Андрэем Хадановічам яны зладзілі парнае чытанне на двух мовах.
Урачыстасць працягнулася міні-канцэртам памяці Міхала Анемпадыстава. Песні на яго вершы выканала Кася Камоцкая.
У суботу 17 лютага ўдзельнікаў фестывалю чакалі ў мінскім клубе "Грай” дыскуія пра паэзію 20 – 30-х гадоў мінулага стагоддзя, прэзентацыя новых выданняў, перакладчыцкі батл і вялікі паэтычна-музычны сэт "Ноч паэзіі” з удзелам беларускіх і замежных творцаў.
Паводле lit-bel.org, фота racyja.com і Вікі Трэнас