Смерць у Жодзінскай турме: выпадковасць ці халатнасць персаналу?

Жыхарка Мінска Марына Георгіеўна Багданава звярнулася па дапамогу ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спадзяваннем дамагчыся пакарання медыцынскіх работнікаў Жодзінскай турмы №8, у якой нядаўна памёр яе сын. Маці лічыць, што медыкі неналежна выканалі свае прафесійныя абавязкі.



bagdanava_maryia.jpg

Марына Георгіеўна Багданава. Фота з сайта spring96.org

У жніўні 2015 года 36-гадовы Алег Багданаў патрапіў у п’яную бойку. Хлопца затрымалі, а ў канцы снежня 2015 года судом Ленінскага раёна Мінска ён быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ўзмоцненага рэжыму. На судзе ён сваёй віны не прызнаў, маці таксама лічыць, што ў гэтай справе не ўсё да канца высветлена. Таму і была пададзеная касацыйная скарга ў Мінскі гарадскі суд.

Асаблівасць адбыцця пакарання Алега Багданава ў “Турме №8” г. Жодзіна палягала ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна абследаваўся, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Пры абследаванні перад аперацыяй высветлілася, што ў Алега ў дадатак адсутнічае адзін сардэчны клапан, таму замест яго паставілі пратэз. Багданаў атрымаў ІІІ групу інваліднасці, страціў працу. Дарэчы, з-за сваёй хваробы яшчэ раней яму давялося развітацца таксама і з вучобай у Ваеннай акадэміі.

Пасля аперацыі неабходна было прымаць адмысловыя лекі, рэгулярна праводзіць лабараторныя абследаванні, назірацца ў кардыёлага, рабіць ЭКГ. Але як гэта можна якасна і прафесійна рабіць ва ўмовах зняволення?

Бацькі зрабілі ўсё, што змаглі ў гэтай сітуацыі: перадалі турэмным лекарам усе неабходныя медыцынскія заключэнні, лекі, спіс неабходных працэдур.

Але трывогу за сваё здароўе Алег не хаваў у лістах бацькам і нават у лісце суддзю, які разглядаў ягоную справу.

Яшчэ знаходзячыся ў СІЗА №1 на Валадарцы, Алег Багданаў 6 студзеня піша заяву на імя суддзі Ленінскага раёна Мінска Д. Астапенкі, якую прасіў далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы:

“У апошні час я вельмі дрэнна сябе адчуваю, медыцынская дапамога не аказваецца, дактары, фельчары і іншыя работнікі пад усемагчымымі нагодамі адмаўляюцца аказваць якую-небудзь дапамогу. Дабіцца “праўды” я не магу, я ўжо звяртаўся з пісьмовымі і вуснымі заявамі да начальніка СТ-8, начальніка медсанчасткі, але аніякіх дзеянняў з іх боку не было, акрамя напісання рапартаў за ляжанне на ложку.

Мае довады аб дрэнным самаадчуванні лічаць за сімуляцыю. Бачачы ўсю абсурднасць і бязвыхаднасць дадзенай сітуацыі, я вымушаны пакінуць завяшчанне і выказаць апошнюю волю.

Завяшчанне і апошняя воля.

 «Я, Багданаў Алег Уладзіміравіч, 1979 года нараджэння, знаходзячыся ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці, завяшчаю ўсю сваю маёмасць сваім бацькам.  Жадаю, каб пасля смерці маё цела аддалі агню, попел скарыстайце па сваім меркаванні.

Прашу гэтую заяву далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы.

А. Багданаў”.

І як адрэагаваў суддзя? Праз некаторы час, калі маці Алега Марына Георгіеўна прыйшла ў суд Ленінскага раёна, дык суддзя, выклікаўшы міліцыю, збег ад жанчыны ў прыбіральню.

 

spring96.org__files_images_li_e970e9e9476012f4068be2ce82d20bf7.jpeg

Дарэчы, са слоў маці, суддзя Д. Астапенка своечасова не перадаваў матэрыялы крымінальнай справы ў Менскі гарадскі суд, куды Марына Георгіеўна звярнулася з касацыйнай скаргай на ранейшы прысуд, хаця і павінен быў перадаць справу цягам месяца. Толькі нядаўна прызначана дата разгляду скаргі Менгарсудом – 29 сакавіка. Але чалавека ўжо не вернеш.

А Марына Георгіеўна, занепакоеная станам здароўя сына, працягвала звяртацца ў розныя інстанцыі, але  атрымлівала бюракратычныя адпіскі. Напрыклад, начальнік ПУ “Жодзінская турма №8” Д. Страбкоў паведамляе жанчыне:

“Ваш сын стаіць на дыспансерным ўліку, атрымлівае неабходнае сімптаматычнае лячэнне, штотыдзень праходзіць лабараторнае абследаванне…. У цяперашні час стан здароўя Багданава А. стабільна здавальняючы, скаргаў на здароўе не прад’яўляе”.

Пры гэтым маці дэманструе доўгі спіс перададзеных у турму лекаў, якія былі забраныя з камеры сына ў Жодзіна.

Апошні ліст ад сына Марына Георгіеўна атрымала пасля ягонай смерці, ён быў датаваны 28 студзеня.  Алег апісвае ўмовы ў Жодзінскай турме і сітуацыю са сваім здароўем:

«Кроў перыядычна здаю, але пра вынікі мне не кажуць. Гавораць, што ўсё ў норме. Варфарыну засталося на два тыдні. Патрэбныя абязбольваючыя сродкі.

