З віцебскіх прадпрымальнікаў патрабуюць грошы на помнік Аляксандру Неўскаму

Ад імя адміністрацыі Кастрычніцкага раёна на кірмашах Віцебска распаўсюджваюць пісьмовае патрабаванне — паперкі з рэквізітамі банкаўскага рахунку, на які трэба пералічыць «сродкі ў суме, не меншай за 50 тысяч рублёў».



6a180e06_1fe0_4cbd_ad00_5b80de78704f_w640_r1_s.jpg

Зразумець гэта як просьбу пра дабрачыннае ахвяраванне прадпрымальнікі не могуць. Фраза пра тое, што «грошы прапануецца пералічыць на працягу пяці дзён» гучыць як загад. Тым болей, што дату пералічэння і нумар квітанцыі трэба паведаміць свайму падатковаму інспектару.

Энтузіязму ў прадпрымальнікаў такі зварот адміністрацыі Кастрычніцкага раёну не выклікаў. Найперш таму, што далёка не ўсё ставяцца прыхільна да ідэі ўсталяваць помнік расійскаму князю, жыццё якога з Віцебскам амаль што не звязана. Паводле легендаў, ён нібыта браўся шлюбам у віцебскай Дабравешчанскай царкве, але дакументальна гэта не пацверджана. Іншых «прывязак» да гораду ў гэтай асобы няма.

У 2009 годзе гарвыканкам вырашыў усталяваць у Віцебску адразу тры помнікі: князю Альгерду, легендарнай княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, і Аляксандру Неўскаму. Быў праведзены конкурс праектаў будучых помнікаў і вызначаны пераможцы. Што да помніка Аляксандру Неўскаму, то журы выказала шэраг крытычных заўвагаў, і ўрэшце помнік быў перароблены іншым мастацкім калектывам. Аўтарамі помніка, на які заклікаюць збіраць грошы, з'яўляюцца віцебскія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў ды Іван Казак, а таксама Яўген Колчаў з Мінску.

Пляцоўка пад помнік была падрыхтавана яшчэ ў 2011 годзе: яна месціцца на плошчы Тысячагоддзя Віцебску, і пакуль што выконвае ролю клумбы.

gdb.rferl.org__d32565b8_f1ca_4_e1cb60cbcc8e46b8885dbb0e2550fc55.jpeg

У ліпені гэтага году было абвешчана, што помнік будуць узводзіць за пазабюджэтныя сродкі. У газеце «Віцьбічы» быў надрукаваны нумар адмыслова створанага рахунку. Цяпер на яго адкрыта змушаюць пералічваць грошы.

Паводле ўмоваў тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік мусіць быць выраблены і ўсталяваны да траўня 2016 года. Кошт стварэння і ўстаноўкі помніка — 3 396 173 532 рублёў.

Гарадскія ўлады ўжо працяглы час спрабуюць давесці гараджанам, што гэты помнік патрэбны, а асоба Аляксандра Неўскага вартая ўшанавання. Гэтаму быў прысвечаны не адзін артыкул у дзяржаўнай прэсе, а ў кнігарнях прадаецца кніга «Віцебская галгофа», выдадзеная ў Смаленску ў 2012 годзе. Яе аўтар Анатоль Шлыкаў — «выканаўца абавязкаў панамара ў храме святой роўнаапостальнай княгіні Алены» — так ён сам прадстаўляецца чытачам. Спадар Шлыкаў піша тое, што «позіркі беларусаў увесь час накіраваны на Ўсход», што «расейцы і беларусы вымушаны шэсць стагоддзяў жыць у розных дзяржавах, але не забыліся, што выйшлі з адной калыскі і з'яўляюцца братамі», і што помнік Аляксандру Неўскаму дапаможа ў «братнім уз'яднанні».

 

www.svaboda.org