Пісьменнік у пагонах, які разганяе мітынгі
Барыс Пятровіч выдаў кнігу цудоўнай прозы.
Барыс Пятровіч. Фота Сяргея Гудзіліна
Барыс Пятровіч. Спакушэнне. Апавяданні розных гадоў. — Мінск: Кнігазбор, 2013 — 340 с.
Помню, як у 2004 годзе школьнікам наведаў у Маладзечне сустрэчу з рэдакцыяй часопіса «Дзеяслоў». Прыехалі Барыс Пятровіч і Эдуард Акулін. Абодвух ведаў толькі як рэдактараў, але не як сучасных беларускіх пісьменнікаў.
З той сустрэчы ў мяне захавалася кніга Барыса Пятровіча «Фрэскі». Сціплае выданне 1998 года. Але менавіта яно стала для мяне адкрыццём.
А пісаць можна не толькі пра вёску, вайну, мінуўшчыну, але і на тэмы больш абстрактныя (школьная праграма не прадугледжвала мадэрновай прозы, а з вучнёўскай парты геніяльнымі сучаснікамі лічыш хіба Быкава і Караткевіча). І я быў уражаны Пятровічавымі «Небам пад нагамі і вакол», «Спакушэннем»...
І вось цяпер у Барыса Пятровіча выйшла кніга выбраных апавяданняў, у якую ўвайшлі таксама шэсць «свежых» твораў. Новае прачытанне пісьменніка не прынесла расчаравання. Томік выбаранага толькі засведчыў, што гэты выдатны аўтар аднолькава цікава чытаецца і ў падлеткавым узросце, і пазней.
Ягоныя апавяданні захапляюць непрадказальнасцю канцоўкі.
І пачынаеш уяўляць карцінку, як тое можа здарыцца ў жыцці, альбо ў думках працягваеш развіваць сюжэт.
Апавяданні не аднолькава закручаныя. Адны трымаюць увагу ад пачатку і да канца, іншыя не настолькі захапляюць. Але калі б усе творы былі роўнымі, то хутка перасыцішся. А так пастаяннае напружанне і супярэчлівыя эмоцыі прымушаюць па-рознаму рэагаваць. І чаканне, што вось-вось цябе накрые новае хваляй нечаканага павароту. Так у выніку і адбываецца.
Барыс Пятровіч — найперш пісьменнік малой формы (фрэскі). І піша ён мала. Вядома, шмат сілаў і часу займае рэдагаванне часопіса «Дзеяслоў», а з 2011 і праца на чале Саюза беларускіх пісьменнікаў (хаця да гэтага ён быў намеснікам старшыні). І калі бачу яго новыя творы ў друку, магу толькі парадавацца. Хай кніжак не будзе шмат, але раўняюцца яны на «Спакушэнне».
Набыць кнігу можна тут.
Сяргей Макарэвіч, nn.by