Расія ліквідуе ПВК «Вагнер», заганяючы Лукашэнку ў экзістэнцыяльны тупік

Ліквідацыя ПВК «Вагнер» як юрыдычных асоб у Сірыі і Афрыцы набірае абароты, што і чакалася. Але калі Лукашэнка з Пуціным возьмуць рыдлёўкі і пачнуць капаць яму, прыгаворваючы «Вагнер» жыў, «Вагнер» жывы, але жыць у Беларусі больш не будзе» — пытанне.

20230609_gaf_u03_018_1.jpg

Крэмль даручыў ліквідацыю «Вагнера» ў Сірыі генералу Яўкураву, які два месяцы таму гутарыў з Прыгожыным у Растове, седзячы на лаўцы перад штабам акупацыйных войскаў. З гэтай мэтай Яўкураву давялося 27 жніўня ляцець у Дамаск. Там ён разам з генералам Алі Махмудам Абасам, начальнікам войскаў Асада, сустрэўся з камандзірамі «вагнераўцаў». Яўкураў паставіў іх перад выбарам — паляцець са сваімі атрадамі ў РФ або перайсці ў падпарадкаванне яе камандаванню ў Сірыі, піша Сяргей Клімоўскі ў Белнавінах.

Начальніка войскаў Асада на гэту «стрэлку» ён запрасіў, бо на сірыйцаў ускладаецца раззбраенне тых «вагнераўцаў», якія пачнуць шукаць трэці варыянт у выглядзе пераходу на службу да Асада або да мясцовых кампаній. У гэтым выпадку сірыйцы павінны адключыць «вагнераўцам» святло, спыніць падачу вады і ежы. Яўкураў мае інструкцыю не дапусціць перастрэлак паміж расійцамі, для чаго і прыцягвае сірыйцаў.

Ёсць і іншая прычына — «Вагнер» у Сірыі заняты ў асноўным аховай нафтапромыслаў і для гэтага даўно наймае ў свае падраздзяленні мясцовых жыхароў. Паводле ацэнак «Сірыйскай абсерваторыі па правах чалавека» ў такіх падраздзяленнях сумарна каля 3 тысяч баевікоў рознай ступені падрыхтоўкі. Непазбежная праблема, куды ім падзецца, бо яны падданыя Асада, а не Расіі. Шайгу хоча перацягнуць частку з іх ва Украіну, чаму і адправіў у Сірыю развязваць гэтае складанае пытанне Яўкурава як свайго намесніка.

У Шайгу са спецпадраздзяленнем «Вагнера» праблемы, падобныя на тыя, якія ўсю вайну былі ў генштаба Вермахта са спецатрадам Оскара Дырлевангера, які то звужалі да батальёна, то раздзімалі да дывізіі. Дырлевангер быў у 1934 годзе асуджаны, але ён быў не з партнаменклатуры, як Прыгожын, то не змог стаць «поварам Гітлера» і з'ехаў ваяваць добраахвотнікам у Іспанію на баку Франка. Затым яму даручылі ўзначаліць па-за Вермахтам атрад з браканьераў і вайскоўцаў, якія парушылі кодэкс гонару арыйца. Потым сталі выкарыстоўваць супраць партызан, папаўняючы крымінальнікамі, палоннымі з Чырвонай Арміі і розным збродам.

Спаленне Хатыні — дробны эпізод у паслужным спісе зондэркаманды Дырлевангера. Больш маштабныя злачынствы дырлевангераўцы здзейснілі пры падаўленні Варшаўскага і Славацкага паўстанняў, калі іх колькасць давялі да брыгады. Армейцы ставіліся да іх з гідлівасцю, і Дырлевангер не мог крычаць «дзе снарады?!», калі яго каманду пагналі на фронт.

Крэмль і ФСБ, ствараючы «Вагнер» і медыйна надзьмуваючы Прыгожына, мадыфікавалі вопыт гітлераўцаў і давялі яго да максімы. Сітуацыя ў Афрыцы вымусіла Крэмль ліквідаваць «Вагнер» як спецпадраздзяленне і юрыдычную асобу, але паколькі расійскую версію зондэркаманды Дырлевангера празмерна раздулі, то цяпер Шайгу даводзіцца фільтраваць гэты бруд на прадмет здабывання карыснасцей.

Таму Яўкураў, па ўказанні Шайгу, злятаў 22 жніўня, за дзень да падзення самалёта Прыгожына, у тую частку Лівіі, якую кантралюе Хафтар, а затым у Сірыю. У хафтараўскай Лівіі было прасцей:  «вагнераўцаў» мала, а сама яна важны пункт, адкуль нелегальныя мігранты плывуць у Італію. Брытанская выведка не без падстаў мяркуе, што да падзення самалёта Прыгожына мог быць датычны генерал-маёр ГРУ генштаба РФ Андрэй Авяр'янаў, які курыруе Афрыку.

Авяр'янаў па лініі ГРУ ўдзельнічаў у войнах у Югаславіі, Чачні, а затым у Сірыі. У 2014 годзе браў Крым, лічыцца адным з топ-менеджараў атакі мігрантамі на ЕС у 2015-2017 гадах. Можа быць датычны да перакідання мігрантаў з Афрыкі ў Беларусь. Паводле звестак «Білінгкэт», датычны да атручвання Скрыпаля, падрыву склада са зброяй у Чэхіі і да спробы перавароту ў Чарнагорыі ў 2016 годзе.

