Лятучы ўніверсітэт прадстаўляе новы курс: пра сучаснасць, пра наш час ды кантэкст

Даведацца пра паэзію 30-х па працам сучасных творцаў: Лятучы ўніверсітэт распавёў пра новы дыстанцыйны курс!

pressreleasenerastraljanaja_01_1068x781.jpg


Калі вывучыць вершы паэтаў 30-х можна з панк-рокавых песень, а даведацца пра саміх літаратараў — з іх старонак на facebook, гэта азначае, што мы становімся больш грунтоўнымі і прыкметнымі ў культурнай прасторы глабальнага свету.
Беларусы ўжо не тыя абыякавыя людзі з анекдотаў. Мы становімся глыбей, мы паступова аднаўляем перарваную паслядоўнасць нашай гісторый, і гэта прыемна назіраць. 
Калі ў 2020-м вы яшчэ не абралі сабе любімчыка з літаратараў 30-х, то адстаеце ад трэндаў. Akute выконвае верш Анатоля Вольнага, Re1іkt спявае Міхася Зарэцкага, здымаецца ўжо сёмы hіstory doc, а вы ўсё гэта прапусцілі? Трэба наганяць, калі ёсць патрэба ды цікавасць да культурніцкага жыцця.
І тут вам выдатна паспрыяе новы лаканічны дыстанцыйны курс ад Лятучага ўніверсітэта. Гэта надзвычай цікавы па канцэпцыі прадукт: з аднаго боку — гэта цэласны расповед пра велізарны выбух творчасці, бадай ці не адзін з самых вялікіх, але і самых кароткіх у гісторыі нашай з табой краіны. З другога боку — гэта гісторыі пра 18 розных лёсаў, 18 вельмі розных творцаў. Гэта гісторыі пра каханне ды нязбытныя надзеі, пра мару такую вялікую, што ў ёй раствараліся жыцці. Аповеды пра будаўніцтва новай паэзіі ды новай краіны, пра моц ды адчай, пра веру ды вусціш. Гэта, напрыклад, аповед пра юнака, які знішчаў у сваёй паэзіі ўсё рамантычная, усё далікатнае, бо верыў, што “рэальнае жыццё” новага часу патрабуе зусім іншых вершаў. 
Ці гісторыя пра мужнага ды ўпартага паэта, які даволі хутка зразумеў сапраўдную сітуацыю, і набыў пісталет, каб абараняцца ад супрацоўнікаў НКУС. Ці аповесць пра стваральніка народнага тэатра, на імпрэзы якога сяляне таемна праходзілі граніцу, за што ў тыя часы, як мінімум, ссылалі. 
Але самае галоўнае — гэта курс пра сучаснасць, пра наш з вамі час ды кантэкст! Тут гучыць рэп на словы Зямы Піваварава, прывід Валерыя Маракова з’яўляецца ў містычным кінадэтэктыве, разгортваецца любоўны трохкутнік у даследчым артыкуле. Добра вядомыя беларусы агучваюць свае прачытанні вершаў паэтаў. Андрэй Хадановіч, Ганна Севярынец, Антон Рудак, Віктар Жыбуль ды іншыя паспяхова праводзяць імпрэзы.Тры гады запар праект “(НЕ)расстраляная паэзія” плённа існуе ў беларускай культурнай прасторы, і разам з сучаснымі творцамі ды далучыўшыміся беларусамі мы ствараем наш культурны кантэкст.
Далучайцеся і вы! 
Дазнавайцеся болей пра сваё ў курсе Лятучага ўніверсітэта "(Не) расстраляная паэзія: вяртанне ў культурную прастору".