Самае слабае звяно

Па дадзеных гандлёвага балансу аб’ём знешняга гандлю таварамі

за 2011 год склаў 86,1 млрд. долараў, у тым ліку экспарт — 40,3 млрд. долараў, імпарт — 45,8 млрд. долараў.

Вартасны памер экспарту ў параўнанні з 2010 годам па разліку ў бягучых коштах павялічыўся на 59,4%, або на 15 млрд. долараў, імпарту — 31,1%, або на 10,9 млрд. долараў.

Па дадзеных гандлёвага балансу аб’ём знешняга гандлю таварамі
за 2011 год склаў 86,1 млрд. долараў, у тым ліку экспарт — 40,3 млрд. долараў, імпарт — 45,8 млрд. долараў.
Вартасны памер экспарту ў параўнанні з 2010 годам па разліку ў бягучых коштах павялічыўся на 59,4%, або на 15 млрд. долараў, імпарту — 31,1%, або на 10,9 млрд. долараў.
У выніку апераджаючага тэмпу росту экспарту над імпартам велічыня адмоўнага сальда ў цэлым зменшылася з 9,6 да 5,45 млрд. долараў. На 4,15 мільярда! Пры гэтым паказнікі дынамікі экспарту і імпарту ў гандлі з рознымі краінамі аказаліся вельмі рознымі. Напрыклад, у гандлі з краінамі СНД, на якія прыпадае 56% агульнага знешнегандлёвага таваразвароту, адмоўнае сальда павялічылася з 6,9 да 8,6 млрд. долараў.
Яшчэ больш пагоршыліся ўмовы і вынікі знешняга гандлю Беларусі з краінамі Мытнага саюза (Расіяй і Казахстанам), на якія выпадае 82,7% таваразвароту Беларусі. На гэтым “вектары адмоўнае сальда павялічылася з 8,1 да 10,7 млрд. долараў.
У гандлі з краінамі, што месцяцца за межамі СНД, сітуацыя такая: таваразварот з імі павялічыўся да 38,5 млрд. долараў (на 47,9%), у тым ліку, экспарт — да 20,8 млрд. долараў (на 78,5%), а імпарт да 17,7 млрд. долараў (на 23,1%). Дзякуючы перавышэнню тэмпаў росту экспарту адмоўнае сальда ў 2,7 млрд. долараў зноў стала дадатным у памеры 3,13 млрд. долараў.
Бліскучы вынік, які прывёў да ўзнікнення знешняга падабенства сітуацыі пачатку нулявых гадоў. Тады, дзякуючы інтэграцыйным трызненням, Расія стварала такія ўмовы пастаўкі нафты, што продаж нафтапрадуктаў на Захад дазваляў Беларусі амаль выходзіць на дадатнае сальда знешняга гандлю.
Але сальда ў знешнім гандлі таварамі застаецца істотным і адмоўным, нягледзячы на значнае перавышэнне тэмпаў росту экспарту над імпартам. Прычым экспарт павялічвалі ў значнай ступені штучна, а імпарт скарачалі коштам дэвальвацыі нацыянальных грошай.
Як паведамляе Белстат, павялічэнне вартасных памераў экспарту і імпарту тавараў у 2011 годзе было абумоўлена як падвышэннем сярэдніх цэн, так і фізічных аб’ёмаў паставак. У параўнанні з 2010 годам сярэднія кошты экспарту павысіліся на 23,1%, імпарту — на 13,2%. Таварная маса экспарту павысілася на 29,5%, імпарту — на 15,8%.
Такім чынам, кан’юнктура для Беларусі склалася добрая па ўсіх таварных групах — інвестыцыйныя, спажывецкія, прамежкавыя. Асабліва добрыя ўмовы склаліся ў гандлі энергетычнымі таварамі. Як паведамляе Белстат, у параўнанні з 2010 годам сярэднія кошты экспарту энерганосьбітаў павысіліся на 35,8%, а фізічны аб’ем паставак павялічыўся на 51,3%. Больш чым напалову!
Рост коштаў на энерганосьбіты можна лічыць вынікам шматлікіх мінулагодніх рэвалюцый і іншых падзей у нафтаздабываючых краінах. Цяжка разлічваць на паўтарэнне нечага падобнага ў сярэднетэрміновай перспектыве. Адначасова нельга чакаць і такога магутнага падвышэння экспарту энерганосьбітаў. Колькі б іх не было ў Расіі, але ў кожным гаспадарчым годзе нават гэта мора мае свае колькасныя абмежаванні. Павялічэнне экспарту энерганосьбітаў хоць на Усход, хоць на Захад, наткнулася на межы сваёй эканамічнай мэтазгоднасці — умовы імпарту і экспарту энерганосьбітаў вызначаюцца агульнай неэфектыўнасцю яе эканомікі.
Асабліва выразна гэты выяўляецца па групе так званых прамежкавых тавараў, да якіх належаць энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя. На вытворчасць адзінкі таварнай вартасці беларускай эканоміцы трэба энерганосьбітаў ды іншага значна больш, чым канкурэнтам.
У гэтым слабасць беларускай эканомікі. Чым больш растуць яе памеры, тым большая млявасць ахоплівае прадпрыемствы.
У мінулым годзе была зроблена стаўка на падвышэнне колькасных паказнікаў, дасягненне якіх павінна было адкрыць магчымасці якаснага росту. Нічога гэтага не адбылося.
Лепш сказаць, цуду не адбылося, бо для яго не было абсалютна ніякіх рэальных перадумоў. Хіба толькі прамовы палітыкаў ды розных банкіраў.
На жаль, мала хто звяртае ўвагу на лаканічнае тлумачэнне малой эфектыўнасці знешняга гандлю, якое Белстат уключае ў кожную сваю справаздачу: “асноўнымі крыніцамі адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з’яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энеграносьбіты, сыравіна, матэрыялы, камплектуючыя). На энергетычныя тавары прыпадае 49,3 вартаснага аб’ему экспарту і 54,1% імпарту прамежкавых тавараў.
Улічваючы рэальныя дасягненні і велізарныя высілкі па шляху да іх, не застаецца нічога іншага, як працытаваць класіка, які параўноўваў паэзію са здабычай радыю: “В грамм добыча, в год труды... З той розніцай, што паэт выкарыстоўвае “слоўную руду. А нашы марнатраўцы псуюць на выраб дрэнных рэчаў выдатныя і дэфіцытныя даброты.