Беларусь, якая чакае. На вілейскіх берагах. Частка І (ФОТА)

15 чэрвеня 1857 году ад вёскі Камена на Вілейшчыне пачалася вялікая водная экспедыцыя выбітнага беларускага археолага і гісторыка Канстанціна Тышкевіча, даследаванні якой сталі асновай кнігі «Вілія і яе берагі». З гэтай выдатнай нагоды было вырашана ў межах праекта «Беларусь, якая чакае» наведаць прыгожыя вілейскія мясціны. Мараходы і нават лодачнікі з нас ніякія, таму — паехалі!

Камена мы наведвалі меней за год таму, так што пачынаем нашу вандроўку з маляўнічай вёсачкі Данюшава, першыя звесткі аб якой датуюцца сярэдзінай XV стагоддзя. Прыкладна ў той жа час тут з’явіўся першы касцёл. У 1620 годзе на сродкі полацкага ваяводы Яна Кішкі ў Данюшава быў пабудаваны новы касцёл Найсвяцейшай Тройцы, які дзейнічаў да канца XVIII стагоддзя. На пачатку ХІХ стагоддзя на месцы старога касцёла паўстаў новы — яго мы і бачым дагэтуль.

У 1902 годзе касцёл перажыў рэканструкцыю, і побач з ім з’явілася званіца. Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку касцёла месціўся нямецкі шпіталь, старажытны звон быў вывезены ў Берлін (яго атрымалася вярнуць праз некалькі гадоў!), а перад брамай немцы ўсталявалі вялікі помнік у гонар паспяховай пераправы праз Вілію. Помнік захаваўся дагэтуль, і сёння на ім стаіць фігура Панны Марыі. Званіца моцна пацярпела, і да нашага часу захаваўся толькі першы ярус з каменю. У 1960-я касцёл закрылі і прыстасавалі пад зернясховішча, але ўжо напрыканцы 1980-х ізноў аддалі вернікам. І праз два гады рэстаўрацыі касцёл Найсвяцейшай Тройцы адчыніў свае дзверы. 

Зусім побач з касцёлам разважліва нясе свае воды прыгажуня Вілія, на беразе якой месціцца штосьці падобнае на месца для адпачынку. Аказваецца, гэта — экастаянка, пабудаваная на грошы Еўразвязу. Ну ўсё ж лепш, чым нічога. Прыгажосць вакол — словаў не хапае!

Ну а мы накіроўваемся далей. Абмінуць такое цікавае месца як Жодзішкі было б зусім недаравальна! Нават, нягледзячы на тое, што зусім нядаўна тут ужо шпацыравалі нашыя калегі! Месца, да якога мы накіроўваемся і пра якое не распавялі мінулым разам — былы езуіцкі калегіум. Апошім часам тут месцілася псіхіятрычная лякарня і, нягледзячы на тое, што цяпер яна закрыта, трапіць на тэрыторыю амаль немагчыма. Але ж мы гэта зрабілі і не пытайцеся як. Спачатку калегіум месціўся ў драўляных карпусах, а ў 1757 годзе пачаў будавацца цагляны будынак. Манахі-езуіты выкладалі філасофію, рыторыку, нямецкую і французскую мовы, элементарныя навукі. Заняткі былі бясплатнымі і іх маглі наведваць як дзеці з каталіцкіх, так і з праваслаўных сем’яў. Пасля езуітаў тут гаспадарылі Патоцкія, Ласкарысы, Мілашэўскія, якія некалькі разоў перабудоўвалі маёнтак. Захаваўся малюнак Канстанціна Тышкевіча, на якім мы можам бачыць былы калегіум у 1871 годзе.

На тэрыторыі калегіума ёсць адзін будынак, які не бачна з дарогі, ён стаіць у глыбіні парка, але вельмі варты ўвагі. Аб ім няма амаль ніякіх звестак, хаця некаторыя кажуць, што ён быў пабудаваны ўжо ў савецкія часы. Штосьці мы сумняваемся! Можа хтосьці з нашых чытачоў можа нешта распавесці аб ім? Будзем вельмі ўдзячныя!

Вядома ж, не маглі мы не наведаць касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Аб ім на мінулым тыдні ўжо распавялі нашыя дасведчаныя калегі, але выпадкова так атрымалася, што мы завіталі туды літаральна праз дзень-другі пасля ўрачыстага свята Першай Святой Камуніі і ўбачылі найпрыгажэйшае святочнае аздабленне храму. Глядзіце самі!

Ну і канешне ж фота летняй Віліі ля Жодзішкаў. Усё ж трэба вучыцца хадзіць на лодцы...

А зараз мы накіроўваемся ў вельмі прыгожае месца да сапраўднага дыяменту Гарадзеншчыны і нават усёй Беларусі. Назва вёскі Шыманэлі знаёмая толькі  дасведчаным вандроўнікам, а вось аб Нястанішках ведае больш людзей. Напэўна, вы ўжо здагадаліся, што мы едзем да касцёла Маці Божай Добрай рады! Так, геаграфічна ён знаходзіцца ў межах вёскі Шыманэлі, але ж яшчэ зусім нядаўна гэта была зямля Нястанішкаў — адсюль і невялікая блытаніна. З аднаго боку касцёла месцяцца старыя могілкі ў сасняку, з іншых бакоў яго атачае лес, таму перад вандроўнікамі ён паўстае вельмі нечакана і ўражліва. 

Гісторыя касцёлаў у Нястанішках пачынаецца з канца XV стагоддзя калі тут быў пабудаваны першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Цягам стагоддзяў будынкі руйнаваліся ад занядбанасці і войнаў, і ў 1905 годзе пробашчам Казімірам Цежыкам быў урачыста асвечаны фундамент новага касцёла, будаўніцтва якога было скончана ў 1911 годзе. Сапраўдным цудам з’яўляецца тое, што дзве сусветныя вайны не кранулі гэтага прыгожага помніка. Можа быць таму, што знаходзіцца ён у даволі глухім месцы і дабрацца да яго часам бывае даволі складана. Шкада, што не атрымалася трапіць унутр, бо алтар касцёла ўпрыгожаны рознай сялянскай атрыбутыкай, кшталту цапоў, грабляў, снапоў і нават разьбянымі галовамі кароў. Такога больш нідзе не ўбачыш! Напэўна трэба будзе вярнуцца...

Троху збочваем ад Віліі да мястэчка Дабраўляны, дзе захаваліся гаспадарчыя пабудовы сядзібы Гюнтэраў. Гісторыя Дабраўлянаў цікавіць тым, што ў мястэчка было вельмі шмат уладальнікаў — бывалі часы калі яны мяняліся некалькі разоў на дзесяцігоддзе. У 1744 годзе Дабраўляны набыў Павал Кароль Сангушка — спадчыннік уладароў Смальянаў і «Белага Ковелю». Ён жа і пачаў будаўніцтва сядзібнага палаца. Праз 41 год уладальнікамі сталі браты Абрамовічы, а ў 1818 годзе — Адам Гюнтэр і ягоная жонка Аляксандра Канстанцыя з роду Тызенгаўзаў, якія і пачалі будаўніцтва сядзібнага дому.

Менавіта падчас Гюнтэраў мястэчка зазнала лепшыя часы. Яны перабудавалі стары палац Сангушкаў і шмат часу займаліся развіццём гаспадаркі. Дачкі Адама і Аляксандры цікавіліся мастацтвам, і часта сядзібу наведвалі вядомыя людзі. Уладзіслаў Сыракомля ўласнаруч саджаў клёны, Станіслаў Манюшка граў канцэрты, а пасля паўстання 1863 году тут працяглы час хаваўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Нажаль, палац быў моцна пашкоджаны падчас Першай сусветнай вайны і не захаваўся да нашых дзён. Аб тых часах напамінаюць толькі некалькі гаспадарчых будынкаў з чырвонай цэглы, якія вельмі падабаюцца мясцовым буслам, і невялічкая капліца, якая цяпер выкарыстоўваецца для набажэнстваў.

Пасля невялікага перапынку мы зноў вернемся да Віліі і працягнем нашае падарожжа, а пакуль прапануем некалькі фота. Чакайце нас, мы хутка будзем!


Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па роднаму краю. Распавядзіце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.