«Прастаялі 23 гадзіны». Колькі часу цяпер сыходзіць у беларусаў пры пераходзе мяжы з ЕС

У якіх пунктах пропуску чэргі большыя, колькі часу займае праходжанне межаў і ад чаго гэта залежыць, Intex-press распавялі жыхары Баранавічаў, якія днямі выязджалі з Беларусі ў Літву і Польшчу.

_perahod___horad___minsk___nevjadoma_szto__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Мінулыя выхадныя адзначыліся вялізнымі чэргамі на выезд з Беларусі, якія ўтварыліся практычна ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы з Літвой і Польшчай. І калі раней на доўгае праходжанне мяжы скардзіліся ў асноўным тыя, хто перасякаў яе на легкавых аўтамабілях, то цяпер чэргі ўтварыліся нават з пасажырскіх аўтобусаў.

Гараджанка Ганна, якая вярталася на вучобу ў Польшчу ў ноч на 26 сакавіка, правяла ў аўтобусе на мяжы каля дзевяці гадзін.

— З беларускага боку была вялікая чарга з аўтобусаў, каля 20-ці. Я нават уявіць сабе не магла, што такое можа быць. Праходжанне мяжы заўсёды займала розную колькасць часу, але так доўга — упершыню, — распавяла дзяўчына.

Наталля, якая часта ездзіць у Польшчу па працы, 27 сакавіка правяла ў аўтобусе на мяжы больш за пяць гадзін. Гэта пры тым, што ў аўтобус дзяўчына падсела проста перад пашпартным кантролем на беларускім баку, а транспартны сродак быў практычна ў самым пачатку чаргі.

— Калі мы ездзілі на машыне апошні раз, прастаялі 23 гадзіны. Таму зараз ездзім цягніком да Брэста, а на мяжы падсаджваемся ў любы аўтобус, дзе ёсць месцы. Так хутчэй і танней атрымліваецца. Аўтобус да Варшавы, у які мы селі ў 10.45, быў першым у «калейцы», і стаяў з 2 гадзін ночы, — распавядае Наталля, дадаючы, што абедзве мяжы гэты аўтобус прайшоў прыкладна ў 17.00.

Пункт пропуску «Берасце», са слоў гараджан, цяпер самы загружаны, бо пасля прыпынення працы памежнага пераходу «Бераставіца — Баброўнікі» з 10 лютага 2023 года трапіць наўпрост у Польшчу можна толькі праз яго. Таму ў чарзе цяпер выстройваюцца нават аўтобусы.

— Яшчэ месяц таму такога не было. Па-першае, больш людзей стала ездзіць на аўтобусах, таму што машынай праз Берасце — гэта мінімум суткі стаяць. Па-другое, усе аўтобусы, нават гарадзенскія, цяпер чамусьці ездзяць праз Берасце, — адзначае Наталля.

Некаторыя гараджане спрабуюць аб'ехаць чэргі ў Польшчу праз Літву. Кажуць, выходзіць ледзь хутчэй, але не менш стомна.

— Ехаў у ноч на 27 сакавіка ў Польшчу праз Літву. Час праходжання межаў роўна 11 гадзін. Праз Берасце —мінімум 20 гадзін, — кажа жыхар Баранавічаў Руслан.

Паводле слоў гараджан, чэргі ў беларуска-літоўскіх пунктах пропуску залежаць ад таго, у які дзень тыдня і праз які канкрэтна пункт ехаць. Да прыкладу, адна жыхарка Баранавічаў распавяла, што пры перасячэнні пункта пропуску «Катлоўка» на маршрутцы дзве мяжы яна прайшла менш, чым за тры гадзіны. У той час як іншая гараджанка, якая ехала на машыне праз пункт пропуску «Прывалка», прастаяла на мяжы 15 гадзін.

— Тут не адгадаеш ніяк. Застаецца толькі маніторыць анлайн-камеры на пунктах пропуску, і тое не заўсёды яны дапамагаюць. Па прыездзе на мяжу сітуацыя можа моцна змяніцца, — кажа Наталля, якая днямі ездзіла ў Літву праз «Прывалку».

Людзі кажуць, што абстаноўка ў чэргах спакойная, таму што «мы ж з гэтым нічога не зробім». Аднак многія лічаць, што чэргі ў пунктах пропуску выкліканыя не толькі колькасцю жадаючых перасекчы мяжу.

— На маю думку, неяк павольней пачалі правяраць беларусы, дый літоўцы сталі больш марудна машыны выпускаць, — адзначыла гараджанка Аксана, якая працуе ў Літве.

— Думаю, у іх, як і ў нас: які загад зверху дадуць, тое і робяць, — выказалася пра прычыны павольнага пропуску машын на мяжы з Польшчай гараджанка Наталля.

Паводле дадзеных Дзяржпагранкамітэта Беларусі на 12.00 28 сакавіка, самыя вялікія чэргі на выезд назіраліся ў пункце пропуску «Берасце»: 330 легкавых аўтамабіляў і 25 аўтобусаў. На мяжы з Літвой самым загружаным быў пункт пропуску «Прывалка» — 55 аўтамабіляў на выезд з Беларусі.