Па музеях і выставачных залах

У беларускім жывапісе апошніх трох-чатырох дзесяцігоддзяў ёсць імёны, якія сімвалізуюць сабою пэўныя базавыя з'явы ці накірункі ў нацыянальным мастацтве, свайго роду брэнды, значэнне, змест і сутнасць якіх не аспрэчваецца. Калі пад іх знакам адбываюцца выставы, цяжка чакаць дэманстрацыі рэвалюцыйнага прарыву ў сучасным творчым працэсе, але якасць зместу гарантавана. (На выяве: Ілона Касабука. Лілеі)



136f951362dab62e64eb8e841183c2a9.jpeg

У беларускім жывапісе апошніх трох-чатырох дзесяцігоддзяў ёсць імёны, якія сімвалізуюць сабою пэўныя базавыя з'явы ці накірункі ў нацыянальным мастацтве, свайго роду брэнды, значэнне, змест і сутнасць якіх не аспрэчваецца. Калі пад іх знакам адбываюцца выставы, цяжка чакаць дэманстрацыі рэвалюцыйнага прарыву ў сучасным творчым працэсе, але якасць зместу гарантавана.

(На выяве: Ілона Касабука. Лілеі)


Гутарка ідзе, такім чынам, не пра пошукі канцэптуальнай навізны, а пра дэманстрацыю асвоенай культурнай прасторы. Творы, прапанаваныя гледачу, як добры рынкавы прадукт, аб'ект патэнцыйнага калекцыянавання, які ў прыватным зборы сведчыў бы пра выхаваны густ гаспадара і гарантаваў разам з эстэтычным задавальненнем някепскае захаванне ўкладзенага капіталу. Так, вызначэнне “беларускі краявід і імя Віталя Цвіркі знітаваныя ў сэнсавую пару.
    Таму IV Міжнародны фестываль пейзажа, які па 11 лютага адбываецца ў выставачных галерэях Нацыянальнай бібліятэкі (пр. Незалежнасці, 116), арганізаваны, як заўсёды, мастаком Фёдарам Ястрабам, менавіта з катэгорыі падзеяў, што ўшаноўваюць жанр, а разам з ім імя слыннага мастака. Пейзажы Цвіркі, спалучаючы паэтычнасць і веліч, настраёвасць аўтарскага пачуцця і трапна адлюстраваную дакладнасць, жывапісныя і дэкаратыўныя адначасова, падманлівай лёгкасцю адпрацаванага майстэрства падштурхоўваюць арганізатараў пленэру яго памяці запрашаць да ўдзелу мастакоў, што выкарыстоўваюць у гэтым жанры розныя тэхнікі і нават віды мастацтва. Адсюль -- краявіды ў жывапісе, графіцы, акварэлі, а дадатак фатаграфіі і ў камп'ютэрным мастацтве. Імёны ўдзельнікаў гэтым разам --Уладзімір Кожух, Ягор Батальёнак, Уладзімір Ісачанка, Юрый Гаўрын, Аляксандр Забаўчык, Уладзімір Качан, Вячаслаў Паўлавец, Святлана Каткова і іншыя.
    З канца 1950-х гадоў прыхільнасць да стылістыкі імпрэсіяністаў сярод мастакоў, а таксама сярод пакалення “лірыкаў наступных шасцідзесятых -- як знак жадання глытку вольнага паветра ў атмасферы постсталінскага СССР. Першыя экспазіцыі замежнага мастацтва, барацьба афіцыйнага накірунку ў жывапісе і скульптуры і “абстракцыяністаў, у якую брутальна ўмяшаўся асабіста Мікіта Хрушчоў. Для Марыі Ісаёнак гэта ўспаміны дзяцінства, але тое, што яе нярэдка называюць “першым беларускім імпрэсіяністам -- вынік свядомага эстэтычнага і этычнага выбару. Яе персанальная выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі “Колеравыя імпрэсіі (працуе па 22 лютага) -- далёка не першая як у краіне, так і за мяжой -- сведчанне прызнання мастачкі ў акадэмічным асяродку і на мастацкім рынку.

