У Гомелі СК адмовіў ва ўзбуджэнні справы ў сувязі з сэксуальнымі дамаганнямі да непаўнагадовага

Тое, што 17-гадовы Віталь Г. мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, не прымусіла следчую Людмілу Панамарышкіну, якая праводзіла праверку, распачаць неабходныя дзеянні для забеспячэння яго законных правоў і інтарэсаў.

homel_sk.jpg


Следчая першага следчага аддзялення Гомельскага гарадскога аддзела СК Людміла Панамарышкіна праводзіла дадатковую праверку па заяве прыёмнай маці хлопца Марыны К., якая доўгія месяцы патрабавала прыцягнення вінаватых асобаў, у іх ліку сукамернікаў Віталя Г. і супрацоўнікаў СІЗА-3, да адказнасці.
«Па выніках праверкі ў цяперашні час ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена паводле п.2 ч.1 арт. 29 КПК Рэспублікі Беларусь, гэта значыць, у сувязі з адсутнасцю ў іх дзеяннях прыкметаў грамадска-небяспечнай дзеі, прадугледжанай крымінальным законам, пра што вынесена пастанова 05.10.2016», — паведаміла следчы заяўніцы.
Дадзеная праверка доўжылася тры месяцы. Марына К. лічачы, што Людміла Панамарышкіна наўмысна зацягвае праверку, паколькі прама або ўскосна зацікаўленая ў яе выніках не на карысць Віталя, хадайнічала аб адводзе следчай, выказваючы сумневы ў яе кампетэнтнасці як службовай асобы Следчага камітэта. І, падобна на тое, што гэтыя сумневы небеспадстаўныя.
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра тэлефонную размову прыёмнай маці і следчай Панамарышкінай, у якой Марына К. звярнулася да яе з прэтэнзіяй з нагоды таго, што падчас правядзення праверкі тройчы апытанні Віталя праводзіліся без прысутнасці яе і адваката. Жанчына была вымушаная даказваць следчай, што непаўнагадовае дзіця з псіхафізічнымі адхіленнямі павінна дапытвацца/апытвацца ў прысутнасці свайго законнага прадстаўніка.
Можна ўявіць усю абсурднасць гэтай сітуацыі: у тэлефоннай размове прыёмная маці непаўналетняга зачытвала прадстаўніку следчага органа, які праводзіць у той момант праверку ў дачыненні да гэтага непаўналетняга (!), палажэнні закона аб правах дзіцяці. «Дзіця ва ўзросце чатырнаццаці гадоў і старэй мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі для ажыццяўлення і абароны сваіх правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, іншых арганізацыях і ў адносінах з службовымі асобамі і грамадзянамі без згоды бацькоў (папячыцеляў)» — кажа артыкул 13 «Абарона дзіцем сваіх правоў і законных інтарэсаў» закона.
А ці не наадварот павінна адбывацца, паводле фармальнай логікі?
Да ўсяго, следчая Панамарышкіна толькі ў сярэдзіне гэтай тэлефоннай размовы «ўспомніла, што прачытала заключэнне эксперта» адносна наяўнага ў Віталя псіхічнага разладу, зноў жа дзякуючы напорыстасці Марыны К.
Ці варта чакаць, што пры такім стаўленні да справы следчая Панамарышкіна патурбавалася аб тым, каб былі максімальна захаваныя працэсуальныя гарантыі непаўналетняга Віталя Г., і што наяўнасць у хлопца асаблівасцяў псіхафізічнага развіцця выклікала ў яе павышаную адказнасць у працы з матэрыяламі праверкі, як належыць у падобных сітуацыях?
Відавочна, гэтыя факты ставяць вялікі знак пытання перад пастановай, вынесенай следчай, якая прадэманстравала такі ўзровень сваіх прафесійных кампетэнцыяў.