«Расьследаваньне генацыду насельніцтва Беларусі»: паказуха і падман
У красавіку 2021 года генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў аб пачатку крымінальнае справы аб «генацыдзе насельніцтва Беларусі ў часы Вялікае Айчыннае вайны і пасьляваенны перыяд». А ў чэрвені 2022 года ўжо расейскія дзяржворганы далучыліся да гэтае справы.
Андрэй Швед і кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін дамовіліся аб стварэньні сумеснае сьледчае групы. Пры гэтым расейскія сьледчыя абапіраюцца на паняцьцё «савецкі народ», у якое ўключаюць жыхароў Беларусі савецкага часу. І, дарэчы, стварэньне такое сумеснае групы значыць, што расейскія сьледчыя ўдзельнічаюць у раскопках і вывучэньні выкапаных рэчаў.
З 2021 года новыя раскопкі месцаў пахаваньня людзей, заяўленыя як фіксацыя доказаў генацыда насельніцтва Беларусі, зьдзейсьненага нацыстамі, адбыліся ўжо ўва ўсіх абласьцях Беларусі.
Першае, што кідаецца ў вочы ў сувязі з гэтым «дасьледаваньнем генацыду» — паказуха. Прыклад з Камянецкага раёна: у ліпені 2021 года пачаліся раскопкі ва ўрочышчы Равец ля вёскі Вялікія Мурыны Камянецкага раёна Берасьцейскае вобласьці. Даныя аб тым, што ва ўрочышчы Равец у 1941 годзе гітлераўцы расстралялі звыш за сто габрэяў, існавалі даўно. Паводле апавяданьняў краязнаўцы зь Берасьцейшчыны Рыгора Мусевіча, на пачатку 2000-х гадоў двойчы прыязджалі з-за мяжы нашчадкі габрэяў, якія ў першай палове ХХ стагоддзя жылі ў Камянецкім раёне і зьехалі да вайны. Гэтыя людзі намагаліся дабіцца ўстаноўкі помніка расстраляным ва ўрочышчы Равец габрэям з камянецкага гета. Але ўсе іх пісьмовыя звароты да беларускіх дзяржустановаў і ў 2001 годзе, і ў 2005 годзе засталіся без адказаў. А зараз, паводле адмашкі ці зь Менску, ці з Масквы, ва ўрочышчы вядзецца «расьследаваньне генацыду».
Але нават такая паказуха — далёка ня самая істотная рэч, зьвязаная з гэтым расьследаваньнем. Ёсьць доказы, якія ўказваюць на тое, што часткова за месцы расстрэлаў людзей гітлераўскімі нацыстамі сумесная расейска-беларуская сьледчая група жадае выдаць месцы расстрэлаў людзей Саветамі, а менавіта НКУС.
Падобным чынам Расея дзейнічае ў сябе — зь некаторае пары ў Расеі ўжо на афіцыйным узроўні робяцца заявы аб тым, што расстрэлы польскіх грамадзянаў у Катыні і іншых месцах у 1940 годзе зьдзейсьненыя не НКУС, а нібыта гітлераўцамі. Падобны хлусьлівы «погляд на гісторыю» Расея і яе беларускія памагатыя зараз распаўсюджваюць і на Беларусь.
Самы яскравы прыклад — раскопкі ў Шчакатоўскім (Навабеліцкім) лесе, якія вядуцца зь лістапада 2021 года. Паводле сьведчаньняў жыхароў з навакольных мястэчак, у гэтым лесе ў 1937 годзе НКУСаўцы расстрэльвалі людзей, у тым ліку жыхароў Чарнігаўскай вобласці Ўкраіны. Напачатку 1990-х гадоў гэтыя злачынствы расьследавала Гомельская абласная пракуратура. Тады экспертыза вынесла заключэньне: пахаваньні ў Шчакатоўскім лесе адносяцца да даваеннага часу.
Але яшчэ ў 2007 годзе той жа 52-гі пошукавы батальён Міністэрства абароны, які вядзе раскопкі зараз, цішком раскапаў у Шчакатоўскім лесе дзьве магілы. Гомельскія актывісты ўжо тады падазравалі, што ўлады намагаюцца выдаць савецкія расстрэлы за гітлераўскія.
Зноў раскопкі ў Шчакатоўскім лесе пачаліся напрыканцы 2021 года, ўжо ў рамках згаданага «расьследаваньня генацыду насельніцтва Беларусі». Пры гэтым у афіцыйных паведамленьнях мейсца раскопак называецца не Шчакатоўскім або Навабеліцкім лесам, а Чонкаўскім лесам, згодна з назвай лясгаса, хаця раней ніколі гэтыя мясьціны так не называліся. Магчыма, гэтае робіцца з мэтай ўвесьці ў зман, таму што тэма расстрэлаў НКУС у Шчакатоўскім лесе ў мінулыя гады неаднаразова асьвятлялася ў СМІ.
Пра тое, што гаворка ідзе аб адным і тым жа месцы, сьведчаць даныя аб каардынатах раскопак, сабраныя гомельскім інтэрнет-выданьнем «Флагшток». Паводле іх, цяпер раскопкі вядуцца ў непасрэднай блізкасьці ад месца раскопак, якія выконвала Гомельская пракуратура ў 1995 годзе, вынікам якіх, як сказана вышэй, стала заключэньне аб расстрэлах у даваенныя часы. Гэта тэрыторыя Шчакатоўскага леса ў паўтара кіламетрах ад рэстарана «Чабарок».
