Беларусь, якая чакае. На вілейскіх берагах. Частка ІІ (ФОТА)
Пасля невялікага перапынку мы працягваем нашу вандроўку ўздоўж Віліі і яе берагоў па маршруце экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча. Пачатак лета ўтульна агортвае Вілію маладой зелянінай, недзе на глыбіні нагульваюць бакі карасі ды акуні, але спінінгі пакуль пачакаюць. Едзем далей!
Першая частка падарожжа

Да Віліі мы вяртаемся побач з вёскай, назва якой дастаткова знаёмая аматарам вандровак па Беларусі. Міхалішкі з касцёлам-прыгажуном на самым беразе даволі часта наведваюць візітоўцы. Вось і гэтым разам нам давялося трошкі пачакаць пакуль ксёндз распавядзе чарговым наведвальнікам падлеткавага ўзросту гісторыю касцёла. А гісторыя насамрэч багатая! Паводле розных даных, касцёл быў пабудаваны ці то ў 1653, ці то ў 1662 годзе, але ёсць меркаванне, што будоўля была скончана пазней, бо ў той час ішла руска-польская вайна, і будаваць такі вялікі храм было б даволі складана. Тым не менш, у 1700 годзе біскуп смаленскі і віленскі Канстанцін-Казімір Бжастоўскі асвяціў міхалішкінскі касцёл у гонар Найсвяцейшага Міхаіла Арханёла. Цікавы факт: Канстанцін-Казімір быў сынам Цыпрыяна-Паўла Бжастоўскага — фундатара гэтага самага касцёла ў Міхалішках і ўнукам Яна-Цыпрыяна Бжастоўскага — фундатара мясцовага кляштара аўгусцінцаў.
Міхалішкі, касцёл ды Вілія
Вонкава даволі сціплы і нават аскетычны выгляд кампенсуецца вельмі пышным і багатым аздабленнем інтэр’еру. Аўтарамі барэльефаў і ўвогуле ўсяго, што мы сёння бачым у касцёле Найсвяцейшага Міхаіла Арханёла, былі італьянскія скульптары П’етра Перці і Джаванні-Марыя Галі, якія, дарэчы, выконвалі лепку ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Вільне і адразу пасля гэтага пачалі працу ў Міхалішках. Сапраўдным цудам з'яўляецца тое, што ўсё гэтае багацце захавалася да нашых дзён. Падчас знаходжання тут мімаволі прыгадваецца касцёл Найсвяцейшага Міхаіла Арханёла ў Наваградку з ягонай раскошнай лепкай і скульптурамі. Тое ж светлае адчуванне моцы і прастору! На момант нашага візіту касцёл яшчэ захоўваў прыгожае аздабленне ад свята Першай Святой Камуніі.
Касцёл у Міхалішках
На гэтым мы пакідаем утульныя берагі Віліі, бо зусім хутка яна ўжо пераўтварыцца ў Нярыс. Але ж вандроўка працягваецца, і мы рушым далей! Абрыс касцёла святога Юрыя знаёмы вялікай частцы нашых суайчыннікаў, якія ездзілі і ездзяць у Літву праз памежны пераход у Катлоўцы. Менавіта яго яны бачаць, калі збочваюць да мяжы ў невялікай вёсцы з назвай Варона. Калі не спяць, канешне ж... Прыкладна ў XVIІ стагоддзі на гэтым месцы быў закладзены кальвінскі збор, які цягам часу ператварыўся ў касцёл. Дакладных звестак не існуе, бо ў той час Варона мела назву Варняны, як і вёска літаральна ў некалькіх кіламетрах адсюль. Дарэчы, недалёка мелася яшчэ адно мястэчка з той жа назвай, таму блытаніны ў гістарычных дакументах таго часу хапае.
Варона, касцёл
Напрыканцы XVII стагоддзя Варона канчаткова набывае сваю цяперашнюю назву, і ўжо дакладна ў 1680-х гадах касцёл быў асвечаны ў гонар Святога Юрыя і з некаторымі перабудовамі дажыў да пачатку ХХ стагоддзя. Дзве сусветныя вайны і абыякавае стаўленне савецкіх уладаў да храмаў прывялі да таго, што напрыканцы мінулага стагоддзя ад касцёла Святога Юрыя ў Вароне засталіся толькі сцены. Пачатак ХХІ стагоддзя ўдыхнуў новае жыццё ў старажытны помнік — некалькі гадоў рэстаўрацыі — і сёння прыгожы храм зноў прымае вернікаў. Хацелася б чуць такія гісторыі часцей!