На саміце «Афрыка – Расія» Пуцін асабіста пазнаёміў яго з кіраўніком ЦАР. Пры знаёмстве на пытанне аб сферы сваёй дзейнасці Авяр'янаў коратка адказаў — «Бяспека». Па даных брытанцаў, Авяр'янаў яшчэ да саміту ездзіў у Афрыку. Мяркуецца, для аналізу сітуацыі на месцы, у тым ліку і па «вагнераўцах». На гэтым і будуецца версія пра яго канфлікт з Прыгожыным. Верагодна, Авяр'янаў ставіўся да яго, як нямецкія армейцы да Дырлевангера.

«Уол-стрыт джорнал» мяркуе, цяпер на Авяр'янава ўскладзена заданне прафільтраваць у Афрыцы не толькі «вагнераўцаў». Ён становіцца галоўным «наглядчыкам» ад Крамля за Сахарай па лініі ГРУ і Шайгу. У сувязі з аб'явай у Малі джыхаду «Вагнеру» гэтую ПВК не толькі ліквідуюць, але і мяняюць усю тактыку. Замест адной буйной ПВК «Вагнер», якая дзейнічае ў шэрагу краін Афрыкі, будуць працаваць дробныя ПВК, зарэгістраваныя па некалькі штук у кожнай дзяржаве. Такія ПВК існавалі і паралельна з «Вагнерам», але цяпер яны ў прыярытэце.

У прыярытэце таксама базавая рэгістрацыя такіх ПВК не ў РФ, а ў «шэрай зоне» — у Абхазіі, у Прыднястроўі, на акупаваных тэрыторыях Украіны і ў краінах Азіі. Напрыклад, ПВК «Канвой» зарэгістравана ў Крыме. Гэта трэба, каб «вушы» Масквы не занадта тырчалі. З гэтай жа прычыны баевікі, якія наймаюцца ў ПВК, не падпісваюць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі нават таемна. Такія кантракты заключаюць толькі з вышэйшым камандным складам ПВК.

Гэты шматгаловы «Змей Гарыныч» з ПВК павінен, па задуме Масквы, спрасціць ёй дасягненне сваіх мэт у Афрыцы і дазволіць пазбавіцца ад нязручных галоў без таго сусветнага шуму, як атрымалася з «Вагнерам». 

У выніку з усіх краін «глабальнага Поўдня» ПВК «Вагнер» пакуль застаецца толькі ў Беларусі. У гэты клуб прымаюць не па месцы краіны на глобусе, а на падставе таго, як доўга мясцовы аўтарытарыст змог пратрымацца і ў якім афіцыйным статусе. Лукашэнка адказвае ўсім крытэрам і законна ўваходзіць у клуб «глабальны Поўдзень».

Крэмль планаваў захаваць ПВК «Вагнер» толькі ў адной краіне «глабальнага Поўдня» — у Беларусі. Лукашэнка нават здзекліва зарэгістраваў яго як асветніцкае таварыства па месцы дыслакацыі. Але 28 жніўня Латвія, Літва, Польшча і Эстонія зламалі гэты план, запатрабаваўшы «Вагнер» з Беларусі выдаліць дэ-факта і дэ-юрэ, інакш закрыюць мяжу з Беларуссю. Але не сказалі, калі. Могуць у любы дзень на два-тры тыдні для спробы.

У гэтым выпадку Кролевец — Кёнігсберг стане востравам і пачне дрэйфаваць у родную гавань, а гандаль Казахстана, Кітая і РФ праз Польшчу з ЕС канчаткова спыніцца. Для Масквы афіцыйнае захаванне «Вагнера» ў Беларусі мае сэнс, каб выкарыстоўваць яго ў памежных правакацыях і казаць: «Гэта не мы. Гэта «безгаспадарны» «Вагнер», забароненая ў РФ арганізацыя. Усе прэтэнзіі да Лукашэнкі». У сваю чаргу Лукашэнка будзе паўтараць стары наратыў, што ахоўваць мяжу з ЕС ён не наймаўся.

Але гэтая схема становіцца бессэнсоўнай пры закрыцці мяжы. Польшча і краіны Балтыі зрабілі моцны ход на апярэджанне. Цяпер для Крамля і Лукашэнкі афіцыйна закрыць «Вагнер» у Беларусі азначае публічна прызнаць сваё паражэнне і без адзінага стрэлу. У выніку Крэмль перад выбарам: альбо працягваць дзейнічаць па схеме і давесці сітуацыю да закрыцця мяжы, і затым пахаваць «Вагнер», каб яе адкрылі, або адразу яго пахаваць, каб мяжу не закрывалі.

Што абярэ Масква, пакуль няясна. Але ясна, што Польшча і краіны Балтыі стварылі моцную зброю супраць яе. Калі Масква вырашыць, што «Вагнер» і ўся схема з правакацыямі на мяжы не вартыя таго, каб яе закрылі, і пахавае «Вагнер», то наступным крокам кааліцыі з Польшчы і краін Балтыі стане патрабаванне да Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязняў, інакш мяжа закрыецца. У далейшым умовай захавання адкрытай мяжы можа стаць патрабаванне вывесці акупацыйныя войскі РФ з Запарожскай АЭС….

Такія перспектывы ўжо ставяць Крэмль у экзістэнцыяльны тупік. Выхад з яго Крэмль пакуль шукае ў п'янцы на камандна-штабных вучэннях з генераламі і палкоўнікамі з краін АДКБ, якія ідуць у Беларусі з 1 па 6 верасня. Піць будуць ва ўмовах, набліжаных да баявых — у намётах і на прыродзе, калі надвор'е дазволіць.