Стэфан Эрыксан: «Калі пачуў пра Нобелеўскую прэмію для Беларусі — закрычаў»
Стэфан Эрыксан правёў у Беларусі сем год разам з жонкай і дзецьмі. Быў першым кіраўніком дыпламатычнага прадстаўніцтва Швецыі. Вывучыў беларускую мову лепш за многіх беларусаў, пасябраваў з пісьменнікамі, паэтамі і музыкамі і паспеў заваяваць любоў грамады.
Калі ў 2012 годзе беларускія ўлады вырашылі не працягваць Эрыксану дыпламатычную акрэдытацыю, гэта азначала выгнанне. Цяпер Стэфан Эрыксан — нобелеўскі аташэ сёлетняй лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Ён адказны за яе знаходжанне ў Стакгольме, паўсюль суправаджае яе і, як выглядае, надзвычай шчаслівы сваёй пасадай.
«Я ўпэўнены, што Беларусь шмат чаго можа прапанаваць Еўропе. Але галоўнае, каб беларусы самі цанілі сваё» , — кажа Стэфан ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" ў адным з пакояў «Гранд-атэлю» ў цэнтры Стакгольма, дзе жывуць нобелеўскія лаўрэаты.
— Вы, відаць, ужо не дзівіцеся, калі вас называюць «амбасадарам беларускай культуры» ў Еўропе, а пасля таго, як Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, то і ў свеце. Але нашае першае пытанне ўсё ж пра нобелеўскую лаўрэатку, якую вы суправаджаеце на працягу Нобелеўскага тыдня ў Стакгольме. Як Святлана правяла гэтыя дні?
— Вы прысутнічалі з самага пачатку, нават прыляцелі разам з ёю. Фактычна ўсё, думаю, бачылі. Канечне, праграма даволі цяжкая, бо шмат журналістаў хочуць сустракацца. Сёння была прэс-канферэнцыя. Але я думаю, што спадарыня Святлана знаходзіць сілы, каб гэта правесці. Канечне, гэта для яе вялікая падзея, як і для нас усіх, хто прымае ў гэтым удзел.
— Вядомая афіцыйная праграма, але апроч яе хтосьці выказаў жаданне асабіста сустрэцца са Святланай?
— У праграме ёсць абавязковая частка — гэта ўзнагароджанне, святочная вячэра пасля яе, таксама будзе вячэра ў Каралеўскім палацы. Гэта самае галоўнае, але спадарыня Святлана пагадзілася яшчэ на некаторыя пункты ў праграме. У панядзелак адбудзецца размова з міністрам замежных спраў Швецыі Маргот Вальстрэм. Да гэтай падзеі вялікая цікавасць.
Будзе таксама наведванне школы ў нашых прыгарадах, якое традыцыйна прапануецца ўсім лаўрэатам па літаратуры. Канечне, адбываюцца асабістыя сустрэчы з людзьмі, якія блізка знаёмыя са Святланай. Гэта яе выдавецтва, напрыклад, фатограф Марыя Сёдэрбэрг (арганізатарка дзён беларуска-шведскай культуры ў Беларусі — РС.). Гэта тыя людзі, якія шмат гадоў з ёй працуюць.
— Вось калі казаць пра шмат гадоў, то бадай не сакрэт, што Швецыі можна прыпісаць галоўную заслугу ў тым, што Святлана атрымала Нобелеўскую прэмію. Тут варта згадаць намаганні Шведскага ПЭН-цэнтра, які наміноўваў Святлану на прэмію, і ўсіх тых людзей, якія былі побач. Вы маглі б распавесці, як гэта адбывалася, колькі год заняло, хто ў гэтым удзельнічаў?
— Перш за ўсё гэта заслуга Святланы, бо гэта яе творы атрымалі ўвагу Нобелеўскага камітэту. У свеце шмат прыстойных літаратараў, і нават Шведская акадэмія не можа чытаць усё, што пішацца. І шмат залежыць ад таго, што даступна на мовах, на якіх чытаюць у Шведскай акадэміі. Усіх пералічыць цяжка. Канечне, гэта выдавецтва і агент Святланы. Яе кнігі даволі рана выйшлі па-шведску і выклікалі вялікі інтарэс у шведскіх чытачоў. Гэта зрабіла адно маленькае выдавецтва «Эрзац». Іх заслуга шмат у чым, бо яны верылі, што гэта прыстойная літаратура, што трэба яе перакладаць, і выдалі ўсе пяць кніг утопіі пра «чырвонага чалавека».
Таксама Святлана два, калі не памыляюся, гады жыла ў Гётэборгу. Тады таксама склалілся добрыя адносіны са Швецыяй. Вы таксама ведаеце, што развіваліся літаратурныя стасункі. Прыязджала шмат шведскіх літаратараў у Беларусь. Марыя Сёдэрбэрг, у тым ліку, арганізоўвала вандроўкі. Прыязджала ў Беларусь сябра Шведскай акадэміі Катарына Фростэнсан.
Тут цяжка казаць, што было самым галоўным. Натуральна, у аснове гэтай прэміі якасная літаратура, і гэта найперш заслуга Святланы.
