Топ-10 фільмаў пра сталае каханьне
Калі на скронях сівеюць валасы, а дробныя зморшчынкі бяруць сваю ўладу, самае галоўнае пачуцьцё можа ўспыхнуць гэтак жа нечакана, як і ў падлеткавым узросьце. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак пра пачуцьці, якія разгараюцца пасьля пэўнага пэрыяду ў жыцьці. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Афрыканская каралева (The African Queen). 1951
Рэжысэр Джон Х’юстан у які ўжо раз запрасіў Хамфры Богарта зьняцца ў сваім фільме, і гэта атрымалася чарговы раз выдатна. Зрэшты, магчыма тут галоўную скрыпку грае ня ён, а каралева кіно Кэтрын Хёпбэрн, якая выконвае ролю цьвёрдай і правільнай ва ўсіх сэнсах місіянэркі.
Герой Богарта, у адрозьненьне ад сапраўднай лэдзі, п'е джын і проста кіруе дабітай лодкай недзе ў Афрыцы, яшчэ ў часы каляніянізму. Яму неабходна даставіць шаноўную жанчыну ў пункт прызначэньня, вось тут і пачынаюцца прыгоды.
Эвалюцыя іх адносінаў ад пагарды адно адным да глыбокай пашаны, пасыпаная добрым гумарам на працягу падарожжа – цудоўны аб’ект для вашага назіраньня.
Нумар 9. Конны шаптун (The Horse Whisperer). 1998
Стужка, якую зрабіў Робэрт Рэдфард. Ён выступіў і ў якасьці рэжысэра і сам жа выканаў галоўную ролю. Гэта вэстэрн, дзе няма месца для стрэлаў, індзейцаў і грамадзянскай вайны. Мы глядзім на чалавека, які апынуўся патрэбным жанчыне, яе хворай дачцэ і каню. Пры гэтым у прыблізна раўных і ўзаемазалежных суадносінах.
Гісторыя распавядае пра няшчасны выпадак, у выніку якога конь па мянушцы Пілігрым застаўся калекай, а дзяўчына, якую грае Скарлет Ёхансан, атрымала такія сур'ёзныя траўмы, што ёй прыйшлося ампутаваць частку нагі. На ферме вырашаюць, што лепей будзе застрэліць каня, каб не пакутаваў, але маці знаходзіць інфармацыю, што ёсьць шаптун, які робіць дзівосныя рэчы з коньмі.
У дзяўчынкі ўжо нараджаюцца думкі, што з адной нагой яна не будзе нікому патрэбная, і тут высьвятляецца, што мэтад шаптуна на коней працуе і на людзей. Гэта вельмі сур’ёзная драма, якая адбываецца на адкрытай бясконцай прасторы, якая можа і не ўвабраць у сябе боль і трагедыю людзей.
Нумар 8. Дэні Колінз (Danny Collins). 2014
У галоўнай ролі тут Аль Пачына, які грае ўжо сталага чалавека, што быў у свой час знакамітым, меў посьпех у чартах і ў кабетаў, але гэта ўсё справа далёкай мінуўшчыны. Гісторыя апавядае пра тое, як усё магло быць інакш, калі б…
У дадзеным выпадку, калі б герой фільма атрымаў ліст, які быў яму адрасаваны цэлых 34 гады таму, не ў наш час, а тады, на вышыні яго славы, шмат што склалася інакш. Даўні ліст напісаў сам Джон Ленан, у якім захапляўся музыкай Дэні Колінза і даваў парады і прапановы.
Тым ня менш сучасны Дэні вырашае, што гэта знак, і новыя пакаленьні слухачоў мусяць даведацца аб ім. Новыя выклікі, і новыя рамантычныя прыгоды адпаведна.
Нумар 7. Кабінэтны гарнітур (Desk Set). 1957
На экране закаханыя адзін у аднаго і ў жыцьці Кэтрын Хёпбэрн і Спэнсэр Трэйсі. У гэтай камедыі мудрагелістае спалучэньне рамантыкі, сьмеху і тэхналягічных інтрыгаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.
Кэтрын грае кіраўніцу тэлесеткі, якая вымушаная рэагаваць на раптоўнае зьяўленьне новай кампутарнай праграмы, што каардынальна мусіць зьмяніць ранейшыя спосабы працы. А Спэнсэр выконвае ролю таго майстра, які павінен новую тэхналёгію ўкараніць. Чакайце на бясконцыя пікіроўкі галоўных герояў.
Гэта чароўнае кіно, якое адлюстроўвае дух эпохі, і адначасова забясьпечвае задавальненьне для гледачоў усіх узростаў.
Нумар 6. Мова пяшчоты (Terms of Endearment). 1983
Джэймс Л. Брукс зьняў бліскучы фільм, які атрымаў усеагульную любоў і сусьветнае прызнаньне. На адпаведнай цырымоніі Оскар ён стаў пераможцам у галоўных намінацыях, у тым ліку як найлепшы фільм года, а Шырлі МакЛейн і Джэк Нікалсан за свае ролі закаханых.
