Мастацтва з водарам кавы. На мінскіх АЗС пройдзе нестандартная выстава карцін беларускіх мастакоў

19 сакавіка ў Музеі гісторыі г. Мінска стартаваў унікальны «кававы» выставачны праект. У рамках экспазіцыі былі прэзентаваны рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў, якія прадстаўляюць 6 розных напрамкаў жывапісу. Адметная асаблівасць выставы – выкананне рэпрадукцый ва ўнікальнай тэхніцы «Кава-арт», дзе ў якасці фарбы выкарыстоўваецца кава.

1_183.jpg

Кава як крыніца натхнення і сродак выяўленчага мастацтва — адно з адкрыццяў сучасных мастакоў. Вар'іруючы прапорцыю і канцэнтрацыю зваранай ці растваральнай кавы, аўтары ствараюць «духмяныя» шэдэўры, выкарыстоўваючы любімы напой як альтэрнатыву звыклым акварэлі або маслу. 

19 сакавіка ў Музеі гісторыі г. Мінска прайшло ўрачыстае адкрыццё праекта «Арт-кава». На імпрэзе была прэзентавана ўнікальная экспазіцыя, у аснове якой – рэпрадукцыі 6 карцін беларускіх мастакоў, выкананыя ва ўнікальнай тэхніцы «Кава-арт». Выбар арыгінальных палотнаў не выпадковы: кожнае з іх прадстаўляе пэўны кірунак жывапісу – абстракцыянізм, сацрэалізм, супрэматызм, прымітывізм, экспрэсіянізм і сюррэалізм.

Ініцыятарам незвычайнай экспазіцыі выступіла кампанія «А-100» - менавіта на яе АЗС гэтай вясной наведвальнікі змогуць убачыць рэпрадукцыі карцін беларускіх аўтараў, намаляваныя з дапамогай кавы. На 6 найбуйнейшых аўтазаправачных станцыях г. Мінска ў кававым выкананні з'явяцца работы такіх мастакоў, як Валянцін Нудноў, Галіна Іванова, Леанід Дударэнка, Андрэй Пяткевіч, Алег Ладісаў і Станіслаў Гурскі. Арыгіналы карцін былі абраны з прыватных калекцый і калекцыі Музея гісторыі г. Мінска, пры падтрымцы якога рэалізуецца праект «Арт-кава». 

«Падтрымка і папулярызацыя беларускага мастацтва заўсёды былі важнымі часткамі дзейнасці нашай кампаніі. Мінулым летам мы рэалізавалі праект «Арт-запраўка» - выставу, дзе ўсе жадаючыя маглі ўбачыць на нашых АЗС 45 рэпрадукцый карцін 15 сучасных беларускіх мастакоў. Мы ўпэўнены, што праект «Арт-кава» стане незвычайным працягам гэтай цікавай гісторыі, будзе дзівіць і цешыць нашых наведвальнікаў, збліжаць іх з родным беларускім мастацтвам», - адзначыла дырэктар групы кампаній АЗС «А-100» Ганна Красоўская.

Падчас імпрэзы госці пагрузіліся ў займальную брыф-экскурсію ад знакамітага «вандруючага» экскурсавода Мікіты Моніча па гісторыі беларускага мастацтва. Акрамя таго, у рамках праекта «Арт-кава» быў распрацаваны новы дызайн кававых кубачкаў, прысвечаны папулярным стылям жывапісу. Набываючы каву, з 15 сакавіка кожны наведвальнік АЗС зможа не толькі атрымаць асалоду ад сагравальнага напоя, але і даведацца больш пра адзін з кірункаў мастацтва. Для гэтага эксперты Музея падрыхтавалі 6 пазнавальных матэрыялаў, даступных па спецыяльным QR-кодзе на кубачку. 

«Мэта гэтага праекта – пазнаёміць шырокую публіку з творчасцю найбольш прыкметных прадстаўнікоў беларускага жывапісу. Музей гісторыі горада Мінска заўсёды імкнуўся ісці ў нагу з часам. І як выдатна, што дзякуючы сучасным тэхналогіям можна акунуцца ў беларускае мастацтва, проста выпіўшы кубачак кавы. Мы таксама рады, што бізнес актыўна падтрымлівае папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі», — пракаментавала дырэктар Музея гісторыі г. Мінска Галіна Ладісава

Беларускі кава-жывапіс у рамках праекта «Арт-кава» будзе даступны з 20 сакавіка для кожнага – уваход на аўтазаправачныя станцыі, як заўсёды, вольны. Выпіць каву з унікальнай серыі кубачкаў і атрымаць асалоду ад кававай выставы можна на наступных АЗС «А-100» г. Мінска: 

  • АЗС №2 Мінскі р-н, Баравая, 7;
  • АЗС №6 вул. Харкаўская, 81;
  • АЗС №15 вул. Прамысловая, 2Б (МКАД);
  • АЗС №23 вул. Казіміраўская, 39 (МКАД);
  • АЗС №25 а/г Сеніца, вул. Зялёная;
  • АЗС №31 вул. Акадэмічная, 34.