У Бярозе затрымалі таксоўца, які паўтара года знішчаў вулічныя відэакамеры
У Бярозе за пратэсную дзейнасць затрымалі 23 гадовага таксоўца, паведамляе прэс-служба МУС. Імя хлопца не называецца, але яго паказалі ў міліцэйскім відэароліку.
Паведамляецца, што хлопец дзейнічаў з 2020 года. За гэты час
ён знішчыў 16 вулічных камер відэаназірання, пашкодзіў некалькі дзяржаўных
сцягоў. Таксама ён рабіў графіці на прыпынках грамадскага транспарту, будынках
дзяржустаноў і дамах, дзе жывуць міліцыянты.
Агулам у справе фігуруе 29 эпізодаў.
Міліцыянты сцвярджаюць таксама, што хлопец здзяйсняў гэта
ўсё ў нецвярозым стане, а таксама краў маёмасць, пакінутую без нагляду.
На яго пачалі крымінальныя справы па фактах крадзяжоў, наўмыснага пашкоджання чужой маёмасці, здзеку з дзяржсімвалаў, апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці.
Паводле «Еўрарадыё».