Падмурак кляштарнага храма XVI стагоддзя выявілі ў Лаўрышаве
Падмурак кляштарнага храма XVI стагоддзя знойдзены ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна, паведамілі ўдзельнікі валанцёрскага гісторыка-пошукавага лагера пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры Гродзенскай вобласці.
Каменны падмурак кляштарнага храма выяўлены валанцёрамі пры расчыстцы ад зараснікаў старых вясковых могілак, якія першапачаткова былі кляштарнымі.
Захаваліся ганак, контур бабінца, асноўнага памяшкання і алтарнай часткі. Усе выкладзена з валуноў, якія змацаваны вапнавым растворам, без ужывання цэглы. Капітальны падмурак быў разлічаны на высокую драўляную царкву даўжынёй больш за 12 м і шырынёй каля 6 м.
Царква належала Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру, які быў заснаваны ў XIII стагоддзі вялікім князем ВКЛ Войшалкам і вялебным ігуменам Елісеем Лаўрышаўскага. Найбольш верагодны час, да якога належыць падмурак, — XVI стагоддзе, калі манастыр дасягнуў найвышэйшага росквіту і ў дакументальных звестках названы лаўрай.
Чытайце таксама:
Таямніцы Беларусі: доўгі шлях да разгадак
У праваслаўным лагеры пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры на працягу двух тыдняў працавалі студэнты і старшакласнікі, многія з якіх і ў папярэднія гады ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках у Лаўрышава. Мяркуецца, што ў наступным годзе на расчышчанай пляцоўцы таксама будуць праведзены археалагічныя даследаванні.
Паводле БЕЛТА, zviazda.by