«Бальніцы тут — гэта былыя карцары, знаходзяцца ў падвале. Камеры 3 на 2,5 метры, сядзяць ад 5 да 11 чалавек на тры ложкі. Днём ляжаць на ложку нельга, толькі сядзець. Падлога, сцены і столь бетонныя. Лячэння ніякага няма. Прашу ахоўнікаў выклікаць доктара — яны не выклікаюць».

За здароўем сачу, але часам робіцца дрэнна, здараюцца нейкія прыступы, я губляю прытомнасць, а на ложак класціся не дазваляюць — пішуць рапарты. А ў мяне ўжо чатыры заўвагі за тое, што ляжаў удзень на ложку. Хутка павядуць на карцар. На ўсякі выпадак я напісаў завяшчанне».

Вечарам 28 студзеня Алега Багданава за парушэнні правілаў унутранага распарадку перавялі з камеры 97 у адзіночную камеру 107, а па-просту — у карцэр.

На наступны дзень, Багданаў пасля пад’ёму ў 6 раніцы па камандзе выйшаў на калідор з матрасам. Кантралёр пагаршэння здароўя ў яго не заўважыў. Вядома, што праз паўгадзіны Алег адмовіўся ад сняданка. Праз некаторы час кантралёры ў вочка камеры заўважылі яго сядзячым на падлозе. Ён яшчэ нешта мармытаў. Кантралёр праінфармаваў дзяжурнага, затым тэлефанаваў начальству, потым адчынілі камеру. Нарэшце быў выкліканы фельчар, пачаліся рэанімацыйныя мерапрыемствы, да якіх праз паўгадзіны далучыліся і ўрачы хуткай дапамогі. Але не дапамаглі ні штучнае дыханне, ні ўвядзенне адрэналіну з атрапінам, і ў 7 гадзін 40 хвілін была канстатавана смерць.

Маці Алега дагэтуль не можа зразумець, як магло стацца, што сын мог памерці ў медчастцы — няўжо побач не было ні медыцынскага персаналу, ні кантралёраў-ахоўнікаў? Яны ж павінны пастаянна назіраць за камерамі. Чаму гэтага не было? Чаму сына разам з фельчарам ратавалі і іншыя зняволеныя? І чаму ёй паведамілі пра смерць сына толькі напрыканцы наступнага дня?

Справа ў тым, што 30 студзеня маці Алега з мужам прывезлі сыну перадачу, нават не падазраючы, што яго больш няма ў жывых. Прынялі перадачу і пры гэтым не паведамілі пра смерць сына. Толькі ўвечары, калі бацькі вярнуліся ў Мінск, ім патэлефанавалі з Жодзіна і паведамілі аб трагедыі. Сапраўды, пытанняў шмат.

Перакананыя ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, бацькі Алега звярнуліся ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікамі Жодзінскай турмы №8.

Пасля правядзення праверкі, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ім было адмоўлена, але як вынікае з адказу Жодзінскага гараддзела СК, у выпадку, калі будзе атрыманае заключэнне новай, камісійнай судова-медыцынскай экспертызы і пры наяўнасці прыкметаў складу злачынства, пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы можа быць адмененая.

Паводле ж заключэння эксперта ад 26 лютага, —  паведамляе ў адказе бацькам памерлага следчы, — смерць Багданава наступіла у выніку вострай сардэчнай недастатковасці, якая развілася на фоне перарасцяжэння поласцей сэрца і павышэння ціску ў лёгачнай артэрыі, што пацягнула за сабой парок развіцця аортальнага клапана. Пашкоджанняў на целе трупа не ўстаноўлена.

Хаця… у тым жа заключэнні дзяржаўнага медыцынскага судовага эксперта адзначаецца наступнае:

“Пры судова-медыцынскай экспертызе трупа выяўленыя крывепадцёкі левай галёнкі, ушыбы левай падмышачнай вобласці з пераходам на бакавую паверхню грудной клеткі. Крывепадцёкі левай галёнкі ўтварыліся ад дзеяння цвёрдага тупога прадмету ў тэрміны не меней за 6 сутак да моманту смерці і маюць прыкметы лёгкіх цялесных пашкоджанняў".

Чамусьці не патрапілі ў заключэнне экспертызы шырокія гематомы на спіне, якія заўважыла на целе маці Алега.

Аднак у пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы сцвярджаецца, што “ў ходзе агляду запісаў камеры відэаназірання ад пад’ёма да канстатацыі смерці Алега, фактаў супрацьпраўных дзеянняў не выяўлена”.

З пастановы таксама вынікае, што ў дачыненні да Алега ўсе неабходныя медыцынскія працэдуры ў турме праводзіліся рэгулярна і якасна, патрэбныя лекі, альбо іх айчынныя аналагі, былі ў наяўнасці і выдаваліся згодна з працэдурамі, а са скаргамі на стан здароўя Багданаў не звяртаўся.

Марына Георгіеўна шмат спадзяванняў ўскладвае на больш грунтоўную, камісіённую судова-медыцынскую экспертызу, якая неўзабаве павінна прайсці і заключэнне якой або пацвердзіць заключэнне папярэдняй экспертызы аб прычыне смерці, або абвергне яе.

“Я цяпер толькі гэтым і жыву, адстойванне справядлівасці дае мне моцы жыць далей”, — прызнаецца яна.


spring96.org

http://spring96.org/be/news/82613