Таямніца віленскай катэдры

Насустрач войскам нацысцкай Германіі, якія 1 верасня 1939 года ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы, 17 верасня, кіруючыся пактам Молатава-Рыбентропа, на землі Заходняй Беларусі і Украіны рушыла Чырвоная Армія. Беларускія тэрыторыі аб’ядноўваліся ў складзе савецкай дзяржавы, а лёс старажытнай літоўска-беларускай сталіцы Вільні, якая на некалькі дзён была адміністрацыйна ўключана ў склад савецкай Беларусі, вырашаўся на карысць далучэння да літоўскай дзяржавы. (На здымку: Вільня, Кафедральны сабор, фасад, сучасны выгляд)



1019c8091693ef5c5f55970346633f92.jpeg

Насустрач войскам нацысцкай Германіі, якія 1 верасня 1939 года ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы, 17 верасня, кіруючыся пактам Молатава-Рыбентропа, на землі Заходняй Беларусі і Украіны рушыла Чырвоная Армія. Беларускія тэрыторыі аб’ядноўваліся ў складзе савецкай дзяржавы, а лёс старажытнай літоўска-беларускай сталіцы Вільні, якая на некалькі дзён была адміністрацыйна ўключана ў склад савецкай Беларусі, вырашаўся на карысць далучэння да літоўскай дзяржавы.

(На здымку: Вільня, Кафедральны сабор, фасад, сучасны выгляд)


Зніклы скарб
Менавіта ў гэтыя дні клір старажытнай віленскай катэдры, галоўнага каталіцкага храма ВКЛ, як і кіраўніцтва Віленскай архідыяцэзіі, у прадбачанні немінучай катастрофы, якой мусіла зрабіцца ліквідацыя царкоўнай інфраструктуры ў Заходняй Беларусі і Літве, а таксама закрыццё храма для вернікаў, вырашала апошнія бягучыя праблемы. Сярод іх і тую, якая дала матэрыял для гэтай публікацыі. Пакінуўшы Вільню, па заканчэнні вайны, у 1945 годзе, у Беластоку нешматлікія ацалелыя канонікі кафедральнай капітулы далучыліся да «Віленскай архідыяцэзіі ў Беластоку», абвясціўшы сябе сябрамі віленскай капітулы ў эміграцыі.
Частка сябраў капітулы не перажыла вайну, астатнія ўпарта маўчалі, і, здавалася, за ім былі назаўсёды пахаваныя таямніцай падзеі верасня 1939 года. У тым ліку і лёс скарбніцы катэдры, знакамітага збору найкаштоўнейшага царкоўнага начыння і ўбрання, якое збіралася пры храме цягам шасці стагоддзяў. Сотні залатых і срэбных манстранцаў і келіхаў, паціраў і даразахавальніц мастацкай работы — працы майстроў Заходняй і Цэнтральнай Еўропы і мясцовых мастакоў, шэдэўры ўсіх высокіх еўрапейскіх стыляў ад готыкі да класіцызму, падарункі ўсіх значных магнацкіх родаў ВКЛ, вялікакняскай сям’і і саноўных візіцёраў Вільні, за выключэннем нязначнай часткі прадметаў, здавалася, зніклі назаўсёды, разышоўшыся, бы дым у паветры.
Пачатак пошуку
Аднойчы, а было гэта ў 1961 годзе, на нарадзе музейных супрацоўнікаў намеснік міністра культуры ўжо савецкай Літвы Вітаўтас Якінайціс паставіў пытанне пра тое, каб музеі больш шчыльна цікавіліся лёсам каштоўнасцяў, вядомых па архіўных апісаннях і зніклых у гістарычна нядаўні час. А прафесар Повілас Галауне, патрыярх літоўскай музейнай справы, які пачынаў сваю творчую працу са стварэння знакамітага музея Чурлёніса ў Каўнасе, прапанаваў размеркаваць паміж музеямі сферы дзейнасці, каб кожная ўстанова займалася канкрэтнымі гісторыямі знікненняў.
Так скарбніца віленскай катэдры ўвайшла ў сферу цікаўнасці Мастацкага музея Літвы, што было цалкам натуральна, улічваючы, што па вайне катэдра юрыдычна лічылася яго філіяй. І гэта рашэнне, паміж іншага, у выпадку знаходжання клада, магло дапамагчы захаваць яго ў Вільні — месцы, якому скарбы належалі гістарычна. Бо каб шукалі ўсе разам, вельмі вялікім быў шанец перадачы каштоўнасцяў у піцерскі Эрмітаж або маскоўскую Аружэйную палату — паводле агульнай для СССР практыкі размеркавання найважнейшых мастацкіх каштоўнасцяў.
Але што было ў руках даследчыкаў? І з чаго яны пачалі свой пошук? Захаваліся вопісы. Першы быў зроблены ў 1552 годзе на замову біскупа Паўла Гальшанскага, але фрагментарны, з апісаннем належнасці толькі дзвюх капліц — вялікакняскай і Гаштаўта. Другі, 1598 года, складзены пад кіраўніцтвам дэкана капітулы Мікалая Дэцыя, значна больш падрабязны, з пералікам каштоўнасцяў галоўнай сакрыстыі і шасці бакавых капліц — прадметы з каштоўных металаў, царкоўны посуд, кнігі — поўная яго рэпліка захоўваецца ў Бібліятэцы віленскага універсітэта. У пашыраным у 1626 годзе спісе пералічваліся шэдэўры калекцыі гатычных, рэнесансных і раннебарочных часоў. Пазнейшыя інвентары і візітацыі катэдры, якія паказвалі развіццё і далейшае ўзбагачэнне збору, як і змяненне яго складу ў выніку ваенных падзей і шкоды ад пажараў, рэгулярна складаліся да 1830 года ўключна.

Вялікая манстранцыя Альберта Гаштаўта з
Геранён. 1535, Вільня. Вышыня — 150 см


Захаваныя ў рукапісных аддзелах Віленскага універсітэта, Літоўскай акадэміі навук і гістарычнага архіва, яны давалі даследчыкам вартасны матэрыял па гісторыі збору. Праўда, пасля паўстання 1830–1831 гадоў і рэпрэсій, якія абрынуліся на каталіцкую царкву, віленская капітула дзейнічала больш абачліва, не складаючы падрабязнай дакументацыі, каб пазбегнуць канфіскацыі лёгка даступных твораў. Затое гэта паўстанне, як і падзеі 1863–1864 гадоў, паспрыялі таму, што са шматлікіх зачыненых беларускіх і літоўскіх касцёлаў да катэдры ў Вільню, пад покрывам таямніцы, звозіліся новыя і новыя шэдэўры. Укрыжаванні, дэкараваныя абкладамі і каштоўнасцямі абразы, келіхі і паціры, ампулкі для вады і віна і іншы посуд, падарункі-воты для святынь, лампадкі, святарскае аблачэнне — прадметы дзесяткамі і сотнямі траплялі да катэдры. Прадметаў назапасілася столькі, што на мяжы XIX і ХХ стагоддзяў, захаваныя часткова ў Скарбніцы, былі прадстаўлены агляду не толькі вернікаў, але і іншых наведнікаў. Ад першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя захаваліся фотаздымкі шэдэўраў катэдральнага збору.
Аднак — насуперак наяўнай дакументацыі, насуперак намаганням шматгадовага дырэктара Мастацкага музея Рамуальдаса Будрыса, супрацоўнікі якога вялі пошук звестак пра катэдральныя скарбы ў архівах і бібліятэках Літвы, Польшчы, Расіі, Беларусі, — самога скарбу як не было.
Замураваны скарб
Надышоў 1985 год. У катэдры праводзілася мадэрнізацыя, (з дапамогай шведскай фірмы мусіла быць пастаўленае новае кліматызацыйнае абсталяванне). Падрыхтоўчыя работы выконвалі спецыялісты музея пад кіраўніцтвам Рамуальдаса Будрыса і шматгадовага даследчыка храма археолага Напалеонаса Кіткаўскаса. Спецыялісты каўнаскага політэхнічнага інстытута вялі ультрагукавое сканаванне кладкі сабора над сутарэннямі яшчэ гатычнага часу, не кранутымі пазнейшымі перабудовамі, у якіх мусілі акуратна пралегчы новыя паветравыводныя каналы. І вось раптам, у сцяне каля капліцы Гаштаўта, размешчанай направа ад увахода ў касцёл, у калодзежы лесвічнага сходу абследаванні выявілі таямнічую закладзеную сценкай нішу.
Як сцвярджае Будрыс, ніхто з некалькіх чалавек, дапушчаных да даследавання, адразу не падумаў пра скарбніцу. Хіба — не паверылі ў нечаканы поспех. Але падрыхтаваліся да ўсялякага магчымага, і ўскрыццё прымеркавалі да даты, якую вельмі добра запомніў Кіткаўскас — 23 сакавіка, дзень нараджэння яго сына. Выходны дзень, калі ў касцёле-музеі наведвальнікаў не было. Падрыхтавалі спецыяльныя скрыні, пячаткі, усё неабходнае для таго, каб скласці вопісы магчымай знаходкі. Атрымалі дазвол міністэрства культуры: аформілі ўсё так, як мае быць, калі належнае вяртаецца свайму гаспадару.
Зноў замуравалі
Будрыс з Кіткаўскасам, а разам з імі яшчэ толькі 2 чалавекі — археолаг Йозас Стасюлайціс і спецыяліст міністэрства Стасіс Чыпкус — адчынілі нішу. І ўбачылі тое, што чакалі, — каля 270 галоўных шэдэўраў катэдральнай скарбніцы. У святле ліхтароў пералівалася золата і срэбра, зіхацелі каштоўныя камяні. Цэлая ноч з суботы на нядзелю пайшла на тое, каб скласці падрабязны спіс каштоўнасцяў, інвентарызаваць, і, склаўшы ў скрыні, апячатаць. Наступны дзень — перавезці на службовай машыне, самастойна пагрузіўшы ўсе пакункі, у сховы галоўнага будынку музея, які месціўся тады ў віленскай ратушы. І — зноў замураваць у патаемным памяшканні. Да лепшых часоў. Не, усё афармлялася законна, як унутрымузейная працэдура — прынялі творы мастацтва на захаванне. Але да пары да часу звесткі пра знаходку не пайшлі за межы вузкага кола асоб. Колькі чалавек з мясцовага КДБ. Міністр культуры, Ёнас Білініс. Загадчык ідэалагічнага сектара ЦК Літвы Леонгінас Шэпеціс. Вітаўтас Ландсбергіс. Другога сакратара ЦК, у часы СССР — абавязковую наменклатуру Масквы, пра падзеі не паінфармавалі. Літовец у Шэпецісе перамог функцыянера.