Варона, касцёл
Не зазірнуць у Варняны было б недаравальна, і літаральна праз некалькі хвілінаў мы ўжо на галоўнай плошчы, дзе на роўных размаўляе з хмарамі цёзка толькі што бачанага намі касцёла ў Вароне. Яшчэ ў сярэдзіне XV стагоддзя на гэтым месцы быў пабудаваны драўляны касцёл, які ў XVI стагоддзі тагачасны ўладальнік Варнянаў ваявода мінскі і смаленскі Ян Абрамовіч перабудаваў пад кальвінскі збор. Але і ён праіснаваў непрацяглы час, і ў 1767 годзе па фундацыі Марыі Абрамовіч — жонкі ўладальніка Варнянаў Юрыя Абрамовіча, пачаў будавацца цагляны касцёл, які ўжо ў 1769 годзе быў кансэкраваны ў гонар Святога Юрыя. Адзначым, што згодна з сваім тэстаментам, Марыя Абрамовіч была пахаваная пад жалезнай плітой на ўваходзе ў храм.
Варняны, касцёл
Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў закрыты, і некаторы час у памяшканні храму месціўся клуб, а потым будынак проста прыходзіў у заняпад да 1980-х гадоў, калі яго пачалі рэстаўраваць. 11 сакавіка 1990 году касцёл Святога Юрыя быў урачыста асвячоны наноў і перададзены вернікам. Ля касцёлу мы сутыкнуліся з той жа самай кампаніяй падлеткаў, што і ў Міхалішках. Яны толькі што скончылі сваю экскурсію, і нам удалося трапіць унутр. Згадзіцеся — вельмі прыгожае аздабленне!
Варняны, касцёл
Час вяртацца дадому, але не завітаць у гэтае месца зусім побач было б натуральным злачынствам, хаця кожны з нас паасобку тут ужо бываў і нават не аднойчы, але ў межах гэтага праекту яшчэ не. Як аднойчы мне сказаў адзін добры сябар: «Калі хтосьці не быў тут, то не быў у Беларусі. А калі ты жывеш у Беларусі, то не пабываць тут — нешта за межамі разумення!» Здаецца, вы ўжо здагадаліся, пыл якой дарогі мы зараз уздымаем у паветра, і які шпіль вышынёй у 61 метр ужо бачны здалёк!
Гервяты, касцёл
Стрымліваем уздыхі захаплення ад неверагоднай прыгажосці і прыгадваем, што да пачатку ХХ стагоддзя Гервяты былі звычайнай вёскай са звычайным драўляным касцёлам, які з моманту заснавання ў XVІ стагоддзі шмат разоў гарэў і перабудоўваўся. Звычайная гісторыя, але ў 1899 годзе архітэктар Вацлаў Міхневіч па праекце другога віленскага архітэктара Аляксея Полазава пачынае будаўніцтва новага цаглянага храму. Цікавы факт: амаль усё будаўнічыя патрэбы задавальняліся на месцы! Ля Гервятаў быў адмыслова пабудаваны невялікі завод па вырабу цэглы, а вапняк здабываўся з мясцовай рачулкі Лошы. Дарэчы, як і пры будаўніцтве касцёла ў Жупранах, у будматэрыялы дадаваліся яйкі для большай трываласці і зносастойкасці — гэтым прадуктам таксама напоўніцу забяспечвалі мясцовыя жыхары. Шмат хто з іх браў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве, яны нават змянілі звычайнае рэчышча Лошы, каб вада не размывала падмурак будучага шэдэўра. Вось толькі чарапіцу на дах прывезлі з Нямеччыны. У 1903 годзе касцёл быў гатовы і асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Тройцы.
Гервяты, касцёл
Унутранае аздабленне касцёла даволі стрыманае ў параўнанні з вонкавым выглядам, але ж яно досыць вытанчанае і зроблена вельмі густоўна. Абавязкова для наведвання!
Гервяты, касцёл
Касцёл, канешне, суперпрыгожы, але ж і парк навокал яго таксама варты наведвання. Свайму ўзнікненню і прыгажосці парк і сад абавязаны ксяндзу Леаніду Несцюку, які падчас свайго служэння ў касцёле быў рухавіком стварэння вакол яго таго, што сёння вельмі ўражвае кожнага наведвальніка. «Малая Швейцарыя» — менавіта так гэтае месца не аднойчы прыгадваецца ва ўспамінах турыстаў! На тэрыторыі парка былі высаджаны некалькі соцень розных дрэваў ды раслінаў, нават не характэрных для Беларусі, і яны прыжыліся. У цэнтры ўсталявалі скульптуру Арханёла Міхаіла — нябеснага заступніка Беларусі, а таксама парк упрыгожвае так званы «Сад апосталаў» з фігурамі дванаццаці вучняў Хрыста. На жаль, заснавальнік гэтага хараства не дажыў да нашых дзён і пайшоў у лепшы свет у 2017 годзе. Леанід Несцюк пахаваны побач з касцёлам, і кожны мусіць наведаць ягоную магілу ды ўшанаваць памяць гэтага выбітнага чалавека.
Гервяты, парк
Вось цяпер дакладна час выпраўляцца ў адваротны шлях. Дарога ляціць пад коламі, лета абяцае паводзіць сябе добра і псаваць надвор’е як мага радзей. Пажывем-пагледзім! Але ж нашым чытачам раім не чакаць, а хутчэй замаўляць нам маршруты наступных вандровак. Вандруем разам!
Ну і куды ж без традыцыйных фота напрыканцы!