Падрабязныя вынікі расьследаваньня Гомельскае пракуратуры 1995 года апублікаваў археолаг Гомельскага абласнога краязнаўчага музэя Аляксандр Штаменка. Ягоны артыкул увайшоў у зборнік «Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў ХХ стагодьдзі», зроблены на аснове матар'ялаў навуковае канферэнцыі 1997 года. Вось цытата з артыкулу: «С первых дней работы крайне важно было обнаружить такие предметы, по которым можно было судить о времени и авторстве расстрелов. Ответ на все эти вопросы найден совершенно неожиданно. При расчистке футляра от расчёски, происходящего из нижнего заполнения могилы № 2, проявилась процарапанная на нём надпись. Текст был нанесён при помощи острого предмета на обе стороны футляра. В результате расшифровки выяснилось, что обладатель данного футляра был арестован во вторник 19 августа 1937 года и находился под следствием до четверга 7 октября 1937 года».
Месца раскопак у Шчакатоўскім лесе ў 2021 годзе наведваў Андрэй Швед, а таксама памочнік міністра абароны па ідэалягічнай працы Леанід Касінскі. З гэтага можна зрабіць вывад, што фармаваньне хлусьлівае версіі расстрэлаў узятае гэтымі чыноўнікамі пад асабісты кантроль.
Іншы прыклад — Воранаўскі раён Гарадзенскае вобласьці. У кастрычніку 2022 года выданьне «Воранаўская газета» паведаміла аб «новым факце генацыда беларускага народа». Са спасылкай на экспертызу вынікаў раскопак 2007 года гэтае выданьне напісала, што ў пясчаным кар'еры каля вёсцы Вайкунцы адбываліся расстрэлы людзей «у гады Вялікае Айчыннае вайны і ў пасьляваенны час». Расстрэлы ў пасьляваенны час могуць значыць толькі адно: іх здзяйсьнялі Саветы. Вельмі верагодна, што гаворка ідзе пра расстрэлы ўдзельнікаў антысавецкага пасьляваеннага супраціву.
Варта адзначыць, што «Воранаўская газета» — афіцыйнае выданьне, заснавальнікам якога зьяўляецца Воранаўскі райвыканкам.
Апроч прамых указаньняў на тое, што сьледчыя маюць намер выдаць савецкія расстрэлы за гітлераўскія, ёсьць некалькі выпадкаў, калі маюцца факты, якія ўказваюць на зьдзейсненыя НКУС расстрэлы ў гарадах, у якіх зараз адбываюцца раскопкі, але мейсца такіх расстрэлаў дакладна невядома.
Прыклад — Слаўгарад Магілеўскае вобласьці. У лістападзе 2023 года ў праўладных СМІ зьявіліся паведамленьні аб выяўленні парэшткаў 65 мясцрвых габрэяў, расстраляных нацыстамі ў 1941 годзе.
Аналіз даных, сабраных беларускім аддзяленьнем міжнароднага супольніцтва «Мэмарыял», паказвае: у адзін і той жа дзень, 28 сакавіка 1933 года, былі расстраляныя адразу 12 жыхароў вёсак Іванішчавічы, Жалезінка, Хоцішча і Машэцкая Слабада сучаснага Слаўгарадскага раёна. Да 1945 года Слаўгарад меў назву Прапойск.
Ува ўсіх гэтых людзей месца расстрэлу не пазначана, у адрозьненьне ад іншых рэпрэсаваных жыхароў згаданых вёсак, у якіх месца расстрэла — Менск, і даты расстрэлаў іншыя. Улічваючы, што менавіта ў Прапойску ў тыя гады існавала раённае аддзяленьне НКУС, месца расстрэла гэтых 12 чалавек зь вялікай верагоднасьцю знаходзіцца на тэрыторыі Слаўгарада або ягоных навакольляў. Зразумела, што гэтае месца можа не супадаць з месцам расстрэла габрэяў нацыстамі, але яно дзесьці існуе.
Маюцца таксама факты, якія могуць указваць на тое, што расстрэл НКУС гэтых 12 вяскоўцаў можа быць зьвязаны з антысавецкім супрацівам у тагачасным Прапойскім раёне. Адно з магілеўскіх выданьняў спасылаецца на данясеньне Прапойскага раённага аддзелу міліцыі ў раённы камітэт партыі ад траўня 1930 года, якое знаходзіцца ў дзяржархіве Магілеўскае вобласьці. У гэтым дакуманце гаворыцца пра «Прапойскае паўстаньне», штаб якога знаходзіўся ў вёсцы Жалезінка. Згодна з данясеньнем, удзельнікі паўстаньня «забівалі чырвонаармейцаў, адбіралі абмундзіраваньне і амуніцыю», але пры гэтым не наносілі шкоды мірнаму насельніцтву, а трывала гэтае паўстаньне ў некаторых мясьцінах, у тым ліку на тэрыторыі Іванішчавіцкае сельрады, нават да 1929 года.
Такім чынам беларускія і расейскія пракуроры спрабуюць ня проста «расьследаваць генацыд» — яны імкнуцца «адбяліць» НКУС. Як гэта неаднаразова спрабавалі рабіць і раней.