Што можа супрацьпаставіць грамадства паліттэхналогіям трэцяга пакалення
25 лістапада ў межах серыі лекцый “Галоўнае пытанне”, якія ладзіць Лятучы ўніверсітэт, выступіць Аксана Шэлест на тэму “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?”
Паліттэхналогіі трэцяга пакалення - канцэпт, уведзены беларускім філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам для схоплівання працэсаў маніпуляцыі грамадскай свядомасцю ў Беларусі і Расіі ў актуальнай соцыягістарычнай сітуацыі. Гэта разнавіднасць прыёмаў і метадаў, якія дазваляюць забяспечыць беспраблемнае існаванне аўтарытарных рэжымаў пры захаванні бачнасці дэмакратычных працэдур і наяўнасці палітычнай альтэрнатывы. Для таго каб рэалізоўваць сваю функцыю, паліттэхнолагам трэба мець інструменты кантролю пратэстнай часткі грамадства, яе паводзінаў і актыўнасці. Не менш важная задача - забяспечыць кіравальнасць грамадскай думкі, прычым не толькі «на паперы», маніпулюючы дадзенымі сацыялагічных апытанняў і прапагандысцкімі клішэ, але і ў рэальнасці. Эфектыўнасць выканання гэтых задачаў лёгка ацаніць нават неадмыслоўцу, варта толькі паглядзець на так званы «палітычны працэс» у Беларусі, і асабліва - на падзеі апошніх двух гадоў у Расіі.
Лёгкасць, з якой сучасныя паліттэхнолагі кіруюць грамадскай свядомасцю, здаецца амаль неверагоднай - з улікам адсутнасці «жалезнага заслона», адкрытасці доступу да інфармацыі пра падзеі ў краіне і ў свеце, наяўнасці груп і супольнасцяў, якія нясуць на сабе палітычную і цывілізацыйную альтэрнатыву ўсталяванаму парадку. Якія элементы механізма функцыянавання медыя-прасторы дазваляюць рэалізоўваць такое кіраванне? Як прынцыпы арганізацыі камунікацыі, заснаванай на чыстых і светлых ідэалах правоў чалавека, талерантнасці і мультыкультуралізму, становяцца інструментам у справе ўмацавання аўтарытарных рэжымаў? Якім чынам пабудаваная грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі і ці можам мы нешта змяніць у гэтым механізме так, каб вырвацца з кола ўзнаўлення устаноўленых правілаў гульні?
Лятучы ўніверсітэт запрашае разважаць над гэтымі пытаннямі разам з сацыёлагам, метадолагам Аксанай Шэлест. Лекцыя “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?” адбудзецца 25 лістапада ў межах цыкла “Галоўнае пытанне”. Пачатак а 18.30.
Усіх жадаючых просім папярэдне зарэгістравацца. Колькасць месцаў будзе абмежаваная.
Інфармацыя пра месца лекцыі будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам.
Дадатковая інфармацыя па тэл: +375297422040