Беларускія кельты адзначылі Самайн (фота, відэа)

У мінскай кавярні "Лісіная нара" 11 лістапада прайшла вечарына для аматараў кельцкай культуры «Пост-Самайн».

zahadnaja_2018_11_11_samajn_a._ljaszkevicz_2_logo.jpg


Выступалі беларускія гурты Jolly Green, Haunted House, салістка Марына Правалоцкая і Кірыл Букін. Малады чалавек прадставіўся як " ананімны гарманіст з Краснаярска" і граў з гітарным суправаджэннем. Гучалі танцавальныя мелодыі і песні з Ірландыі і Шатландыі.


2018_11_11_samajn_a._ljaszkevicz_8_logo.jpg


Большасць танцораў, што выконвалі сэты (па малюнку нагадваюць беларускія кадрылі), вучацца ў школе Celtic Dragon. Былі і танцы, да якіх можна далучыцца без папярэдняй падрыхтоўкі, – полькі ды вальсы. І, канечне, усімі любімая джыга па коле.


2018_11_11_samajn_a._ljaszkevicz_5_logo.jpg


Самайн супадае па часе з больш познім святам Halloween і з’яўляецца яго дахрысціянскім папярэднікам. У сённяшняй масавай культуры адзначаецца ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. У дахрысціянскія часы, магчыма, разлічваўся па сонечна-месяцовым календары і наступаў з пачаткам другога цыклу Месяца пасля восеньскага раўнадзенства. Самайн пазначаў канец збору ўраджаю і пачатак новага сельскагаспадарчага году. У народаў, што займаліся пераважна жывёлагадоўляй, як ірландцы, у гэты час пераганялі быдла з пастбішчаў у хлявы на зімоўку. Па павер’ях, у гэты ж дзень і феі мянялі летнія халмы на зімовыя.



Па традыцыйных уяўленнях, у кропках “каляндарнага пераходу” танчэе мяжа між “гэтым” і “тым” светам і тагасветныя істоты (душы продкаў ці нячысцікі) прыходзяць да людзей. Таму гэтыя даты часта адзначаюцца карнавалам, рытуальным пераапрананнем. Маскіраваныя выступаюць як прадстаўнікі Тагасвету і абыходзяць гаспадароў, зычачы дабрабыту, за што атрымліваюць падарункі.
У Беларусі найбольш яскравае пераапрананне прымеркавана да Калядаў, у паўднёвай Еўропе і Лацінскай Амерыцы – да Масленкі. Карнавал увосень вядомы кельцкім і фіна-ўгорскім народам, пад уплывам эстонцаў распаўсюдзіўся ў латышскай правінцыі Відземэ. У адрозненні ад кельтаў, фіна-ўгры пераапранаюцца не на пачатку лістапада, а 9-га (канун Дня Святога Марціна) і 25-га (Дзень Святой Кацярыны).


У Беларусі восеньскае пераапрананне невядомае. Аднак, мы застаемся ў агульнаеўрапейскім рэчышчы, святкуючы восеньскія Дзяды (праваслаўныя ў суботу перад Днём святога Дзмітрыя Салунскага і католікі 2 лістапада).

Фота і відэа Алены Ляшкевіч