Але перад намі не рамантычная камедыя, але сямейная драма і лёс адносінаў двух пакаленьняў. Дарослая маці, якая спрабуе выдаваць з сябе непрыступную крэпасьць і адстаўны астранаўт, які гадамі жыве ў даўняй славе, спрабуючы заліць актуальную пустэчу віскі і выпадковымі паненкамі.
Адначасова з гэтым – няпросты лёс дачкі галоўнай гераіні, якая імкнецца да простага шчасьця. Мова пяшчоты ў кожнага свая.
Нумар 5. Закаханыя (Falling in Love). 1984
Глядзець на тое, як Робэрт Дэ Ніра закаханы ў Мэрыл Стрып — адно захапленьне. Яшчэ больш прыгожа гэта выглядае напярэдадні Раства. На экране не гангстэр і не кабета з драмай, гэта простыя жыхары мэгаполіса, якія сутыкаюцца, каб ужо не разысьціся.
Чароўная гісторыя каханьня, пазьбегнутая ўсіх магчымых клішэ, што маглі б напрыдумляць сцэнарысты. Мы глядзім іх гісторыю, як нібы сядзім побач зь імі ў цягніку. Дзеяньне разьвіваецца натуральна і элегантна.
Сьнег падае зь неба, а пакункі двух галоўных герояў адначасова падаюць у кнігарні, каб гэтыя двое потым былі адным.
Нумар 4. Каханьне (Amour). 2012
Міхаэль Ханэке напэўна не ўмее здымаць прахадныя фільмы. Кожны з тых, які мне даводзілася паглядзець, пакідаў па сабе глыбокія сьляды, і шлейф, што цягнецца пасьля – складана назваць лёгкім. Гэтая стужка пра тое самае каханьне, якое жыве, дзейнічае, існуе да самага канца чалавечых жыцьцяў. Перашкодай можа стаць хвароба, якая цёмнымі пальцамі засланяе вочы вэлюмам, і памяць становіцца ворагам.
Пераможца на Канскім кінафэсьце, гэтая стужка распавядае пра апошні перыяд у жыцьці пары, якую на экране ўвасабляюць Жан-Луі Трэнціньян і Эманюэль Рыва. Гэта фільм пра вялізнае каханьне, які несумненна выклікае плыні сьлёзаў.
Нумар 3. Абрагам (Abraham). 1993
Музыка Эніа Марыконэ, старазапаветныя краявіды і шыкоўны акторскі склад у выглядзе Рычарда Харыса, Барбары Хэршы, Максыміліяна Шэла і Готфрыда Ёна – перад вамі стужка, якая можа служыць прыгожым і плённым знаёмствам з Бібліяй.
Ці проста чалавеку згадзіцца з тым, што прапануе яму Бог? І ўвогуле, як зразумець, што не ўласнае ўяўленьне ці фантазія, а сам Творца Сусьвету прамаўляе ў тваім сэрцы? Гісторыя Абрама, які стаў Абрагамам і бацькам усіх ізраільцянаў па-ранейшаму зьяўляецца надзвычай натхняльнай.
Гісторыя каханьня Абрагама і Сары зьяўляецца прыкладам ужо больш за 3 тысячы гадоў. Нарадзіць першае дзіця ў 80-гадовым узросьце, калі здавалася, усе шанцы даўно страчаныя – вартая для азнаямленьня гісторыя.
Калі вы ўяўлялі, як мог бы выглядаць Абрагам, гэтая стужка, падаецца, перадае гэтае ўяўленьне на сто адсоткаў. Рычард Харыс, магчыма, пражыў усё жыцьцё, каб на экране пражыць жыцьцё Абрагама.
Нумар 2. На залатой сажалцы (On Golden Pond). 1981
Стужка, галоўныя ролі ў якой выконваюць акторы, якім на дваіх было 150 на момант здымкаў — Кэтрын Хёпбэрн і Генры Фонда. Найлепшая акторка ў гісторыі кінематографа атрымала за гэты фільм сваю чацьвертую ўзнагароду Оскар. Падзеі пачынаюцца ўлетку, а сканчваюцца ўвосень.
Ля сажалкі, абсыпанай гісторыямі сям’і, герой Генры Фонда прадчувае хуткі адыход да вечнасьці, і разам з жонкай запрашаюць правесьці гэты час сваю дачку зь яе сям’ёй. Гэты фільм таксама пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей.
Нумар 1. Масты акругі Мэдзісан (The Bridges of Madison County). 1995
Пярліна сусьветнага кінематографу. Клінт Іствуд стварыў шыкоўную гісторыю хуткаплыннага і бязьмежнага каханьня.
Тут Іствуд адыходзіць ад сваіх вобразаў жорсткіх, непахісных герояў, якія заўжды пад понча ці курткай маюць рэвальвэр. У гэтай стужцы ён рамантычны і далікатны чалавек, які трапляе ў вір складанай сітуацыі. Іствуд з усёй цяплынёй перадае характар свайго героя, які на працоўным заданьні па фатаграфаваньні мастоў далёкай амэрыканскай акругі сустракае хатнюю гаспадыню ў выкананьні Мэрыл Стрып.
Клінт Іствуд узяў, як можа падацца найпростую гісторыю, але ўзьнёс яе на алімп творчага майстэрства. Гісторыя каханьня, якая стаіць вышэй па-над усё.
Прыемнага прагляду!