У Расіі абноўлены рэкорд па COVID-смяротнасці. А што ў Беларусі?

За суткі ў Расіі ад каронавіруса памерлі 820 чалавек і 19 630 новых хворых. У суседняў Украіне — 1 581 новы пацыент з COVID-19 (а гэта крыху больш, чым у Беларусі), але памерлі — 45 чалавек. Беларусь жа — выспа стабільнасці.

2656967.jpg

Нягледзячы на зніжэнне ўзроўню захворвання ніжэй за 20 тысяч выпадкаў на суткі, паказчыкі смяротнасці ў Расіі застаюцца высокімі.

За мінулыя суткі ў Расіі ад каронавіруса памерлі 820 чалавек, што стала максімальным паказчыкам з пачатку пандэміі. Пра гэта сведчаць даныя оперштаба ў чацвер, 26 жніўня, паведамляе korrespondent.net.

Усяго, паводле афіцыйных даных, у Расіі ахвярамі інфекцыі сталі 179 243 чалавекі. Пры гэтым за суткі выявілі 19 630 выпадкаў захворвання. Усяго за час пандэміі — 6 824 540.

У Беларусі ж за апошнія суткі зарэгістраваны 1 551 пацыент з COVID-19, выпісаныя — 1 504 пацыенты, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя. Пра колькасць памерлых за суткі інфармацыі пакуль няма. Аднак адзначаецца, што «за ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 3 тысячы 723 пацыенты з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй». Учора на гэтым канале гаварылася, што «памерлі 3 тысячы 712 пацыентаў». Так што можна паспрабаваць выказаць здагадку, што за суткі ў Беларусі памерлі 11 чалавек.

Агулам з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 474 тысяч 403 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 467 тысяч 836 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.

Між тым, у суседняй Украіне паказчыкі захворвання таксама пагаршаюцца. Так, за мінулыя суткі зафіксаваны 1 581 выпадак (што нязначна больш, чым у Беларусі), але памерлі — 45 чалавек.

У суседняй Літве — з насельніцтвам каля 3 мільёнаў чалавек — за мінулыя суткі выявілі 703 новыя выпадкі захворвання, 7 чалавек памерлі. Усяго ж у Літве з пачатку пандэміі COVID-19 захварэлі 296 096 чалавек. Ад каронавіруса памерлі 4 513 чалавек, з іх 23 былі цалкам прышчэпленыя. Усяго з гэтым захворваннем —непасрэдна і ўскосна — звязана 9 185 смярцей, паведамляе www.delfi.lt.

Наогул жа, паводле даных СААЗ, прырост выпадкаў каронавіруса ў свеце пачаў стабілізавацца на адзнацы каля 4,5 млн. новых выпадкаў на тыдзень.