Стваральнік 1863x.com у СІЗА аднаго з расійскіх гарадоў — Юхневіч
Некалькі дзён таму з'явілася інфармацыя, што стваральнік сайта 1863x.com, вядомы пад нікам Джон Сільвер, затрыманы ў Расіі.
Некалькі дзён таму з'явілася інфармацыя, што стваральнік сайта 1863x.com, затрыманы ў Расіі. Увечары 25 студзеня на сайце з'явілася публікацыя, якая гэта пацвярджае. Актывіст Павал Юхневіч, які кажа, што асабіста знаёмы са стваральнікам сайту, пагадзіўся адказаць на пытанні Радыё Свабода, датычныя сітуацыі з Джонам Сільверам.
— Ці вядома, дзе яго затрымалі?
— У адным з расійскіх гарадоў, пакуль пра гэта не магу сказаць.
— Чаму ён паехаў у Расію? (пасля крымінальнага пераследу ў Беларусі Джон Сільвер парушыў падпіску пра нявыезд і выехаў ва Украіну, дзе хацеў атрымаць палітычны прытулак. — РС.)
— На жаль, гэта невядома, мне самому хацелася б гэта ведаць.
— Але ён ведаў, што на тэрыторыі Расіі яго могуць затрымаць па запыце Беларусі?
— Магчыма, ён наіўна меркаваў, што яшчэ не час, бо з'ехаў ён з Беларусі недзе ў сярэдзіне восені. Безумоўна, гэта была вельмі грубая ягоная памылка, але я не ведаў пра гэта. Мне падаецца, што гэта сітуацыя выглядае правакацыяй, і вялікае пытанне выклікаюць тыя людзі, з якімі ён ехаў на сустрэчу.
— Яго нехта выклікаў?
— Па нейкай інфармацыі, так. Але чаму гэтыя людзі не маглі прыехаць ва Украіну, мне дзіўна.
— Пасля таго, як ён пераехаў ва Украіну, беларускія праваахоўныя органы праяўлялі да яго цікавасць? Ведалі, што ён там знаходзіцца?
— Наколькі я ведаю, выклікалі на размовы ці на допыты ягоных родных.
— Ці можа быць, што расійскія спецслужбы зацікавіліся гэтым чалавекам і адмыслова выклікалі яго на тэрыторыю Расіі?
— Я нічога не буду адмаўляць, бо ўсё выглядае вельмі дзіўна.
— Што з ім адбываецца цяпер і што будзе адбывацца далей?
— Зараз ён мусіць знаходзіцца ў СІЗА аднаго з гарадоў Расіі і чакаць экстрадыцыі ў Беларусь.
— Ці ёсць у яго юрыдычная дапамога?
— Хутчэй за ўсё — не.
— А кантакт з ім ёсць?
— Не.
— Нават ягоная жонка не мае з ім кантакту?
— Абсалютна ніхто не мае. Гэта самае цяжкое ў гэтай сітуацыі.
— Колькі можа заняць працэс экстрадыцыі?
— У межах двух месяцаў. Хацелася б, каб гэта было хутчэй. Як бы цынічна гэта не гучала, для ўсіх будзе лепш, калі Джон будзе ў Беларусі, хаця, вядома, трэба, каб ён быў на волі.
— У чым менавіта яго падазраюць у Беларусі?
— Наколькі я ведаю, першапачаткова адна са справаў была за публікацыю на ягоным сайце. А другая ўзнікла ўжо ў працэсе разгортвання першай. Следчы знайшоў на сайце карцінку, якую ён палічыў парнаграфіяй, хаця гэта была ілюстрацыя аднаго з антыбеларускіх паблікаў. І гэта палічылася за «распаўсюд парнаграфіі». Такім чынам, дзве крымінальныя справы.
— Ці ёсць у Беларусі людзі, якія ведаюць, хто такі Джон Сільвер?
— Як па пашпарце яго зваць? Я не ведаю, як ягонае прозвішча. Навошта? За чалавека мусіць казаць не імя, а ягоныя справы. Я лічу, што сваімі справамі ён даказаў, што ён да чагосьці здольны. Ён адзіны прыклад у Беларусі за шмат гадоў, калі чалавек без грошай, без грантаў, без падтрымкі палітычнай сілы з любога боку, проста ўзяў і зрабіў паспяховы праект, які звярнуў на сябе ўвагу. Гэта першы выпадак за шмат гадоў.
— Мне здаецца, дзіўная сітуацыя, калі чалавек так доўга захоўвае ананімнасць перад людзьмі, якія насамрэч яго падтрымліваюць і давяраюць ягонаму меркаванню, а ў той жа час праваахоўныя органы і спецслужбы ведаюць ягонае імя. Навошта гэта?
— Мы сустракаліся ў офлайне, і я не хаваю, што я з ім знаёмы асабіста. Мне гэта вельмі прыемна, для мяне дык гэта гонар. Ягоная ананімнасць для яго была прынцыповым пытаннем, бо гэта дазволіла выйсці за межы гэтага апазіцыйна-змагарскага гета і звярнуць на сябе ўвагу большага кола людзей. Усе, хто цікавіўся, хто такі Джон Сільвэр, мелі розныя версіі. Шмат хто лічыў, што гэта я. Мне гэта вельмі імпанавала, гэта сур’ёзная адзнака, я вельмі ўдзячны. Але ўсе расчараваліся і зразумелі, што гэта не Юхневіч і не нехта іншы. Проста такі хлопец, які раней не быў у апазіцыі, а проста ўзяў і зрабіў. Неістотна, хто ён, істотна, што ён робіць. Па сутнасці, гэта зараз адзіны рэсурс, які адкрыта супрацьстаіць расійскай інфармацыйнай экспансіі.
Сайт 1863х публікуе востра палітычныя тэксты, у якіх крытыкуюцца цяперашнія рэжымы ў Беларусі і Расіі. Аўтарам праекту называюць чалавека, які хаваецца пад псеўданімам Джон Сільвер.