Топ-10 фільмаў Марго Робі
У наш час менавіта гэтая акторка нясе «цяжар» галоўнай зоркі амэрыканскага кіно. Мы зьяўляемся сьведкамі росквіту і дзейнасьці вялікага таленту на экране. З нагоды 34-годзьдзя аўстралійкі Марго Робі мы склалі сьпіс з дзесяці яе лепшых роляў. Але колькі яшчэ наперадзе! Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Барбі (Barbie). 2023
Якой плястмасавай зьяўляецца лялька барбі ў краме, такім самым плястмасавым атрымаўся і гэты фільм Грэты Гэрвіг, які атрымаў шалёныя зборы ў сусьветным пракаце – больш за мільярд даляраў!
Рэклямная кампанія, якая папярэднічала выхаду стужкі, была зробленая на самых вышэйшым узроўні, чаго ніяк нельга сказаць пра фільм, які варта паставіць у крамах на паліцу з назвай «агітацыя». Катастрафічныя дыялёгі і прамовы гераіняў прымушаюць адчуць сябе няёмка. Гэта той выпадак, калі кажуць яны, а сорамна табе.
Фільм паказвае злых, помсьлівых кабетаў, якія мараць пра такую пабудову сьвету, дзе будзе татальны матрыярхат. Дзяўчыны ў сьвеце, якія сёньня тым ці іншым чынам выступаюць за роўныя правы ўсіх жанчынаў з мужчынамі, павінны кісла скрывіцца пасьля прагляду фільма: іх інтэнцыі перакручваюцца ў антымужчынскую агіткампанію. Нічога пра-фэміністычнага ў карціне няма, ёсьць пародыя і слабы сцэнар. Шмат было сказана пра адсылкі ў фільме да таго і да сяго. Але неабходнасьць прачытаць сем тамоў тлумачэньняў, што значыла тая ці іншая пляма на сьцяне пасьля прагляду – тое яшчэ задавальненьне.
Нам не патрэбная вайна жанчынаў супраць мужчынаў. Але на Марго Робі прыемна глядзець.
Нумар 9. Атрад самагубцаў (Suicide Squad). 2016
Супергеройская гісторыя ад Дэвіда Эйра. Стужка нават атрымала ўзнагароду Оскар за грым. Мы пагадзімся з амэрыканскай кінаакадэміяй, што апроч грыму (і напэўна музычнага суправаджэньня) ў фільме няма нічога адметнага, калі не сказаць яшчэ дакладней – карціна атрымалася вельмі пасрэднай з мастацкага пункту гледжаньня.
Марго Робі цягне на сваіх геройскіх плячах кожны кадр. Ну а пасьля выхаду на экраны, яе вобраз Харлі Куін стаў выбухова папулярным. Фільм аб'ядноўвае групу антыгерояў і злодзеяў, кожны зь якіх мае ўнікальныя здольнасьці і складаную перадгісторыю. Разам яны вымушаныя працаваць пад урадавай таемнай апэрацыяй. Шансаў выжаць вобмель, але гэта адзіны варыянт атрымаць волю.
Нумар 8. Бабілён (Babylon). 2022
Фільм Дэмьена Шазэла можна назваць «Вялікім Гэтсбі» для бедных. Шыкоўны акторскі склад, у якім Брэд Піт і Марго Робі граюць галоўныя ролі, абяцаў цікавае пагружэньне ў таямнічы сьвет галівуду 1920-х гадоў, дзе ўсё зьзяе, шампанскае ліецца рэкамі, а грошы вывальваюцца з кішэні.
Атрымалася вельмі сьціпла. Як бы не стараліся галоўныя акторы, выглядае фальшыва. Зорка нямога кіно ў выкананьні Піта карыстаецца тымі ж прыёмамі, што мы неаднаразова бачылі ў яго раней. Прыгожыя строі, напускная драма і месца агульнай распусты – такім атрымаўся Бабілён Шазэла.
Нумар 7. Марыя, каралева шатляндцаў (Mary Queen of Scots). 2018
Яшчэ адна стужка, якая напярэдадні выхаду на экраны разглядалася ў якасьці аднаго з галоўных фільмаў года. Гістарычная драма пра складаны перыяд адносінаў Англіі і Шатляндыі з удзелам бліскучай акторкі новага пакаленьня Сіршы Ронан, а таксама Марго Робі – павінна было быць цікава.
Але не стала. Акторкі выконвалі ролі Марыі Сьцюарт і Лізаветы І, і іх праца была на ўзроўні. Але сыры сцэнар і пасрэдныя акторы ў іншых ролях, а таксама не самая ўпэўненая рэжэсура Джозі Рурка зрабілі ўвыніку прахадны фільм у прыгожых дэкарацыях.
Нумар 6. Бывай, Крыстафэр Робін (Goodbye Christopher Robin). 2017
Стужка, якая вартая для сямейнага прагляду. Сайман Кёрціс далікатна зьняў шчымлівую гісторыю пра пісьменьніка, які прыдумаў сьвет Віні-Пыха і яго сяброў. Вы ж памятаеце імя хлопчыка, які дзейнічае ў казцы? Так-так, гэта Крыстафэр Робін, і менавіта такое імя насіў сын пісьменьніка Алана Мілна.
Пачатак апісаньня інтрыгоўна, але ён цягне за сабою асабістую драму ў дачыненьнях паміж бацькам і сынам, апроч гэтага гледачы ўбачаць балючы, нават жорсткі бок творчасьці, калі літаратурнуя слава зьнішчае чалавечае аблічча чалавека і пераўтварае яго ў машыну. Донал Глісан і Марго Робі па-майстэрску перадаюць сямейныя складанасьці.
