У Валожыне перад прыездам Лукашэнкі масава знішчалі катоў і сабак — многія былі з ашыйнікамі

Пра масавае знішчэнне ў Валожыне катоў і сабак паведамляецца ў сацсетках. Гэта звязваюць з тым, што 19 кастрычніка горад з нагоды «Дажынак» наведаў Аляксандр Лукашэнка.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На паведамленні у «ЦікТоку» звярнуў увагу блогер Антон Матолька. Ён піша, што «як заўсёды, паказальныя падрыхтоўкі [да прыезду Лукашэнкі ў Валожыне] пачаліся ледзь не за месяц — новыя дарожкі, платы, малюнкі на фасадах будынкаў». «Гэта ўсё добра, вось толькі многія жыхары зусім не радыя ні «Дажынкам», ні таму, што ён туды наогул прыехаў», — распавядае блогер.

«Таму што 10 кастрычніка службы адлову ў прамым сэнсе зачысцілі горад ад сабак і катоў, пры тым, што многія гадаванцы былі з ашыйнікамі і біркамі з нумарамі іх уладальнікаў. У сеціве ўжо дастаткова сведчанняў таго, што санітары насуперак закону (які дае людзям пяць дзён, каб забраць сваіх гадаванцаў) забівалі жывёл прама ў момант адлову і закідвалі ў кузаў машыны ўперамешку жывых, параненых і ўжо не жывых сабак і катоў», — адзначе Матолька.

Паводле яго слоў, мясцовыя жыхары «кажуць, што нікому не далі выратаваць нават сваіх гадаванцаў, і звязваюць тое, што адбылося, менавіта з тым, што ў горад збіраўся Лукашэнка, які, дарэчы, сёння правёў у Валожыне ўсяго адну гадзіну».

Пра гэтыя падзеі распавядае таксама «Салідарнасць».

«19 кастрычніка ў Валожыне святкуюць абласныя «Дажынкі». Свята ўраджаю, якое дзесяць гадоў таму панізілі ў рангу прапагандысцкіх свят, зноў на кані: напярэдадні свайго перапрызначэння Лукашэнка наведвае ўжо трэці фестывальны райцэнтр», — піша выданне.

Са спасылкай на паблікі абаронцаў медыя адзначае, што гаспадароў катоў і сабак «пазбавілі законнага права вярнуць сваіх гадаванцаў на працягу пяці сутак пасля адлову». Пры гэтым «людзі звязваюць жорсткую расправу над жывёламі з прыездам у горад Лукашэнкі».


Глядзіце таксама

«Пякельнае свята выйшла. З ахвярапрынашэннем. «Дажынкі», што, усюды суправаджаюцца кровапраліццем? Ахвяры ва ўгоду будучаму ўраджаю?» — абураюцца грамадзяне.

Паводле артыкула, у каментарах у сацсетках людзі пішуць, што падобнае адбываецца ў многіх райцэнтрах. Праблема ў тым, што «прытулкі для ператрымкі адлоўленых жывёл практычна адсутнічаюць за межамі самых буйных гарадоў краіны».

«Гэтая гісторыя падсвятляе і адзін вядомы прапагандысцкі аспект. У апошнія гады Лукашэнка рэгулярна з'яўляецца на публіцы з белым шпіцам, якому дазволена нават знаходзіцца на абедным падчас запісу інтэрв'ю.

У траўні 2022-га прапаганда раскруціла сюжэт пра тое, як кіраўнік нібыта выратаваў ад гаспадыні-жывадзёркі шчанюка: «Гісторыя, якая адбылася на днях, наўрад ці пакінула кагосьці абыякавым. Кадры ў пачатку відэа, як жанчына збівае сабаку, проста шакуюць! Іх убачыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт не так даўно казаў, што тры рэчы для яго непрымальныя: плач дзяцей, гвалтаванне жанчын і забойства жывёл. Аляксандр Лукашэнка не мог прайсці міма такога здзеку: даручыў адшукаць і гаспадыню, і сабаку».

Іншымі словамі, прапаганда лепіць з яго вобраз лагоднага пенсіянера з белым шпіцам, неабыякавага да лёсу іншых сабак. Гісторыя ў Валожыне паказвае сапраўдны твар і пенсіянера, і тых, хто спрабуе яму дагадзіць. Паліграф Паліграфавіч Шарыкаў, уласнай персонай».