Суд у Маскве арыштаваў беларускага кікбаксёра Кудзіна на два месяцы
Дамадзедаўскі суд Масквы на два месяцы арыштаваў цяжкавагавіка Аляксея Кудзіна. Ён быў затрыманы ўчора ў Маскве па запыце беларускіх уладаў, паведамляе расійскі журналіст Аляксандр Люцікаў.
![Фота: Настасся Уткіна, rh.by Фота: Настасся Уткіна, rh.by](/img/v1/images/d09ad183d0b4d0b7d196d0bd_768x509_w7vko_juqbd.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Настасся Уткіна, rh.by
У Беларусі Аляксей Кудзін абвінавачваецца ў нанясенні цялесных пашкоджанняў прадстаўнікам праваахоўных органаў. У Маскве ён хаваўся каля двух месяцаў, жыў у кватэры свайго сябра Руслана Абдо, дзе і быў затрыманы.
Чакаецца, што да 1 сакавіка будзе вырашана пытанне аб экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь.
Нагадаем, цяжкаатлета Аляксея Кудзіна затрымалі на акцыі пратэсту 10 жніўня ў Маладзечне. Адпусцілі 21 жніўня, узбудзіўшы ў яго дачыненні крымінальную справу і абраўшы меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.
На судовае паседжанне 19 лістапада Кудзін не з'явіўся. Яго жонка распавяла, што раніцай муж паведаміў, што з'яжджае ў суд. Больш яна яго не бачыла, на тэлефонныя званкі ён не адказваў.
Пасля гэтага суддзя змяніла меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту, а Аляксея Кудзіна афіцыйна абвясцілі ў вышук.