«Праваабаронцу Насту Лойка білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў»

Расійская журналістка Кацярына Яньшына, якая была затрымана пасля першага судовага пасяджэння па справе «Вясны» і правяла 15 сутак на Акрэсціна, распавяла праваабаронцам жахлівыя гісторыі, якія пачула ў зняволенні. У прыватнасці, яна расказала, як катавалі праваабаронцу Насту Лойка.

568a7510_1_iryna_arahouskaja_logo_1.jpg

Кацярына Яньшыла распавяла, што сустракала на Акрэсціна шмат «палітычных» — затрыманых за ўдзел у раённых чатах з 2020 года, за перасланыя ў асабістых паведамленнях допісы з «экстрэмісцкіх» каналаў. Журналістка распавяла гісторыі некаторых такіх жанчын.

— Магчыма, у гэтых чатах штосьці пісалі ў 2020 годзе, але цяпер яны цалкам памерлі або там з'яўляюцца рэдкія паведамленні накшталт «парайце майстра па манікюры» ці «ў мяне засталося дзіцячае харчаванне — каму трэба», — адзначыла журналістка. — Дзве затрыманыя жанчыны выйшлі з гэтага чата даўно. І вось да ўдзельнікаў гэтага чата ўрываюцца з вобшукамі ці прыходзяць на працу. Зразумела, падчас вобшукаў яны нічога не знаходзяць, але, самае галоўнае, яны забіраюць твой тэлефон і патрабуюць паролі. А пароляў не даць ты не можаш... Як мне потым расказалі, дзяўчыну, якая проста забылася на свой пароль, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойка. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэту гісторыю. І я потым сядзела і думала: цікава, колькі ўдараў токам я вытрываю, перш чым зламаюся і дам паролі.

Таксама Кацярына расказала, што «шмат сядзяць за рэпосты».

— Напрыклад, скінуў сябру курс валют, але з «экстрэмісцкага» чаціка — атрымай 15 сутак, — распавяла журналістка. — У адной жанчыны знайшлі ў архіўных сторысах Instagram з 2020 года фота з сімволікай — на яе склалі пратакол за пікетаванне. Сілавікі шукаюць БЧБ-сімволіку, рэпосты, падпіскі. Калі нічога не знаходзяць, то складаюць пратакол аб непадпарадкаванні міліцыі, бо яны ўжо прыйшлі, што цяпер, дарэмна адпускаць? І вось так адседзіш 15 сутак толькі за тое, што да цябе прыйшлі сілавікі. У адной сукамерніцы ў тэлефоне ўбачылі падпіску на «экстрэмісцкі» канал — на яе склалі пратакол за непадпарадкаванне, таму што няма чаго падпісвацца на такія каналы! А яна яго нават не чытала — там віселі тысячы непрачытаных паведамленняў.

Выявілася, што на Акрэсціна Кацярына Яньшына сядзела ў адной камеры з Ганнай Лівянт — дачкой вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта, затрыманага з усёй сям'ёй. Пазней на іх завялі крымінальныя справы.

— Ганну з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да ейных бацькоў. І на ранішнім «шмоне» яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа. Калі ты сядзіш на Акрэсціна, то ты не хочаш, каб цябе адпусцілі крыху раней. Таму што калі па цябе прыйшлі раней за вызначаны час, то гэта значыць, што ты нікуды не выходзіш. Гэта азначае ці то новыя «суткі», ці то крымінальную справу. Так было і з Ганнай. Яе забралі раней, і ад іншай дзяўчыны з ІЧУ мы даведаліся, што ў яе крымінальная справа і яна чакае адпраўкі ў СІЗА.

Нагадаем, Кацярыну Яньшыну пасля 15 сутак на Акрэсціна дэпартавалі ў Расію.