— На плошчы перад Нобелеўскім музеем я пыталася людзей, ці ведаюць яны Святлану Алексіевіч. І першы літаральна хлапец адказаў мне «так, я чытаў дзве яе кнігі па-шведску». Я была вельмі ўражаная, бо калі з такім пытаннем выходзіш на вуліцы Менску, рэдка сустрэнеш чалавека, які цэлыя дзве кнігі Алексіевіч прачытаў. Ці стаўленне да твораў Алексіевіч і да яе постаці ў Швецыі адрозніваецца ад таго, як, як вам падаецца, да яе ставяцца ў Беларусі.
— Сапраўды, у Швецыі шмат людзей чыталі яе кнігі. Не кожны год бывае так, што абвяшчаюць нобелеўскага лаўрэата па літаратуры, і людзі ведаюць, хто гэта. Але сёлета так. У тым ліку міністр замежных спраў таму і захацела правесці размову са Святланай, бо прачытала яе кнігі. Нельга сказаць, што гэта масава, але шмат людзей, якія цікавіцца літаратурай, знаёмяцца з яе творамі.
Тыя балючыя тэмы, пра якія піша Святлана, для нас трохі на адлегласці. Беларусы, былыя жыхары Савецкага саюза, перажылі гэта больш, чым мы. Але ўсё роўна працэсы, пра якія распавядае Святлана, аказваюцца вельмі важнымі і для нашых людзей. Яны нас кранаюць. Нашая краіна прайшла іншы шлях. «Чырвонага чалавека» да такой ступені мы не мелі. Але падобныя тэндэнцыі былі. Таму, думаю, тое, пра што Святлана піша, для нас з'яўляецца вельмі актуальным.
— Ці ёсць у вас тлумачэнне, чаму беларуская ўлада заняла пазіцыю ігнаравання нобелеўскай лаўрэаткі і самога факту надання ёй прэміі?
— Я бадай не той чалавек, які можа адказаць на гэтае пытанне. Ведаю, што большасць беларусаў успрынялі навіну пра прэмію Святланы вельмі станоўча. Гэта стала для людзей сапраўднай падзеяй. Канечне, усім, асабліва ў нашыя часы, патрэбныя добрыя навіны. Для любой краіны гэта вялікая падзея. Людзі цешацца гэтай навіне. Мяне гэта таксама вельмі радуе.
— Шмат кажуць пра тое, што Нобелеўская прэмія для беларускай аўтаркі — гэта шанец для ўсяго свету, і для беларусаў найперш, паглядзець на Беларусь па-новаму. Перастаць быць «апошняй дыктатурай Еўропы», якой мы воляю лёсу ўжо нават і перасталі быць, а стаць краінай Нобелеўскага лаўрэата. Ці зменіцца пасля гэтага стаўленне да Беларусі ў свеце?
— Перш за ўсё гэта вельмі важны момант для саміх беларусаў. Для мяне гэтая ўзнагарода — доказ таго, што Беларусь з'яўляецца часткай Еўропы і астатняга свету. Што тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, гэта цікава і важна. Гэта крок збліжэння Беларусі з астатнім светам. Бо ў чымсьці падзеі ў Беларусі развіваліся трохі ізалявана.
Я магу толькі казаць пра Швецыю. Канечне, былі людзі, якія добра ведалі пра Беларусь. Мабыць, у Швецыі нават больш, чым у сярэдняй еўрапейскай краіне. Але натуральна гэтая падзея пашырыць вядомасць не толькі Святланы Алексіевіч. Таксама людзі будуць больш ведаць пра краіну Беларусь. Гэта сапраўды шанец для краіны стаць еўрапейскай.
— Як вы правялі гэтыя тры гады і як вам удалося не тое што не забыцца, а нават удасканаліць беларускую мову?
— Я нікуды не падзеўся. Працягваю працаваць у шведскім МЗС. Ужо не наўпрост па беларускім накірунку. Але сем гадоў жыцця — гэта даволі шмат. Таму інтарэс да таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне захаваўся. Дзякуючы Фэйсбуку і іншым сацмэдыям можна, так сказаць, быць часткай падзеяў, нават калі знаходзішся за мяжой.
А з мовай так атрымліваецца, што шмат беларусаў прыязджаюць сюды. Калі не кожны тыдзень, то кожны месяц я маю радасць сустракацца з беларускімі знаёмымі, сябрамі. Такім чынам імкнуся падтрымліваць мову на ўзроўні.
— Ці вы не трымаеце крыўды на Беларусь за тое, што вам давялося пакінуць яе супраць волі?
— Ведаеце, я не злапамятны. Па-руску ёсць такая прыказка «на обиженных воду возят». Я да канца так і не зразумеў, пра каго так гавораць, але мне падабаецца. Таму я рэдка крыўдую.
Я калі даведаўся пра ўзнагароду з прамога эфіру на пачатку кастрычніка, то закрычаў нават так, што калегі падумалі, што нешта адбылося. Для мяне асабіста вельмі прыемна, што я магу прынесці карысць цяпер спадарыні Святлане у якасці нобелеўскага аташэ. Склалася такая традыцыя, што шведскі МЗС прадстаўляе нобелеўскаму камітэту дыпламатаў, якія суправаджаюць лаўрэатаў падчас Нобелеўскага тыдня. Шчыра кажучы я спачатку падумаў, што, можа, не варта. Але калегі пераканалі, што трэба абавязкова прасіцца на такое заданне. Зараз я не шкадую, а для мяне гэта вялікі гонар, што я магу быць карысны для Святланы падчас яе знаходжання тут у Швецыі.