«Каб «ватнікі» ведалі, што я не такая, як яны», — жыхарка Менску ў сталым веку зрабіла тату «Пагоня»
Дарослыя дзеці, трохгадовы ўнук, дзясяткі пратэстных акцый, гады працы ў сыстэме адукацыі — Наталля Саматыя з гонарам паказвае «Пагоню» на сваёй руцэ і кажа: «Я яе люблю. Вельмі люблю».
«Вам расказаць, навошта я гэта зрабіла? — сама пытаецца Наталля. — Гэта было натуральнае жаданне. Ведаеце, я ўжо ў такіх гадах, калі не магу кожнаму тлумачыць, што я нязгодная зь іх меркаваннем, што мне сумна з гэтымі „ватнікамі“ размаўляць. Мне лепш гэта паказаць. Яны гэта бачаць, і яны замаўкаюць. Для іх шок».
Зграбны малюнак на руцэ жанчыны зьявіўся дзякуючы мастаку Дзьмітрыю Траяновічу. Яго параіла дачка Наталлі — Анастасія. Наталля расказвае, што яе просьбай Дзьмітры быў «трохі здзіўлены». Сам працэс заняў каля гадзіны. Наталля кажа, што было балюча.
«Але я цярпела, нават ня пікнула!» — ганарыцца яна. Яшчэ некалькі дзён сыходзіла пачырваненне. Цяпер рука выглядае так, нібыта «Пагоня» на ёй была заўжды.
Пытанню, чаму абралі менавіта «Пагоню», а не, напрыклад, арнамент, Наталля нават здзіўляецца:
Дзеці тату цалкам ухвалілі. «Мама, ты ўмееш здзіўляць», — напісала Наталлі дачка Анастасія, адрэагаваўшы на яе ўчынак. «Сын спачатку ня надта добра быў настроены, — кажа Наталля. — Але калі пабачыў, то сказаў: «Ну дааа, мёд!».
Але яшчэ больш нэгатыўных рэакцый. Дзіўным чынам яны сканцентраваныя ў 53-м тралейбусе, на якім Наталля ездзіць дахаты. Звычайныя пасажыры ўжо абзывалі яе „бандэраўкай“.
«Мне хочацца паказаць ім, што я не такая, як яны, — працягвае яна. — Я не хачу ім нічога казаць, але я хачу, каб яны гэта ведалі».
Наталлю Саматыя шмат хто ведае як нястомную ўдзельніцу акцый пратэсту. 21 ліпеня ў яе чарговае паседжанне суду. Яна абскарджвае рашэнне аб прысуджэнні ёй штрафу ў 30 базавых велічынь за ўдзел у сёлетнім Дні Волі. Кажа, што пра сам суд нават ня ведала, а ён адбыўся ажно 5 траўня.
«Пратакол быў складзены не пры мне, з парушэннямі, ані сведкаў, анічога. Суд адбыўся безь мяне, мяне ніхто не апавясціў», — распавядае Наталля, паказваючы стос лістоў зь перапіскі з судовымі інстанцыямі.
«Я ведаю, што шмат актывістаў ужо ня ходзіць на суды, — кажа яна. — Але я лічу, што важна хадзіць. Трэба даводзіць, што ты лічыш гэты суд несправядлівым. Трэба змагацца».
«Цяпер буду з радасцю чытаць, як яны ў пратаколах напішуць«Была Саматыя з „Пагоняй“ на руцэ», — жартуе яна. Сябры-паплечнікі на тату Наталлі адрэагавалі пазытыўна. «Адзін зь іх, малады, пабачыў і кажа: «Наталля! Чаму ты зрабіла гэта першай?!»
«Я яе люблю, вельмі люблю. Была б маладзейшая гадоў на 30, зрабіла б большую», — Наталля з радасцю яшчэ раз аглядае і гладзіць сваю «Пагоню».
Часам знаёмыя кажуць: «Ты звар’яцела?! Гэта ж на ўсё жыцьцё!», а я адказваю: «А колькі таго жыцьця!?» — смяецца жанчына.
Хутка ў яе юбілей. Сын і дачка ўжо купілі ёй квіток на канцэрт «Акіяну Эльзы».
«А я ў захапленні, — кажа Наталля. — Я прачынаюся і радуюся, што яна ў мяне ёсць. І я хачу сказаць: я нічога не баюся. Я свабодны чалавек. Я ня раб».
Паводле Радыё Свабода