Студэнты ЕГУ пачалі пікетаваць офісы донараў універсітэту

Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні 25 лістапада пачалі серыю пікетаў каля прадстаўніцтваў асноўных донараў сваёй вучэльні. Студэнты патрабуюць, каб донары паўплывалі на сітуацыю ва ўніверсітэце. У сітуацыі разбіралася Радыё Свабода. 

bdac07d1_dbd1_45b2_94ec_bbb52efb239c_cx0_cy19_cw0_w1023_r1_s.jpg

Што адбылося?

У жніўні студэнты ЕГУ абурыліся новымі правіламі аплаты навучання – каб вучыцца бясплатна, трэба мець сярэдні бал 9,61 з 10 і вышэй. Пазней стала вядома, што ўніверсітэт не працягнуў 5-гадовыя кантракты частцы выкладчыкаў, нанятым у 2014 годзе. Навучальны год частка студэнтаў пачала са страйку, іх патрабаванні на момант публікацыі ня выканалі.

Што цяпер патрабуюць студэнты-пікетоўцы?

Пікетаваць офісы донараў заклікала студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ. Паводле прэзідэнткі прадстаўніцтва Сабіны Аліевай, пікетоўцы дамагаюцца:

  • Адмены новых фінансавых правіл для студэнтаў;
  • Вяртанню рашаючага голасу студэнцкай і акадэмічнай супольнасці ва ўсіх органах кіравання;
  • Празрыстай кадравай палітыкі ЕГУ;
  • Адкрытых выбараў у Сенат ЕГУ і вяртанню яму паўнамоцтваў.


Студэнцкае прадстаўніцтва даслала лісты донарам універсітэту, «бо яны сапраўды могуць паўплываць на цяперашнюю сітуацыю ў універсітэце», сказала Аліева. Студэнты, якім блізкая пазіцыя студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ, плануюць цягам тыдня правесці серыю пікетаў ля офісаў донараў:

  • ля будынкаў прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Літве;
  • амбасады Швецыі;
  • Міністэрства замежных спраў Літвы.

У пікетах 25 лістапада ўзялі ўдзел 4 студэнты: 2 – каля МЗС і 2 каля амбасады Швецыі.

Што кажуць донары ЕГУ?

Паводле Аліевай, людзі якія выходзілі з МЗС Літвы не падыходзілі да студэнтаў. З амбасады Швецыі выйшла прадстаўніца дыпламатычнай місіі, выслухала пазіцыю пікетоўцаў. Прадстаўніца сказала, што памятае пра лісты студэнцкага прадстаўніцтва, яго накіравалі ў Стакгольм.

Ня ўсе студэнты хочуць пратэставаць

У ЕГУ ёсць група студэнтаў, якая не падзяляе патрабаванні студэнцкага прадстаўніцтва, а таксама не разумее сутнасць пратэсту. Як сказаў Свабодзе чацьвёртакурснік Данііл Багдановіч, студпрадстаўніцтва патрабуе ад адміністрацыі вырашэнне пытанняў, якімі займаецца савет дырэктараў. Апошнія, паводле Багдановіча, гатовыя да дыялогу.
«З апошняга студэнцкае прадстаўніцтва патрабуе ўключыць студэнтаў ЕГУ ў савет дырэктараў, каб яны прымалі рашэнні. Ім патлумачылі, што яны ня могуць вырашаць, як будуць даваць грошы вашаму універу – гэта будзе канфлікт інтарэсаў. Іншае патрабаванне – вярнуць звольненых выкладчыкаў. Узнікае пытанне, чаму звольненых, калі з імі не працягнулі кантракт. А таксама невядома, як іх вярнуць з пункту гледжання права. Наогул, як студэнт-юрыст, я лічу, што рашэнне мусіць быць прававым», – сказаў Багдановіч.

Што кажа адміністрацыя ЕГУ?

Кіраўнік аддзела камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімас Мілта аператыўна не пракаментаваў Свабодзе пазіцыю адміністрацыі ЕГУ адносна пікетаў студэнцкага прадстаўніцтва. Раней ён казаў, што публікацыі пра змены фінансавых правілаў «не адпавядаюць рэчаіснасці» (пазіцыю ўніверсітэту апублікавалі тут).
Заявы пра звальненне выкладчыкаў таксама «не адпавядаюць рэчаіснасці», бо ў іх цяпер скончыліся 5-гадовыя кантракты:
«Нарэшце, Стратэгія ЕГУ на 2019–2024 замацоўвае інтэрнацыяналізацыю як адну з асноўных мэтаў, таму і выкладчыцкі склад фармуецца на падставе гэтых крытэраў», – дадаюць у ЕГУ.
Што да кіравання ўніверсітэтам, адміністрацыя адзначае, што ў Сенаце цяпер 16% чальцоў – студэнты, і яны карыстаюцца ўсёй паўнатой правоў. Таксама студэнты ўваходзяць як паўнапраўныя чальцы ў камісіі разгляду спрэчак, акадэмічнай этыкі і іншых.