Жыхары Грушаўкі: Можа самім падкапаць нашы халупы?
Год таму "Радыё Рацыя" ўжо расказвала пра жахлівую сітуацыю, што склалася ў цэнтры Менску, у некалькіх сотнях метраў ад станцыі метро «Грушаўка». Тут, на вуліцах Папаніна і Дзекабрыстаў, стаяць сем двухпавярховых драўляных жылых дамоў. З бліжэйшага шматпавярховіка ў кіламетры з гакам бачныя Дом ураду ды рэзідэнцыя Лукашэнкі.
Баракі, як іх, паводле ўмоў пражывання, называюць сотні жыхароў, пабудаваныя адны аж у 1936, іншыя пасля другой сусветнай. Дарэчы, паводле рашэння Маскоўскага райвыканкама сталіцы, яны мусілі быць знесеныя яшчэ ў 2011. А сёлета да 1 жніўня апошні жыхар мусіў быць расселены ў добраўпарадкаванай кватэры. Але не…
Кажа Вікторыя Данілава, новая кіраўнічка ініцыятыўнай групы па высяленню з баракаў ды галоўнай перамоўніцай з уладамі. Былая — Вераніка Рудніц — адзіная з баракаў, хто з малымі дзеткамі перасялілася ў новую кватэру.
Вікторыя ж махае рукой:
— Усё па-старому, хіба яшчэ горай стала за год! Акапалі з усіх бакоў, што да метро не прайсці. Перад хатамі будаўнікі паставілі прыбіральні. Калі вецер ў наш бок, 90-гадовая бабулька з другога паверха спускаецца і кажа — “колькі ж у хаце праляжаў гэты нябожчык?!” Дарэчы, 35-паверхавы хмарачос, што у двух дзесятках метраў будуецца, мусіў быў здадзены яшчэ сёлета ў лютым. Але ж у 24.00 вяртаюся з працы — не заснуць, бо ў іх начная змена з працуючым кранам. Патрабавалі ўсталяваць сметніцы, прыбіральні, дзіцячыя пясочніцы. Апошнюю — адну — паставілі ля прыбіральняў, паміж двума дрэвамі, з якіх у часе апошняй буры паабвальваліся галіны.
Убачыўшы мікрафон, да нас сцякаюцца жыхары.
Любоў Дражына скардзіцца:
— Так, тут жыць немагчыма. І набыць што-небудзь не мае сэнсу — жывём які ўжо год на чамаданах. Новыя кватэры не даюць, прапануюць так званыя не адрамантаваныя БУ на другой ускраіне Менску, дзе паблізу ані метро, ані паліклінікі. А мы ж яшчэ стала працуем паблізу. Дый суседзі ўсе свае. Што ж мяняць шыла на мыла?!
— Я запытаўся на фірме “СтройСМманаліт”, што дабудоўвае хмарачос побач з вамі і чые запрашальныя плакаты на набыццё офісаў і кватэр прама навідавоку. Маўляў, чаму б не перасяліць вас туды? Балазе, дзяржава гарантуе вам аплату да тысячы даляраў за квадратны метр пры перасяленні. Жаночы голас у адказ на мой запыт, як набыць у іх двухпакаёўку, з напорам тут жа “выдаў”, што самы маленькі памер іхных кватэр — 65,5 квадратных метраў, самы вялікі — 72. Мінімум 30% ад агульнага кошту мусіце ўнесці адразу. Кошт квадратнага мэтра — не ніжэй 1550 даляраў…
Валянціна Пішчака кажа: Дайце нам кватэры не ў цагляных — хоць у блокавых дамах! Пасля шматгадовых блуканняў па пакутах гатовыя на ўсё.
Падыходзіць Таццяна Урбановіч, што ў бараку ў двух маленькіх пакойчыках з 1976. Паказвае відавочныя трэшчыны ды дзірышчы з байцоўскі кулак у фундаменце. Усклікае: Таццяна Урбановіч: Мы даўно нікога і нічога не баімся! З нашых “халупаў” высяляць ужо няма куды. Тут жывуць звычайныя рабацягі. Плацім шалёныя грошы за газ і камнуналку. Дайце веры — паставіць лічыльнікі за 3-5 млн і раптам з’ехаць не можам. Дарэчы, паводле іх за той жа газ выходзіла б 50-60 тысяч, а так — усе 400! Плюс святло, тэлефон — і без лічыльнікаў выходзіць за камуналку аж да паўтара мільёна! У мяне сябры з Серабранкі, дзе ёсць і прыбіральня, і ванна з гарачай вадой — за трохпакаёку за ўсё выходзіць тыя ж 500 тысяч. А за нашу ламаччыну — аплата, як на макоўскай Рублёўцы! Але ж без таго ж газу мы б ня выжылі — на ім у кожнага калонка, пліта і ацяпляльны кацёл. Абуральна тое, што праходзячыя побач людзі, гледзячы вонкава на наша жытло, спрэс прымаюць нас за “бамжоў”!
Спадарыня Турава, у якой трое дарослых дзяцей і чацвёра ўнукаў. 26 год стаіць у чарзе ў выканкаме на паляпшэнне жыллёвых умоў, распавяла:
— Прэтэнзіі велічэзныя! Смецце, за вынас якога плацім, не ўбіраецца датуль, што часам не выйсці з кватэры. З дзецьмі на двары не пагуляць. Падлогі гнілыя настолькі, што працуючая пральная машына, калі яе не трымаць, можа да сцяны дакаціцца. Хтосьці з тазоў на ўнітазе мыецца, нехта “скараціў” для гэтага калідорчык. Дзіця трохмесячнае на руках сын трымаў, а маці мыла. А Лукашэнка кажа — нараджайце больш дзяцей, дапаможам. Ціхі жах! Апошнім часам з’явіліся пацукі. А тараканы! У нашых дзетак амаль ва ўсіх алергія ад хімічных патраў!
Не вытрымаў і ўступіў у размову муж Вікторыі Данілавай Андрэй:
— Хадзіў на новы офіс фірмы “ДорСТРОЙ”, што, нібы, адказвае за наша рассяленне — прылюдна паабяцалі, што да 1 жніўня баракаў і нас у іх ня будзе. Збанкрутавалі, памянялася начальства. Ізноў старая песня — “чакайце, вам паведамяць!” У суседнім бараку была такая ж няпэўная сітуацыя. Але ён быў яшчэ бліжэй да будоўлі. Пачалі капаць катлаван, убіваць палі — зямля папаўзла. Была небяспека, што ўсё абрынецца разам з людзьмі. У момант усё знайшлося! І кватэры добрыя, і “Портатэль” насупраць задзейнічалі, каму не хапіла. І ня гледзячы на лішнія паўтысячы даляраў за метр перасялілі! І ўсё ў два дні вырашылі!
— Дык можа і вам апоўзень арганізаваць?! (супольны смех)
— Мы ўжо думалі падкапаць які-небудзь вугал, каб ён пайшоў уніз! — жартуе Андрэй.
Калі ж усур’ёз, жыхары злашчасных баракаў лёсам ды ўладай умоўна падзеленыя на дзве незайздросныя катэгорыі. Тыя, хто ў аглядальнай будучыні так і застануцца ў непрыдатным жытле і хто мусяць пераехаць у праславутыя “БУ”. Усе пагражаюць падаць позвы ў суд. На ўлады ды на дзялкоў з фірмы “Дачстар”, што не выконваюць абяцанні па зносу і рассяленні.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара