Вольга Класкоўская: Свая радзіма — гэта свая радзіма, свая турма — гэта свая турма

Маці арыштаванай на 7 гадоў у Швецыі беларускі Людміла Класкоўская чакае «вырашэння тэхнічнага боку пытання перадачы яе дачкі беларускім уладам» і спадзяецца пабачыць Вольгу ў аэрапорце, калі будзе адбывацца тая перадача. З прычыны бюракратычных працэдур адбыцца гэта можа празь некалькі месяцаў.



valadarka.jpg

У жаночай турме гораду Істад, дзе адбывае пакаранне Вольга Класкоўская, паведамілі, што не могуць ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю пра магчымую экстрадыцыю Вольгі Класкоўскай у Беларусь:
«Не важна, як вы звернецеся ў нашу ўстанову — праз тэлефон ці лістом, — мы не можам даць вам аніякай інфармацыі».
Пра тое, што Вольгу могуць вывезці ў Беларусь, нічога не ведае і яе адвакат Томас Нільсан — ён не кантактаваў з Вольгай з часоў апеляцыйнага суду, які год таму зменшыў ёй пакаранне з 8 да 7 гадоў:
«У мяне няма інфармацыі пра экстрадыцыю. Я не кантактаваў з ёю з таго часу, як адбываліся судовыя паседжанні. Іншая справа, што я і не маю права распаўсюджваць такога роду інфармацыю», — сказаў Томас Нільсан Свабодзе.
Тым часам маці Вольгі Класкоўскай Людміла Класкоўская не губляе спадзеваў, што праз месяц ці два дачка вернецца ў Беларусь:
«Я звярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі, Міністэрства замежных спраў Беларусі і Вярхоўны суд. Але падкрэсліваю, што гаворка не вядзецца пра вызваленне Вольгі. Мы ведаем, што Вольга будзе сядзець у Беларусі. Але тут мы з унучкай Міраславай зможам яе адведваць».
Прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Пётар Кісялёў сказаў Свабодзе, што «інфармацыя пра Вольгу Класкоўскую з'яўляецца службовай, і паколькі закранае інтарэсы канкрэтных людзей, для распаўсюду яна не прызначаная».
Людміла Класкоўская лічыць, што ў Беларусі ўлады больш па-чалавечы паставяцца да сітуацыі, у якую трапіла яе дачка, і ў Вольгі з'явіцца шанец на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці скарачэнне тэрміну:
«Волечка вельмі задаволеная. Пазаўчора яна пазваніла мне, і першая фраза, якую я ад яе пачула, была: „Я еду дадому і згодная сядзець у беларускай турме“. Свая радзіма — гэта свая радзіма, свая турма — гэта свая турма. І тут ёсць перспектывы на вызваленне. У Швецыі няма ніякіх перспектыў, бо яна там чужынка».
Паводле Людмілы Класкоўскай, цяпер улады Швецыі і Беларусі абмяркоўваюць тэхнічныя бакі экстрадыцыі, гэты працэс можа заняць некалькі месяцаў:
«У Генеральнай пракуратуры мне паведамілі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі па яе паедуць у Швецыю. У Мінску яна будзе дастаўленая ў СІЗА, дзе будзе чакаць рашэння беларускага суду, які будзе адаптоўваць рашэнне суду Швецыі. Далейшы лёс Вольгі залежыць ад дзеянняў беларускіх уладаў. Мы вельмі спадзяёмся, што наша судовая ўлада разбярэцца ў яе трагедыі па-чалавечы».
Старэйшая дачка Вольгі Класкоўскай Міраслава цяпер жыве ў Беларусі ў сям’і свайго бацькі. Сын Вольгі Адам, імаверна, знаходзіцца ў сям’і свайго бацькі, аднак дакладнай інфармацыі пра ягоны лёс няма. Вольга Класкоўская з ім ня бачылася.
Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі ўвесну 2013 году ў шведскім горадзе Ханінге па падазрэнні ў замаху на забойства былога мужа. У жніўні 2013 году стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства былога мужа Гёкая Безгіна. Яе асудзілі на 7 гадоў зняволення, якое яна адбывала ў жаночай турме асабліва строгага рэжыму ў Істадзе на поўдні Швецыі.
svaboda.org