Пакутны шлях у Шамбалу

У новай прыватнай мастацкай галерэі «Дом карцін» у Мінску — чарговая сенсацыйная выстава. З 4 сакавіка па 16 красавіка там адбываецца праект «Шлях у Шамбалу».

7b_logo.jpg

Праект прадстаўляе гледачам будысцкае мастацтва XVIII-XIX стагоддзяў: маляваныя скруткі (тангкі) і скульптуру, што цудоўным чынам пазбеглі «знішчальнага полымю камуністычнага атэізму» з разбураных храмаў і манастыроў (дацанаў) на тэрыторыі СССР — пераважна Бураціі, Забайкалля, Тувы, Калмыкіі.

Галерэя «Дом карцін» узнікла адносна нядаўна, 9 верасня 2015 года, і за кароткі час паспела зрабіцца прыкметнай з’явай у культурным жыцці сталіцы. Яна назапасіла калекцыю прац выдатных беларускіх жывапісцаў, народных мастакоў Беларусі, паспела прадставіць гледачам сусветна вядомых творцаў: Пабла Пікаса, Хуана Міро, Васіля Кандзінскага. Уражвае і колькасць наведнікаў — больш 40 тысяч чалавек за першы год. У значнай ступені такая лічба дасягнутая за кошт правядзення  асветніцкіх праграм — экскурсій і лекцый з гісторыі мастацтва. Такі стыль захаваецца пад час праекту «Шлях у Шамбалу», бо шмат чаго гледачы ўбачаць і пачуюць тут упершыню.

Унікальную калекцыю сабраў мінскі калекцыянер Сяргей Высоцкі, а прадстаўляў яе расійскі эксперт Міхаіл Грыгор’еў, сам з 1993 года практыкуючы будыст. Апошні ўдзельнічаў у прэзентацыі падобных праектаўу некалькіх гарадах Расіі пад назвамі «Скарбы Будызму», «Загадкавы Тыбет», «Ступа, якая выконвае жаданні», «Будызм у сучасным свеце»... Досвед эксперта ўражвае: Грыгор’еў некалькі разоў наведаў Індыю і Непал, быў ва ўсіх традыцыйных для будыстаў мясцінах паломніцтва, атрымаў настаўленні ад шанаваных настаўнікаў тыбецкага будызму. Грыгор’еў лічыцца майстрам Алмазнага шляху — адной з трох варыяцый выспавядання будызму, Ваджраяны (Алмазнай калясніцы), найбольш пашыранай на тэрыторыі сучаснай Расіі.

Ваджраяна ўзнікла не ў VI стагоддзі да нашай эры (як першапачатковы будызм), а ў V стагоддзі нашага часу, вылучыўшыся з Махаяны, і распаўсюдзілася з Тыбету праз Манголію у Туву, Бурацію і Калмыкію. Практыка ў сістэме Ваджраяны прадугледжвае атрыманне спецыяльнага амавення (абхішэкі) у суправаджэнні настаўленняў ад гуру, які дасягнуў рэалізацыі. Галоўны сродак прасвятлення ў Ваджраяне — тайная мантра. Іншыя метады — йагічная медытацыя, візуалізацыя вобразаў медытатыўных бостваў. Гэтаму і дапамагаюць іконы-скруткі (тангкі), прадстаўленыя на выставе.

У Расіі разам з хрысціянствам, суніцкай версіяй ісламу і іудаізмам будызм зараз лічыцца традыцыйнай рэлігіяй. Аднак відавочна, што пашыраны ён не на аўтахтонных землях, а ва «ўнутраных калоніях» — Калмыкіі, Сібіру. Фактычна, першыя будысты Расіі — калмыкі, якія на пачатку XVII стагоддзя былі змушаны прыняць расійскае падданства. Прыкладна ў той час будызм з Тыбету пашырыўся ў Бураціі. Таму лёс будызму «пад расійскім скіпетрам» быў амаль настолькі ж цяжкі, як і лёс беларускіх грэка-католікаў.

Міхаіл Грыгор'еў

Міхаіл Грыгор'еў

Праўда, знішчаны ў Расіі будызм быў не адразу. І нават у 1764 годзе Кацярына II заснавала пост Пандыта-хамба-ламы — кіраўніка будыстаў Усходняга Сібіру і Забайкалля. Да 1917 года дзейнічала 44 манастыра-школы (дацана), 144 малых храма. Усё гэта перакрэслілі 1930-я гады, значная колькасць вернікаў і манахаў загінула, усе ўстановы былі зачыненыя. Самая трагічная гісторыя — рэпрэсіі супраць калмыцкага народа, абвінавачанага ў недастатковай вернасці Чырвонай арміі пад час Другой сусветнай вайны (лета 1942 — студзень 1943). У снежні 1943 года да 98 тысяч калмыкаў — усё насельніцтва — было дэпартавана ў Сібір, загінула больш 40 тысяч чалавек. Толькі ў 1956 годзе калмыкаў «рэабілітавалі», і дазволілі ім вярнуцца ў Паволжа. Калі людзей тэрмінова вывозілі ў вагонах для ската, галоўнае, што яны паспявалі захапіць з сабою, былі тангкі, якімі вернікі абкручвалі сябе, мацуючы зверху вяроўкамі. «Калекцыянеры» ў дарозе здымалі тангкі з памерлых. Гэтыя тканіны-іконы, са слядамі вяровак, калі апошнім часам траплялі на выставы ў Калмыкію, выклікалі культурна-эмацыянальны шок у нашчадкаў. Так, за тым, што можна ўбачыць на выставе — не толькі даўняя рэлігійная традыцыя, але і гісторыя чалавечых пакут.

План працы праекта прадугледжвае нямала цікавых мерапрыемстваў. Пройдзе цыкл лекцый «Будызм — гісторыя і мастацтва Ўсходу» — 16, 23, 30 сакавіка, 6 і 13 красавіка, пачатак а 19-й гадзіне. Спецыяльныя экскурсіі па экспазіцыі — «Экскурсія ў Шамбалу» з Мікітай Монічам, куратарам выставы і супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея — адбудуцца 21, 28 сакавіка і 4 красавіка ў 18.30. Нарэшце, прадугледжаны дзіцяча-сямейны фармат наведвання — «Казкі бадарчына». Кожную нядзелю наведвальнікам будуць чытаць казкі пра Буду і Бадхісатву, будысцкіх бостваў (якіх каля 10 тысячаў!), знаёміць з асілкамі, якія баранілі родную зямлю, незвычайнымі жывёламі, што нават валодалі пачуццем гумару, мудрымі настаўнікамі, падарожнікамі, якія  шмат бачылі ў жыцціі. Казкі чытае Ірына Савелава — 19, 26 сакавіка, 2, 9, 16 красавіка, пачатак 13:00.


Нагадаем, што «Дом карцін» у дні выставы працуе чацвер-нядзеля з 12:00 до 21:00; тэлефон для даведак: +375 29 149 60 20

Фота аўтара