«Слізкі тып»: жанчына атрымала 2 гады «хіміі» за абразу міліцыянта
Жыхарка Бярозы атрымала 2 гады «хатняй хіміі» за тое, што назвала міліцыянта «слізкім тыпам». 26 лютага Беразоўскі раённы суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 45-гадовай Валянціны Мядзведзь, якую абвінавачвалі ў абразе супрацоўніка міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
З матэрыялаў справы вынікае, што 17 лістапада 2020 года жанчына ў мясцовым телеграм-чаце напісала, што начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Дзмітрый Лішко «сапраўды гнілы і слізкі тып», параўнала яго з паліцаем.
Акрамя двух гадоў абмежавання волі суд абавязаў Валянціну Мядзведзь выплаціць міліцыянту 1,5 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Еўрарадыё