Перавозчыкі пасажыраў: улады нам ствараюць невыносныя ўмовы працы

Перавозчыкі Гомельшчыны абураныя ўмовамі працы, створанымі для іх камунальным прадпрыемствам „Гомельаблпасажыртранс”. 



marshrutki.jpg

minsknews.by

Прадпрымальнікі Гомеля, Мазыра і Светлагорска зладзілі сход, на якім падрыхтавалі скаргу ў Генеральную пракуратуру. Дакумент пакуль што на дапрацоўцы. Сярод прэтэнзіяў прадпрымальнікаў — рух транспарту па фіксаваным графіку, а не па напаўняльнасці, некалькуляваная аплата, якая не залежыць ад колькасці адпрацаваных гадзінаў. А таксама ціск з боку „Гомельоблпасажыртранс”. Пра гэта распавёў прадстаўнік прафсаюзу „Садружнасць” Юры Ляшэнка:

– Склалася шмат прэтэнзіяў да „Гомельоблпасажыртранс”, звязаных, напрыклад, з аплатай. То бок людзі працуюць хто тыдзень, хто два тыдні, а абавязаны плаціць прадпрыемству аднолькава. І было шмат іншых абаснаваных прэтэнзіяў.

Перавозчык Сяргей Яроменка распавёў, што ў яго абурэнне выклікаў уведзены для маршрутнага транспарту расклад руху:

– Паводле дамовы, у нас ёсць рух па раскладзе, а таксама рух з дакладным інтэрвалам. А нас прымушаюць працаваць па раскладзе. Але хтосьці не зможа перад пачаткам працы прайсці медыка, хтосьці механіка, у кагосьці тэхагляд скончыўся. То бок зранку можа адсутнічаць адразу тры машыны запар. Такім чынам пацерпіць пасажыр. Аднак улады, і, у прыватнасці, дырэктар „пасажыртранса” кажуць, што пасажыр – гэта не нашая праблема.

На папярэднім сходзе прысутнічала каля 20 прадпрымальнікаў, якім перавозчыкі Гомеля, Мазыра і Светлагорска дэлегавалі прадстаўляць іх інтарэсы. Былі перавозчыкаў пасажыраў, якія маюць і гарадскія, і прыгарадныя маршруты, паведамляе Радыё Рацыя.

„Прайшоў папярэдні сход, каб азнаёміць перавозчыкаў з праектам скаргі. Пасля падпісання прадпрымальнікамі гэтага дакумента будзе вырашацца пытанне, ці адпраўляць скаргу ў Генеральную пракуратуру”, – распавёў Юры Ляшэнка.

„Многія перавозчыкі чамусьці спалоханыя. Баяцца, што пасля адпраўкі скаргі пачнуцца рэпрэсіі. Людзі напалоханыя і баяцца”, – кажа Юры Ляшэнка. Аднак дадае, што некаторыя перавозчыкі настроеныя рашуча.