Уганараваныя Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці. Лідэрам году названая Святлана Алексіевіч

15 студзеня Асамблея зладзіла сёмую цырымонію ганаравання пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянкай супольнасці”, каб адзначыць лідэраў і найбольш значныя падзеі трэцяга сектару за мінулы год.



cempijony.jpg

Фота euroradio.fm

У намінацыі “Грамадскі лідэр году” перамагла Святлана Алексіевіч. Атрыманне ёй Нобелеўскай прэміі аб'яднала беларусаў, а грамадская пазіцыя прымусіла задумацца пра сітуацыю ў краіне. Прыз за спадарыню Святлану атрымала мастацтвазнаўца, блізкая сяброўка і калега Тацяна Цюрына.

Прэмію ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымалі студэнты Тэатральнай лабараторыі Фонтынбрас пры Беларускім свабодным тэатры за серыю перфомансаў у падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Рэгіянальнай падзеяй назвалі Абарону берагу возера Балдук у Пастаўскім раёне ад забудовы. Сябры арганізацый “Зялёная сетка”, “Экадом”, “Ахова птушак Бацькаўшчыны” разам з мясцовымі жыхарамі з 2012 году змагаюцца супраць пабудовы праваслаўнага лагеру ля возера.

У намінацыі “Партнёрства году” быў адзначаны Гуманітарны маршрут “Беларусь-АТО”. Сёлета гэта намінацыя была ўведзена ўпершыню, і ўручаецца за салідарныя дзеянні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб'яднала партнёраў з розных сфер і сектараў на карысць грамадзянскай супольнасці. Статуэтку і дыплом на цырымоніі атрымалі ініцыятар ініцыятывы Андрэй Стрыжак і валанцёры.

Найлепшым сайтам НДА быў названы партал adukacyja.info.

Антыпрэміяй “Гарбуз” году адзначылі Міністэрства інфармацыі за загад знішчыць наклад кнігі Віталя Сіліцкага “Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі”.

Журы прэміі, у якую сёлета ўвайшлі 114 чалавек, у намінацыі “Крэатыў году” адзначылі Стрыт-арт фэст Urban Myths у Менску. Прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” атрымаў кіраўнік праекта Signal Алег Ларычаў.

За аператыўнае асвятленне актуальных для няўрадавага сектару тэмаў у намінацыі “Мэдыя/журналіст году” прыз атрымаў блогер Антон Матолька. Адзначым, што за гэту ўзнагароду ішла самая вострая барацьба за перамогу.

Кампаніяй году была названая Кампанія за салідарныя дзеянні з кадэтамі Ястрэмбельскай школы-інтэрнату (#Пагоняпобач). Прэмію атрымалі ініцыятары падтрымкі смелых кадэтаў прадстаўнікі “Арт Сядзібы”. Пераможцы паабяцалі статуэтку даслаць дырэктару школы-інтэрната.

Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцці трэцяга сектару. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятываў ды кампаніяў. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы, у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы, грамадскія лідэры і эксперты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.

Паводле прэс-рэлізу