У Польшчы збіраюцца расследаваць «візавую аферу». Чым гэта пагражае беларусам?
Дэпутаты Грамадзянскай кааліцыі ўнеслі ў Сейм Польшчы праект пастановы аб стварэнні следчай камісіі па так званай «візавай аферы». Яго падпісалі больш за 110 з 157 дэпутатаў кааліцыі. Пра дакумент распавядае выданне Most са спасылкай на Rzeczpospolita.
Камісія павінна будзе ацаніць законнасць дзеянняў дзяржорганаў і расследаваць выпадкі злоўжыванняў пры легалізацыі замежнікаў у Польшчы з 1 студзеня 2019 года да 20 лістапада 2023 года.
У ліку іншага камісія павінна будзе ацаніць працу візавых пасярэднікаў і правамернасць пагадненняў з імі.
У абгрунтаванні дакумента гаворыцца, што выклікае трывогу колькасць людзей, якія ў апошнія гады легалізавалі сваё знаходжанне на тэрыторыі Польшчы або падалі заявы з гэтай мэтай. Перш за ўсё ініцыятараў дакумента насцярожвае міграцыя з краін Афрыкі і Азіі.
За апошнія 30 месяцаў Польшча выдала замежнікам больш за 1,95 млн віз, у тым ліку каля 1,782 млн нацыянальных. У асноўным іх атрымалі грамадзяне Беларусі і Украіны. І толькі 375 тыс. шэнгенскіх і нацыянальных віз было выдадзена грамадзянам іншых краін. У асноўным гэта Турцыя (крыху больш за 51,1 тыс. віз), Расія (44,6 тыс.), Індыя (44,2 тыс.), а таксама Казахстан, Узбекістан, Грузія, Філіпіны і іншыя.
Хоць фармальна насцярожанасць звязаная з сумнеўнымі нагодамі ўезду і знаходжання ў краіне жыхароў Азіі і Афрыкі, апошнім часам стала больш жорсткай візавая палітыка Польшчы ў дачыненні да ўсіх краін. Беларусам сталі адмаўляць у візах, калі раней яны атрымалі гуманітарную або PBH-візу, але выкарыстоўвалі яе не па прызначэнні.
Акрамя таго, у Беларусі перасталі адкрываць польскія гуманітарныя візы, а для выдачы віз PBH, якімі карысталіся айцішнікі, з'явіліся дадатковыя ўмовы. Рабочыя візы па-ранейшаму выдаюць, але больш строгім стаў падыход да запрашэнняў ад працадаўцаў.
У верасні консульствы Польшчы ў Беларусі аднавілі прыём дакументаў на турыстычныя візы, але ў рэальнасці, як кажуць у беларускіх турфірмах, з адмовамі сутыкаюцца 90% заяўнікаў.
Нагадаем, у Польшчы разгарэўся візавы скандал. У
жніўні Еўрастат паведаміў, што ў 2022 годзе Польшча выдала больш за 700 тысяч
дазволаў на працу замежнікам са 148 краін, і гэта першае месца сярод усіх краін
ЕС. За
гэтым рушылі ўслед абвінавачанні ў тым, што візы выдаваліся па карупцыйных
схемах, а многія мігранты, якія прыбылі ў Польшчу нібыта для працы, на самай
справе маглі з'ехаць у іншыя краіны ЕС. У сувязі з гэтым МЗС Польшчы пачаў
праверку, а пазней заявіў, што скасуе дамовы з візавымі пасярэднікамі. Гэта не кранула візавага цэнтра VFS Global у
Беларусі.