Марыя Ісаёнак. Нацюрморт


Як заўважае крытыка, палотнам Марыі Ісаёнак уласцівыя тонкая аранжаванасць свежых колераў, віртуознасць малявання і пабудовы кампазіцыі, якія выклікаюць музычныя асацыяцыі -- то з камернымі мелодыямі жалейкі, то з узнёслымі сімфанічнымі гармоніямі. Меладычнасць -- аб'яднаўчая рыса работ мастачкі, ад улюбёных кветкавых і пастановачных прадметных нацюрмортаў да краявідаў, фігуратыўных кампазіцый, дзе пануюць рэфлексіі і ўспаміны асабістага жыцця, да хрысціянскіх рэлігійных сюжэтаў, якія апошнімі гадамі вабяць Марыю Ісаёнак. І “шчырасць пачуцця, і “рэальная духоўнасць і фізічная прывабнасць пазбаўленых стылізацыі вобразаў, якія адзначаюць крытыкі і калегі, -- складаныя часткі гарманічнага ўнутранага свету, індывідуальнага адчування аўтара. Каб спасцігнуць суладнасць свету, магчыма, трэба, як робяць Марыя і яе муж, жывапісец Мікола Ісаёнак, адасабляцца ад хуткаплыннага сталічнага жыцця на сваёй “філасофскай віле, якой стаў для сям'і мастакоў вясковы дом у Чарневічах?
    Сяргей Пятровіч Каткоў (1911-1976), выстава якога “Пейзаж, які ўсміхаецца дэманструецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры (К.Маркса, 12) па 19 лютага -- справядліва лічыцца спадкаемцам класічнай традыцыі рускай мастацкай школы. Ён прынёс яе ў Беларусь пасля навучання ў Івана Горушкіна-Саракапудаў, у сваю чаргу вучня Іллі Рэпіна. Але прыёмы адкрытых, мажорных кантрастаў кідкіх колераў яго краявідаў і нацюрмортаў караняцца хутчэй у спадчыне творцаў рускага авангарду мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, такіх, як Арыстарх Лянтулаў, Ілля Машкоў, Пётр Канчалоўскі. З 1937 года працуючы ў Беларусі, выкладаючы пасля вайны ў Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, Сяргей Каткоў выхаваў мноства выдатных вучняў. Знаёмства з працамі Каткова -- нагода зразумець вытокі фармавання стылю адметных творцаў наступных пакаленняў -- энергічнай экспрэсіі Мая Данцыга, колеравага арыстакратызму Зоі Літвінавай ды і многіх іншых яго вучняў.

Сяргей Каткоў. Від Гродна

    Музей сучаснага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) знаёміць з творчасцю Ілоны Касабука, мастачкі маладзейшага пакалення, творы якой прыйшлі да гледача ў 1990-х, але ўжо пакарылі галерэі і залы еўрапейскіх краін. Таму і экспазіцыю аўтарка амбітна назвала “Paris. Мінск. Праўда, у творах на выставе хутчэй адчуеш уплывы японскай школы малявання кветкавых і раслінных кампазіцый, альбо, нечакана, дэкаратыўнага сценапісу крыта-мінойскай цывілізацыі. Апошняя рыса -- заканамерны эфект абагульнення ўласнай практыкі мастачкі ў сферы манументальнага жывапісу. Але ці можна пярэчыць жаданню творцы, засвоіўшы тысячагоддзі пошукаў чалавецтвам прыгажосці натуры і дасканалых прыёмаў яе адлюстравання, пасунуць вынік сваёй працы бліжэй да “платонаўскага ідэалу?
    У дадатак да выключна жывапісных выстаў адзначым дзве мемарыяльныя экспазіцыі. Адна з іх, у бібліятэцы імя Пушкіна, прысвечана адзначанай 25 студзеня 72 гадавіне з дня нараджэння бессмяротнага Уладзіміра Высоцкага. Яго песні, яго паэзія, не толькі не згубілі жыццёвай надзённасці праз 30 год пасля смерці аўтара, але і загучалі зараз па-беларуску ў перакладах Рыгора Барадуліна, Алеся Баркоўскага і Вітаўта Мартыненкі ў выкананні Змітра Бартосіка і Андрэя Плясанава. Можна ўбачыць 20 кампазіцый-інсталяцый мастака Сяргея Шылы, прысвечаных эпосе куміра неафіцыйнай сцэны савецкіх часоў. Радзіма продкаў Высоцкага, Беларусь, у 1979 годзе, за год да смерці агульнасаюзнага барда, прадэманстравала негатоўнасць мясцовага афіцыёзу прыняць яго творчасць. З 25 запланаваных канцэртаў у Мінску адбылося толькі 5, не адбыўся запіс сустрэчы Высоцкага з яго слухачамі на БТ.
    У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44) -- дапаўняючы публікацыю ў мінулым нумары “НЧ пра трагічны лёс Косава апошніх двух дзесяцігоддзяў -- фотавыстава “Душа Сербіі, здымкі серба Дарка Дозета. Іншы, адрозны погляд на лёс краю -- сведчанне неаднабаковасці ісціны і відавочнасці трагізму сітуацыі, калі балканскі этнічны вузел давялося рассякаць па жывому. Косава, на жаль, не адзінае месца на глобусе, дзе ахвяраю невырашальных канфліктаў робяцца і старадаўняя культура, і чалавечае жыццё.