Жанна Пцічкіна: «Што адкажа Крылоў на меркаванні іншых дактароў?»
У сераду, 5 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна працягнецца разгляд крымінальнай справы, распачатай па ч. 2 арт 162 Крымінальнага кодэкса за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента — жыхара Мінска Ігара Пцічкіна.
Як распавяла маці загінулага Жана Пцічкіна, на гэты дзень у суд выклікана тры доктары: Глінская, якая рабіла ўскрыццё цела Ігара Пцічкіна, Герасімовіч і Ліхачова. Усе яны сцвярджаюць, што сінякі на целе памерлага былі 7–10-дзённай даўніны. Аднак фельчар Аляксандр Крылоў у судзе па-ранейшаму сцвярджае, што ніякіх сінякоў у Пцічкіна не было.
“На апошнім пасяджанні мы паказалі яму фотаздымкі, дзе ясна бачныя сінякі на целе Ігара, а Крылоў працягвае настойваць, што іх не было ні да, ні пасля смерці, а адкуль яны з’явіліся — ён не ведае. Вельмі цікава, што будзе на пасяджэнні ў сераду, што адкажа Крылоў, калі будуць казаць іншыя дактары”, — сказала Жана Пцічкіна.
Зараз меркаванні дактароў падзяліліся: адны ўжо былі дапрошаныя ў судзе і лічаць, што Ігар Пцічкін памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці, прычынай якой стаў сіндром адмены і “цяжкасць балючых працэсаў”, а іншыя, якіх апытаюць у судзе ў сераду, — што смерць наступіла па іншых прычынах.
Таксама ў гэты дзень будзе дапрошаная сведка, якая наймала Ігара Пцічкіна на працу.
“Ніхто не глядзіць на сінякі і прычыны іх з’яўлення, зараз галоўнае для дзяржорганаў — пасадзіць фельчара, і нашмат важней тое, што ён не аказаў неабходную медыцынскую дапамогу. Тое, што я хачу даказаць, што Ігар не быў наркаманам і алкаголікам — нікога не хвалюе, зараз проста хочуць як хутчэй скончыць разгляд справы”, — падкрэслівае маці памерлага.
Нагадаем, Ігар Пцічкінпамёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на "Валадарцы", дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятару заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі знайшлі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.
Тры гады з дня трагічнай смерці ў Мінскім СІЗА №1 Ігара Пцічкіна спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогаю праваабаронцаў “Вясны” дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента. Суд над ім пачаўся 16 верасня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска, працэс вядзе суддзя Святлана Бандарэнка.