Білініс паставіў на спісе рэзалюцыю: «Знаходкі катэдры залічыць на баланс музея як музейныя каштоўнасці».
І, як не дзіўна, інфармацыя не выйшла за вузкае кола. Зберагальнікі скарбу перажылі час, калі Гарбачоў наведваў Польшчу, спадзеючыся, што таямніца не дазволіць ставіць пытанне пра скарб як былую польскую культурную спадчыну. Перажылі і штурм віленскай тэлевежы савецкімі танкамі, распад СССР і аднаўленне літоўскай незалежнасці. І толькі пад канец 1990-х, пасля рэстаўрацыі, навуковай апрацоўкі, каталагізацыі — выйшаў з друку шыкоўны альбом «Скарбніца віленскай катэдры», а творы сустрэліся з аматарамі прыгожага. У 1998 годзе — дэманстрацыя для царкоўных і палітычных лідэраў і мас-медыя. А ў 1999 годзе — выстава «Хрысціянства ў мастацтве Літвы». Упершыню за межамі Вільні скарбніца пабывала летам 2008 года ў Каралеўскім замку ў Варшаве, восенню-зімой — на Вавеле ў Кракаве.
Канец таямніцы
Трэба спадзявацца, што калі-небудзь скарбніца пабывае і ў Беларусі, і гэта вельмі пажадана не толькі таму, што Вільня — наша агульная культурная сталіца, гістарычна шматнацыянальны горад, а скарбы катэдры збіраліся ахвярамі заможных сем’яў з усяго ВКЛ. Калекцыі твораў залатых спраў майстроў — вельмі часта інтэрнацыянальныя з паходжання, бо лепшыя шэдэўры вырабляліся ў буйных еўрапейскіх гарадах, цэнтрах ювелірнага мастацтва. На творах з катэдры — клеймы рамеснікаў Гданьска, Рыгі, Кёнігсберга, Львова, Кракава, Варшавы, Аўгсбурга, Аахена, Вены, Парыжа, Бруселя, Фларэнцыі, Рыма, Пецярбурга. Але і Віленская школа залатых спраў майстроў — ад XV да ваеннай катастрофы сярэдзіны XVII стагоддзя, войнаў са Швецыяй і Масковіяй, перажывала росквіт, сведчаннем чаму адзін са старажытнейшых твораў калекцыі — рэлікварый св. Станіслава. У XVI–XIX стагоддзях перажывалі творчы ўздым і майстэрні Коўна, Гродна, Берасця, Наваградка, Мінска. Вялікая залатая манстранца, найлепшы шэдэўр калекцыі, твор 1535 года, выраблены ў Вільні, — колішняя ахвяра па тэстаменце канцлера ВКЛ Альберта Гаштаўта (пам. у 1539 г.) у Мікалаеўскі касцёл, збудаваны ў пачатку XVI стагоддзя ў Геранёнах. Рэлікварый св. Язафата Кунцэвіча унікальны тым, што захаваў форму саркафага святога, выкананага з суцэльнага срэбра ў XVII стагоддзі ў Гданьску і да сёння не захаванага.

Рэлікварый св.Станіслава, канец XIV
— XV стагоддзі, падножжа — пачатак XVI
ст., рэстаўравана ў 1735 г. Вытворчасць
— Вільня або Цэнтральная Еўропа


Адным словам, лёс скарбніцы Віленскай катэдры дае нам некалькі прыкладаў. Па-першае, таго, як зберагаць і захоўваць, нават рызыкуючы выгодамі асабістых кар’ерных лёсаў — нацыянальныя багацці. І рупліва вяртаць іх да жыцця, праслаўляючы культурную спадчыну народа. Вяртаць, нарэшце, усё на свае месцы — бо, як кажа Будрыс, няважна, ці належыць скарбніца царкве, ці музею — яна ў Вільні. А нам варта ведаць і папулярызаваць у Беларусі гістарычную сувязь гэтай калекцыі з нашай культурай — пра што кажуць і самі творы, і архіўныя дакументы.