Свята з нацыянальным каларытам

“Ласавацца — не стамляцца! — такім быў слоган Другога цукеркавага свята, якое 25 чэрвеня, цяпер ужо традыцыйна, прайшло ў гарадскім пасёлку Івянец. Ініцыятарамі і арганізатарамі фэсту сталі вядомая беларуская паэтка, пісьменніца і этнограф Антаніна Хатэнка ды цукеркавая фабрыка “Івкон.



723dadb8c699bf14f74503dbcb6e09c1.JPG

“Ласавацца — не стамляцца! — такім быў слоган Другога цукеркавага свята, якое 25 чэрвеня, цяпер ужо традыцыйна, прайшло ў гарадскім пасёлку Івянец. Ініцыятарамі і арганізатарамі фэсту сталі вядомая беларуская паэтка, пісьменніца і этнограф Антаніна Хатэнка ды цукеркавая фабрыка “Івкон.
Распачалося свята на івянецкай Плошчы Свабоды, паміж мясцовым выканкамам і праваслаўным саборам Ефрасінні Полацкай. Дарэчы, Івянец славіцца і сваімі двума вельмі прыгожымі касцёламі — Святога Аляксея (чырвоны касцёл) і Святога Міхаіла (белы касцёл), якія ўваходзяць у так званае “залатое кола Міншчыны.
Ужо апоўдні на плошчы сабраліся сотні месцічаў і гасцей, якія адмыслова прыехалі на івянецкае “салодкае свята. Іх сустракалі сярэднявечныя ваяры ў рыцарскім рыштунку, маладзёны, апранутыя ў княжацкія строі, а таксама маладыя акторы, пераўвасобленыя ў герояў беларускіх легенд і паданняў, у рознага кшталту нячысцікаў, русалак ды іншых міфічных істот.
Для дзяцей зладзілі гульні з нацыянальным ухілам, з элементамі фальклору. Дарэчы, і дарослыя не стаялі побач, але таксама актыўна далучаліся да дзеяў. Роўна а 15-й гадзіне народ рушыў да сядзібы Пятра Драгунцава. Там ужо іх чакалі рознага кшталту забавы — жадаючыя маглі пагуляць у валейбол, пакідаць баскетбольны мяч у карзіну альбо высветліць, хто мацнейшы, паспрабаваўшы сваю сілу ў армрэслінгу. Дзецям асабліва падабалася біцца з рыцарамі гумавымі дрынамі, і трэба адзначыць, не заўжды рыцары выходзілі пераможцамі ў гэтых баталіях. Тут жа, ля сядзібы, дзясяткі людзей развучвалі беларускія нацыянальныя танцы (“Падыспань ды іншыя), а потым вельмі паспяхова іх выконвалі.

У госці да Пана Драгунцава


Па словах Антаніны Хатэнкі, ідэя фестывалю — “салодкая. “Каб вандроўка ў гісторыю, у такія далёкія паданні, як узнікла гэтае мястэчка, сталася салодкай, казачнай, фантастычнай. На адзін дзень мы апынаемся ў зусім іншым свеце, у свеце мрояў, у свеце надзей, у свеце асалоды, — распавядае спадарыня Антаніна. — На адзін дзень да нас павяртаюцца князі, якія некалі валодалі Івянцом, графы Тышкевічы, якія тут таксама былі валадарамі, а ўсё гэта вядзе пан Драгунцаў — апошні гаспадар сядзібы. Ідэя фэсту прыйшла мне як прыватнай асобе, я прапанавала “Івкону, і яны пагадзіліся. Сёлета фестываль пашырэў, мы зрабілі шмат пляцовак, якія працуюць аўтаномна, і кожны можа абраць сабе на густ тое, што яму даспадобы. Бальшыня з тых, хто тут прысутнічае, гэта моладзь, якая ўжо празнала пра фестываль, якую заманьвае такая ідэя, каб знайсці чароўную цукерыну “Світаль — а можа, яна заменіць чароўную Папараць-кветку, каб паўплываць на лёс, на вынаходжанне суджанага, на добрую долю, на каханне? Калі мы ямо цукеркі? Калі свята, калі сустрэча, на вяселле. У цукерыну вераць як у такую з’яву вельмі насалодную, радасную, светлую і нават абнадзейную.

Нячаста ўдаецца пабіцца з сапраўдным рыцарам


Народныя ўмельцы паказвалі, як трэба займацца ткацтвам, разьбярствам і кавальствам, рабіць гліняныя жбанкі, вышываць і плесці. А іншыя адмыслоўцы вучылі гатаваць беларускія нацыянальныя стравы (напрыклад, бліны з мачаннем) і напоі (кшталту крупніка). Адным словам, кожны знайшоў сабе справу па душы. А “Івкон, канешне ж, частаваў усіх сваёй салодкай прадукцыяй.
Бліжэй да вечара пачаўся канцэрт. Сваю творчасць гасцям і месцічам прадэманстравалі як тутэйшыя фальклорныя калектывы, так і музыкі больш сучасных творчых накірункаў — ад чыста этнічнага Пана Скіргайлы з ягонай непаўторнай дудой, “Гуды да больш сучасных гуртоў — “Acva profundum, “Рэха, “Дзівасіла, “Vain dreams, некаторых іншых. Моладзь танчыла, скочыла і забаўлялася ля вогнішчаў, а завяршылася свята неверагодным па прыгажосці фаер-шоў.
Арганізатары абяцаюць, што Трэцяе цукеркавае свята ў Івянцы абавязкова адбудзецца ў наступным годзе.