Сайт «Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў» унесены ў спіс рэсурсаў абмежаванага доступу

Сайт платформы «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» заблакаваны — адрас унесены ў спіс рэсурсаў абмежаванага доступу (спіс з такімі рэсурсамі недасяжны для прагляду звычайным карыстальнікам, але дасяжны для інтэрнэт-правайдэраў).

izobrazenie_2020_12_09_174543.png


Цяпер сайт не адкрываецца ў некаторых карыстальнікаў з Беларусі ў залежнасці ад іх аператара (у прыватнасці, пры спробе зайсці праз byfly з'яўляецца надпіс «не ўдаецца атрымаць доступ да сайта»), піша TUT.BY. Раней пры спробе зайсці на платформу з'яўлялася заглушка, якая кажа, што стваральнікі «забаранілі ўваход на гэты сайт з Беларусі без VPN», бо яны клапоцяцца пра бяспеку сваіх наведвальнікаў і іх звестак.

Але сайт па-ранейшаму адкрываецца з выкарыстаннем VPN-сервісаў.

Нагадаем, што платформа была запушчана ўсяго 9 дзён таму. Пра яе запуск абвясціла экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Паводле яе слоў, на гэтым рэсурсе збіраюцца сведчанні затрыманняў, катаванняў і збіцця, а таксама імёны тых, хто гэта здзяйсняў.

Рэалізацыяй праекта займалася Народнае антыкрызіснае кіраванне, якое ўзначальвае Павел Латушка, і ініцыятыва BYPOL.

— «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» — гэта анлайн-платформа, куды кожны пацярпелы, альбо сведка, альбо саўдзельнік злачынства можа загрузіць інфармацыю пра злачынства з доказамі. І кожнае злачынства будзе спачатку праверана юрыстамі і толькі потым апублікавана. Гэта значыць па сваёй сутнасці «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» — гэта адзіны рэестр злачынстваў з доказамі і злачынцамі, — патлумачыла на анлайн-прэс-канферэнцыі Святлана Ціханоўская.

Перш за ўсё, адзначыла Ціханоўская, кніга створаная для сілавікоў, «якія апынуліся ўцягнутыя ў рэпрэсіўную машыну», але не хочуць у ёй удзельнічаць і могуць заявіць аб чыстасардэчным прызнанні. Таксама «Кніга» створана для беларусаў, якія сталі сведкамі і ахвярамі катаванняў і гвалту з боку сілавікоў, і членаў выбарчых камісій.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, чалец Прэзідыума Каардынацыйнага савета Павел Латушка дадаў, што «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» — назапашвальная база. То бок, гэта не суд, а, хутчэй, агрэгатар інфармацыі.

Праект «Кнігі», па словах чальца Каардынацыйнага савета, створаны былымі супрацоўнікамі МУС, пракурорамі, следчымі, экспертамі ў галіне крымінальнага права, юрыстамі, адвакатамі, суддзямі і праграмістамі.

Стваральнік ініцыятывы BYPOL Андрэй Астаповіч растлумачыў, што да даты «Народнага трыбунала», які раней абвясціла Ціханоўская, публікаваць дадзеныя, атрыманыя для «Кнігі», не будуць — гэта будзе зроблена, «каб людзі маглі здзейсніць яўку з павіннай».

Між тым сёння платформа «23.34» заявіла пра пачатак супрацоўніцтва з «Адзінай кнігай рэгістрацыі злачынстваў». На сайце праекта 23-34.net анкету запоўнілі ўжо 4100 беларусаў, многія з іх пацярпелі ад жорсткасці і свавольства прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Каманда «23.34» і медыяпраект Аўгуст2020 задакументавалі падрабязныя паказанні больш 4200 пацярпелых.

«Доказы злачынстваў больш за 200 сілавікоў могуць быць выкарыстаны ЕКРП для падрыхтоўкі дадзеных і перадачы дасье ў міжнародныя судовыя і праваабарончыя інстанцыі. Для гэтага трэба дазвол пацярпелых», — напісаў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.