З Інстытута сацыялогіі звольнілі «наскрозь камуністычнага» дырэктара
Дырэктара Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Ігара Катлярова звольнілі па рашэнні старшыні прэзідыюма НАН Уладзіміра Гусакова, паведамляе Радыё Свабода.
Ігар Катляроў быў прызначаны дырэктарам Інстытута сацыялогіі НАН у 2008 годзе. Ён рэгулярна з'яўляўся на дзяржаўных тэлеканалах падчас асноўных палітычных кампаній, сцвярджаючы шырокую народную падтрымку палітыцы дзейных уладаў.
Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Акадэміі навук, Катляроў страціў пасаду згодна з 259 артыкулам Працоўнага кодэксу (скасаванне працоўнай дамовы з кіраўніком арганізацыі па рашэнні ўласніка). Да 22 чэрвеня ён перадае справы выканаўцу абавязкаў дырэктара, цяперашняму вучонаму сакратару Міхаілу Арцюхіну.
У размове з карэспандэнтам Свабоды Катляроў назваў інфармацыю пра сваю адстаўку «няпраўдай». Таксама адмовіўся ад каментароў Міхаіл Арцюхін. Ён сказаў, што «гэта кадравыя пытанні», пра якія ён пакуль нічога не ведае.
Тым часам у сацсетках ужо каментуюць «заканчэнне кадравых бітваў» у Інстытуце сацыялогіі і адстаўку Ігара Катлярова.
«Спадзяюся, што гэта будзе стымулам да аднаўлення нармальнай працы навуковай установы», — піша праўладны палітолаг Пётра Пятроўскі, які часта з'яўляецца ў якасці эксперта ў ток-шоу на дзяржаўных тэлеканалах.
«Ён наскрозь камуністычны»
Былы міністр працы, сацыёлаг Аляксандр Сасноў кажа, што Катляроў быў «наскрозь камуністычны».
«Ён моцна перажываў, што рухнула камуністычная сістэма, у якой ён быў не на апошнім месцы і добра карміўся. Потым яму зноў давялося дабівацца кармушкі, і ён дабіўся. Калі савецкую сацыялогію можна лічыць навукай, то ён тады займаўся навукай. Што да прыкладной сацыялогіі, то ён усяляк перашкаджаў незалежным даследчым цэнтрам, паліваў іх брудам. Ад яго ішлі гэтыя інавацыі, звязаныя з ліцэнзіямі і дазволамі на даследаванні. Ва ўсякім разе, ён гэта падтрымліваў», — сказаў Аляксандар Сасноў.
Пяць фактаў пра Ігара Катлярова
1. Катляроў — сябра праўладнай Кампартыі Беларусі.
2. У 1995 годзе абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета, які назваў крыніцай «разброду і хістання». У 1996 годзе падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, стаў сябрам Палаты прадстаўнікоў. З таго часу па 2008 год тройчы абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
3.Падчас выбараў старшыні Палаты прадстаўнікоў у 2000 годзе лабіраваў сябра Лукашэнкі Уладзіміра Канаплёва.
4. Адзін з экспертаў, якіх часта запрашалі на БТ, каб агучыць вынікі афіцыйных сацыялагічных даследаванняў і экзіт-полаў пра магутную народную падтрымку курса дзяржавы.
5. Катляроў час ад часу крытыкаваў недзяржаўныя сацыялягічныя структуры. Сярод іншага, аспрэчваў вынікі даследаваньня Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў пра падзенне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі.
Алесь Дашчынскі, svaboda.org