У кожнага чацвёртага беларуса, старэйшага за 16 гадоў — лішняя вага
У 25,2% беларусаў, старэйшых за 16 гадоў — лішняя вага. Часцей за ўсё на яе пакутуюць жыхары вёскі. Пра гэта гаворыцца ў свежым зборніку Белстата «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцця насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
Па дадзеных статыстыкі, у кожнага чацвёртага дарослага беларуса ёсць залішняя вага. У сельскай мясцовасці яна ў 30% насельніцтва старэйшых за 16 гадоў, у гарадах — у 23,4%. У асноўным лішняй вагой пакутуюць людзі пасля 40 гадоў. Ва ўзроставай групе ад 40 да 49 гадоў такіх 23,7%, ад 50 да 59 гадоў — 36,7%, ад 60 гадоў і старэй — 37,2%.
Больш за ўсё людзей з лішняй вагой у Мінскай вобласці. Іх тут 28%. Менш за ўсё ў Мінску — 19,8%.
Пры гэтым па апошніх дадзеных фізкультурай і спортам займаецца 26,5% беларусаў, старэйшых за 16 гадоў. Гэта менш, чым у 2018 годзе. Тады такіх прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця было 27,3%.
Больш за ўсё прыхільнікаў фізкультуры сярод узроставай групы ад 16 да 29 гадоў. Іх 47%. Пры гэтым спортам займаюцца 30,1% гараджан і 16,7% сельскіх жыхароў.
Больш за ўсё тых, хто займаецца фізкультурай, у Мінску — 43,7%, а найменш — у Мінскай вобласці — 19,7%.
Паводле news.tut.by