«Вы не так зразумелі». Журналісты паспрабавалі запісацца на МРТ у «прэзідэнцкую» клініку

Учора Аляксандр Лукашэнка зрабіў вялікі «разнос» Міністэрству аховы здароўя. Сярод іншага кіраўнік адзначыў доўгія чэргі (больш за год) на МРТ. Лукашэнка абурыўся, сказаўшы, што «МРТ у краіне не адно», і адзначыў, што «прэзідэнцкай» клініцы пастаўлена задача «прымаць усіх, каб людзі не крыўдавалі».

«Прэзідэнцкая» клініка. Фота з «экстрэмісцкага» рэсурсу

«Прэзідэнцкая» клініка. Фота з «экстрэмісцкага» рэсурсу


«Ну прынамсі, вось кіраўніца групы дакладвала: хто б да яе ні звярнуўся, ёй пастаўлена задача (гэта прэзідэнцкая бальніца) — прымай усіх, каб людзі не крыўдзіліся. Чаму не накіравалі сюды? Чаму ў цэнтр не накіравалі для таго, каб даследаваць? Гэта ж 5-7 хвілін, і ўсё — чалавек абследаваны. КТ, МРТ і гэтак далей. Гэта безадказнасць. Гэта ваша расхлябанасць. Інакш не скажаш. Вам напляваць, што чалавек памрэ праз тры дні. Шарлатаны!», — заявіў Лукашэнка.

Гаворка ідзе пра Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр, у якім абслугоўваюцца дзяржслужачыя. Атрымліваецца, калі патрабаванне палітыка будзе выканана, людзі з рэгіёнаў змогуць бясплатна абследавацца значна хутчэй, а не чакаць дыягностыкі некалькі месяцаў (ці нават больш за год).

Журналістка «Л*стэрка» патэлефанавала ў кол-цэнтр клінікі як звычайная грамадзянка, каб даведацца, як запісацца на МРТ тым, хто вельмі доўга чакае.

— Падкажыце, калі ласка, учора Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што людзям з рэгіёнаў можна будзе запісвацца на МРТ у Мінску, у рэспубліканскім медцэнтры. Я сама з невялікага горада, і ў мяне запіс толькі на люты. А тут, атрымліваецца, можна будзе хутчэй у вас зрабіць. Скажыце, а што для гэтага трэба?

— Калі ў вас на руках ёсць пісьмовая рэкамендацыя альбо накіраванне на якое-небудзь даследаванне, МРТ або КТ, калі ласка. Запіс папярэдні, але калі пацыент у цэнтры не абслугоўваецца, паслуга будзе на платнай аснове.

— Проста ў выступленні гаворка ішла аб бясплатным абследаванні.

— Бясплатна абслугоўваецца толькі прымацаванае насельніцтва.

— А гэта, атрымліваецца, мінчукі?

— Не, у цэнтры абслугоўваюцца дзяржслужачыя на пасадах. Толькі яны могуць на гэты момант атрымліваць паслугі бясплатна. Усе астатнія могуць атрымліваць паслугі толькі на платнай аснове. Бясплатна вы абслугоўваецеся па месцы жыхарства.

— Гэта значыць бясплатна па накіраванні нельга будзе? Таму што я так зразумела, што Аляксандр Рыгоравіч пра гэта казаў…

— Бясплатна вы абслугоўваецеся па месцы жыхарства, вы прымацаваны да паліклінікі. Там вы можаце атрымліваць паслугі. Усё астатняе вы можаце атрымаць толькі на платнай аснове.


— Проста пра гэта было ў «Пуле першага» напісана. Атрымліваецца, усё не так?

— Магчыма, вы не зусім правільна зразумелі. Тут, вы ж разумееце, кожны чалавек прымацаваны да вызначанай медыцынскай установы. Вы — па месцы жыхарства, тыя пацыенты, якія абслугоўваюцца тут, у цэнтры, прымацаваны па месцы працы, у асноўным гэта дзяржслужачыя. Калі вы не адносіцеся да катэгорыі дзяржслужачых, вы не можаце атрымаць паслугі ў нашым цэнтры бясплатна. Вы можаце атрымаць іх на платнай аснове.

— Зразумела. Проста ўчора прачытала, узрадавалася, што можна будзе вось так хутка ў Мінску ўсё зрабіць. Але, атрымліваецца, не? Толькі платна.

— Так.

Між тым у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры МРТ аднаго аддзела пазваночніка абыдзецца ў 131,24 рубля, каленнага сустава — у 168,8 рубля, а вось за малочныя залозы прыйдзецца аддаць 266,47 рубля (усе цэны пазначаны без кошту кантраснага рэчыва).