Вольгу Класкоўскую экстрадуюць у Беларусь

Міністэрства юстыцыі Швецыі дазволіла экстрадыцыю Вольгі Класкоўскай ў Беларусь.



klaskovskaja.jpg

Пра гэта паведаміла БелаПАН яе маці Людміла Класкоўская пасля тэлефоннай размовы з дачкой.
Пра рашэнне Мінюста Вольга Класкоўская была пісьмова апавешчана ў турме. Цяпер вырашаюцца тэхнічныя пытанні экстрадыцыі, забіраць Вольгу з шведскай турмы прыйдзецца прадстаўнікам беларускіх праваахоўных органаў.
Па словах Людмілы Класкоўскай, Мінюст Швецыі нарэшце знайшоў «сур'ёзныя падставы для экстрадыцыі, паколькі ў Беларусі ў Вольгі ёсць непаўнагадовая дачка і маці». Людміла Класкоўская таксама ўпэўненая, што на рашэнне шведскіх уладаў аказалі сур'ёзны ўплыў неаднаразовыя звароты да іх яе, дачкі і Генеральнай пракуратуры Беларусі. «Мы не дамагліся ў Швецыі справядлівасці, цяпер усё ў руках выключна беларускіх уладаў», — адзначыла маці Вольгі.
Людміла Класкоўская паведаміла, што пасля вяртання ў Беларусь Вользе прыйдзецца пэўны час знаходзіцца ў СІЗА, а Вярхоўны суд павінен будзе вырашыць яе далейшы лёс — які тэрмін і дзе адбываць. Пры гэтым, па словах маці, ёсць шанец на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. "Лёс маёй дачкі будуць вырашаць беларускія ўлады. Вольга лічыць, што знойдзе тут больш разумення і справядлівасці і што ёсць магчымасць выйсці на свабоду», — адзначыла яна.
Дабіўшыся экстрадыцыі дачкі, Людміла Класкоўская мае намер змагацца за вяртанне Вользе яе малалетняга сына Адама, з якім маці Стакгольмскі суд забараніў сустракацца.
Нагадаем, грамадзянка Беларусі Вольга Класкоўская была затрыманая вясной 2013 года ў горадзе Ханінге паўднёвей Стакгольма па падазрэнні ў замаху на забойства былога мужа. Да гэтага яна некалькі гадоў жыла ў Швецыі. У 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем, але неўзабаве зноў з'ехала ў Швецыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына. Дакументы на атрыманне віду на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 г. стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у атрыманні віду на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без права абскарджвання.
6 лютага 2013 г прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай малалетняга сына Адама ў сувязі з тым, што ў яе няма віду на жыхарства ў гэтай краіне і яна не можа забяспечыць сыну нармальныя ўмовы пражывання.
23 жніўня 2013 года Стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства былога мужа Гёкая Безгіна. Яна была асуджаная да васьмі гадоў турэмнага зняволення. Суд таксама абавязаў яе выплаціць Безгіну кампенсацыю ў 110 тысяч шведскіх крон. 5 лістапада Апеляцыйны суд Стакгольма пакінуў прысуд у сіле, але тэрмін турэмнага зняволення скараціў да сямі гадоў. Вярхоўны суд не стаў разглядаць справу Класкоўскай, і ў сярэдзіне снежня яе перавялі ў турму Хінсеберг ў 200 кіламетрах ад Стакгольма.
У канцы лютага 2014 г. Вольгу перавялі ў жаночую турму асабліва строгага рэжыму Істад на поўдні Швецыі.
naviny.by