На галоўным фэсце Германіі ўпершыню выступяць беларусы

22 верасня ў межах Reeperbahn Festival — галоўным у Германіі міжнародным з’ездзе прафесіяналаў у галіне сучаснай музыкі — упершыню будуць прадстаўленыя беларускія артысты. Мерапрыемства адбываецца ў Гамбургу ў раёне знакамітай вуліцы Reeperbahn, дзе калісьці гралі свае першыя канцэрты яшчэ нікому невядомыя The Beatles.

reeperbahn2016_logo.jpg


Reeperbahn Festival з’яўляецца адным з трох найбуйнейшых шоўкейс-фестываляў Еўропы і добра вядомы на сусветным узроўні. Кожны год ён цягам чатырох дзён адбываецца на 70 клубных і адкрытых пляцоўках у Гамбургу, у ім бяруць удзел каля 400 артыстаў. Выступы музыкаў глядзяць каля 30 тысяч гледачоў і больш за 3,5 тысячы прафесіяналаў з усяго свету. Гэта адна з галоўных пляцовак для прасоўвання  калектываў з розных краін на міжнародны рынак і проста вялікае свята музыкі і добрага настрою.
Высокі статус фестывалю абумоўлівае і падыход да адбору артыстаў: да разгляду прымаюцца толькі тыя, хто ўжо мае досвед выступаў на еўрапейскіх шоўкейс-фестывалях. З поўнага спіса беларускіх удзельнікаў падобных мерапрыемстваў апошніх гадоў арганізатары абралі 5 імёнаў: Super Besse (пост-панк), Mustelide (індзі-поп), Teleport (індзі-рок), Deech (электроніка) і Alexei De Bronhe (электроніка).


Беларускія артысты выступяць у межах адмысловага беларускага канцэртнага шоўкейса, партнёрам якога стаў Інстытут імя Гётэ ў Мінску — цягам апошніх трох год гэтая ўстанова ў межах праекта «Мінская акадэмія папулярная музыкі» праводзіла ў Беларусі бясплатныя семінары з удзелам прадстаўнікоў нямецкіх лэйблаў і фестываляў, менеджэраў артыстаў і прадстаўнікоў СМІ. Падтрымку шоўкейса забяспечвае сайт Experty.by, які прадстаўляе ў Беларусі шоўкейс-фестывалі Tallinn Music Week (Эстонія), MENT Ljubljana (Славенія), What’s Next In Music? / Vilnius Music Week (Літва), Lost In Music (Фінляндыя).
— Для нас гэта адзін з пікавых момантаў і важных вынікаў праграмы «Мінская акадэмія папулярнай музыкі», якая мае скончыцца ў гэтым годзе. На лекцыях і ў прыватных размовах усе нямецкія спікеры казалі пра тое, што беларуская музыка нічым не горш за будзь якую іншую. Што яна павінна быць прадстаўлена на міжнароднай сцэне, каб атрымаць новы досвед і імпульс для развіцця. Таму мы вельмі радыя, што гэтыя словы і створаныя сувязі не засталіся на ўзроўні тэорыі, а знайшлі практычны працяг,  — кажа Франк Баўман, дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску.
— Удзел беларускіх артыстаў у Reeperbahn Festival — гэта выхад на абсалютна новы ўзровень магчымасцяў і міжнародны знак якасці для ўсёй беларускай музычнай сцэны. Гэта не значыць, што ўжо ўвосень нехта з беларускіх артыстаў абавязкова падпіша кантракт з буйным заходнім лэйблам, але верагоднасць такой падзеі ў будучыні абсалютна дакладна падвышаецца, — адзначае Зміцер Безкаравайны, кіраўнік праекта Experty.by.
Да 1 жніўня беларускія музыкі могуць падаць заяўку на выступ у межах шоўкейс-фестывалю What’s Next In Music? у сталіцы Літвы (2–3 верасня 2016). Да 5 верасня адчынены прыём заявак на фестываль MENT Ljubljana ў сталіцы Славеніі (1–3 лютага 2017). Падрабязная інфармацыя пра ўмовы на сайце Experty.by.