Нумар 5. Пра час (About Time). 2013
Стужка дазваляе гледачам паспрабаваць падарожнічаць у часе, але з глыбокім дасьледаваньнем сямейных адносінаў, асабліва паміж бацькамі і дзецьмі. На першы погляд, фільм уяўляе сабой звычайную рамантычную камедыю, якая зьбіраецца паказаць нам як галоўны герой, калі ён выяўляе сваю здольнасьць падарожнічаць у часе, спрабуе знайсьці і скарыць сваё каханьне. Тым не менш, пад камедыйным выглядам стужка зьвяртаецца да тэмаў сям’і, страты і няўмольнай плыні часу.
У цэнтры фільма – сяброўскія адносіны паміж бацькам і сынам. Бацька адкрывае дзіцю ўнікальную сямейную здольнасьць па мужчынскай лініі – магчымасьць падарожнічаць у часе. Гэта магчыма зрабіць толькі ў тыю абставіны, якія ўжо здараліся з падарожнікам, але ёсьць абмежаваньне – нельга вярнуцца ў той час, які папярэднічаў нараджэньню свайго дзіця.
Марго Робі выконвае ролю дзяўчыны, якая прымушае сэрца галоўнага героя біцца хутчэй.
Вельмі кранальная стужка.
Нумар 4. Амстэрдам (Amsterdam). 2022
Самы сьвежы фільм Дэвіда О. Расэла з Крысьціянам Бэйлам і Марго Робі ў галоўных ролях. Гледачоў запрашаюць у гістарычнае падарожжа – у перыяд паміж Сусьветнымі войнамі. Гэты фільм – лябірынт заблытаных завулкаў і нечаканых патаемных дзьвярэй. Героі нечакана могуць станавіцца агентамі незразумелых арганізацый, якія маюць на мэце стварэньне сусьветнага хаосу.
Падчас прагляду ў вашай галаве таксама не адразу будзе выбудаваная структура. Лёгіка часам бывае лішняй. Здрада, сяброўства, абсурд – ці можна напісаць гэтыя словы ў іншай чарзе, — вас чакае захапляльная гісторыя.
Нехта рыхтуе сусьветную змову.
Нумар 3. Воўк з Уол-Стрыт (The Wolf of Wall Street). 2013
Марцін Скарсэзэ зьняў сваю другую галоўную зорку жыцьця, пасьля Робэрта Дэ Ніра – таксама актора з італьянскімі каранямі — Леанарда Дзі Капрыё. Акрамя яго стужка поўная знакамітых актораў, сярод якіх Марго Робі, Мэцью МакКонахі. Мы ўбачым узьлёт і падзеньне брокера ў выкананьні Дзі Капрыё. Сьвецкае жыцьцё перамяжоўваецца з карупцыяй, злачыннасьцю і арыштамі.
Кампанія галоўнага
героя перажывае хуткі рост з 20 супрацоўнікаў да 250-ці, што тлумачыцца буйным
ростам іх актываў і абаротаў. Але заўжды жадаецца больш. Тое, што павінна
стрымліваць — законы фінансавага сьвету — не бяруцца пад увагу. Рост, які
немагчыма кантраляваць. Карупцыя, якая зьядае цябе з сярэдзіны. Бліскучая роля
Леанарда Дзі Капрыё. Шыкоўны фільм для прагляду.
Нумар 2. Аднойчы ў Галівудзе (Once Upon a Time in... Hollywood). 2019
Апошні на гэты момант фільм Квэнціна Таранціна. Той самы момант, калі суперзоркі выстрайваюцца ў чаргу, каб трапіць у кадр да Таранціна, бо гэта амаль гарантаваны посьпех як на кінафэстах і ўзнагародах, так і сярод гледачоў. У стужцы з такой назвай не магло быць невядомых актораў. Тут і Леанарда Ды Капрыё, і Брэд Піт, і Марго Робі, і суцэльная глыба кіно Аль Пачына. Усе яны граюць некага з сапраўднай мінуўшчыны Галівуда канца 60-х гадоў.
Сюжэт закручаны вакол зоркі вэстэрнаў, які адчувае канец сваёй кар’еры, але спадзяецца праз новы ўдалы фільм «абнавіцца», а таксама яго вернага каскадзёра, які выконвае апроч усіх складанасьцяў на экране яшчэ і працу па дому.
Мы ўбачым крыху альтэрнатыўнае прачытаньне знакамітай гісторыі сэрыйнага забойцы Чарльза Мэнсана, адной з ахвяраў якога была жонка Рамана Паланскі.
Нумар 1. Я, Тоня (I, Tonya). 2017
Зімовы фільм пра фігурнае коўзаньне. Стужка заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця знакамітай Тоні Гардзінг — дзяўчынкі з глухой амэрыканскай правінцыі, чыя маці жорсткай рукой і словам прымушала яе наведваць секцыю ў лядовым палацы. Ці была гэта вычваральная праява матчынай любові ці спроба ўласнай самарэалізацыі (маці працавала ўсё жыцьцё афіцыянткай) – паспрабуйце даць свой адказ.
Выбітнае выкананьне ролі Тоні ад Марго Робі прымусіць вас закруціцца разам зь ёй у патройных тулупах і іншых найскладаных элементах фігурнага коўзаньня. Мара ўсяго жыцьця галоўнай гераіні — залаты мэдаль на Алімпійскіх гульнях. Падаецца, у яе ёсьць някепскія шанцы. Давайце сачыць.
Прыемнага прагляду!