Праз «вобраз кіроўцы аўтазака». Кліп «Баю-бай» гурта «Дай Дарогу!» могуць прызнаць экстрэмісцкім

Кліп на песню «Баю-бай» брэсцкага панк-гурта «Дай Дарогу!» могуць прызнаць экстрэмісцкім. Адпаведная заява паступіла ў суд Ленінскага раёна Брэста з шостага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, распавядае Zerkalo.io.

day_darogu_stylskiy_2021_1.jpg

Фатаграфію дакумента апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram лідар гурта Юрый Стыльскі. У заяве сцвярджаецца, што ў ГУБАЗіК з пракуратуры паступіла інфармацыя аб тым, што на канале «Дай Дарогу!» распаўсюджваюцца інфармацыйныя матэрыялы, якія «накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці, якія змяшчаюць іншыя дэструктыўныя ідэі, накіраваныя супраць органаў дзяржаўнай улады і кіравання».

Творчасць групы вывучылі ў абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Там вырашылі, што кліп на песню «Баю-бай» зняты «з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структур».

«На гэта паказваюць вобразы вадзіцеля аўтазака, які на камбайне пераследуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаны гранічна міралюбнымі і безабароннымі. Такім чынам, сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку прадстаўлена аўтарамі песні, як бязлітаснае забойства, якое здзяйсняецца прадстаўнікамі сілавых структур. Дадзены відэакліп носіць агрэсіўны, абразлівы, дыскрэдытуючы прадстаўнікоў сілавых структур характар, што спрыяе распальванню сацыяльнай варожасці, гэта значыць праява прыкмет экстрэмізму», — тлумачыцца ў пастанове.

Хто праводзіў экспертызу і якая ў іх кваліфікацыя, ў заяве не паведамляецца. Вядома, што ўзначальвае экспертную камісію намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк, які курыруе пытанні культуры і ідэалогіі.

Суд аб прызнанні кліпа экстрэмісцкім прызначаны на 5 жніўня.