«Струмень, які вымыў з нас шэрыя зоны». Лідар J:МОРС — пра год вайны
Лідар папулярнага гурта J:МОРС Уладзімір Пугач зрабіў допіс у фэйсбуку да гадавіны поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне.
— Вайна заўсёды прагне жэрці жыццё, якое трапляецца ў яе на шляху, і ламаць лёсы, закранутыя па датычнай. Так альбо інакш для большасці з нас 2022 год скончыўся не 31 снежня, а сёння, 24 лютага 2023, — піша Уладзімір Пугач. — Страшны, цяжкі, дзіўны год. Адначасова боль, лютасць, роспач, расчараванне, надзея і вера. Трасе і падкідвае, як ад язды па старым бруку.
Цяпер у многіх з нас сярод сяброў, сваякоў і знаёмых ва Украіне ёсць тыя, хто вярнуліся і не вярнуліся з фронту, пацярпелыя, тыя, хто
суткамі вывозілі сем'і з-пад абстрэлаў па перапоўненых магістралях у пачатку
вайны, тыя, хто выжылі ў мінамётным абстрэле і звыкліся жыць пад выццё сірэн.
І, да ўсяго, дакучлівае пачуццё нерэальнасці таго, што адбываецца, як абязбол.
І ў той жа час год натхняльны. Час, які незваротна змяніў
нас да непазнавальнасці і прымусіў многіх з нас пачаць жыць з нуля. Струмень,
які вымыў з нас шэрыя зоны, дзе валадарылі звыклыя «не ўсё так адназначна», «мы
не ведаем усёй праўды». Струмень, які зрабіў бесчалавечнымі любыя спробы
апраўдваць геапалітыкай разбурэнне гарадоў, а сам тэрмін «геапалітыка» пошлым.
Я не ідэаліст, не наіўны чалавек. Людзі застаюцца людзьмі (і
перастаюць імі быць) незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і боку канфлікту.
Гэта прырода чалавека.
І тым не менш мы рэдкая генерацыя, якой ў агульнай карціне
свету адкрыліся дабро і зло амаль без прымешак, амаль у казачнай, міфічнай,
чыстай праяве. Напэўна, ненадоўга. Такое ўжо неаднаразова адбывалася ў гісторы,
і з пакаленнямі зноў растваралася ў шэрых зонах.
Але тут і цяпер нам давялося абвострана адчуць, што важна, а
што другарадна, што вечна, а што тленна.
Нам паказваюць неверагодна жахлівае і асляпляльна прыгожае,
што жыве і суіснуе ў нас. Нас зноўку вучаць, як дзяцей, верыць у дабро і зло як
у абсалют.
А яшчэ нас вучаць быць разам, верыць і спадзявацца. Вучаць
трымаць далоні раскрытымі, каб своечасова абняць і своечасова выцягнуць з
прорвы.
І на фоне ўсяго гэтага важна працягваць жыць і працаваць,
заставацца сабою, рабіць выбар і вучыць гэтаму дзяцей.
Ніколі раней так ясна я не разумеў, НАВОШТА і так цвёрда не
верыў у тое, ШТО я раблю. Гэта робіць мяне мацнейшым і дапамагае жыць далей.
Дабро пераможа.