Пенсійны бунт слесара
Слесар-інструментальшчык ААТ "Гомелькабель" Анатоль Паплаўны, які дасягнуў 60-ці гадоў, запатрабаваў праз суд прызначэння яму пенсіі па ўзросту, якую па новых правілах ён павінен атрымаць толькі праз паўтары гады.
Свавольны слесар лічыць, што ніхто не мае адбіраць у яго права на працоўную пенсію па дасягненні 60 гадоў пры стажы працы не менш за 25 гадоў.
«Гэта права ўзнікла ў мяне першапачаткова ў СССР, а потым і ў Рэспубліцы Беларусь. Але ў 2017 годзе годзе ў Беларусі быў прыняты закон, па якім я пайду на пенсію толькі ў 61 з паловай год, што пагоршыла маё становішча ў параўнанні з заканадаўствам, якое існавала раней» — напісаў ён 19 жніўня ў скарзе суду Савецкага раёна Гомеля.
Працоўны не жадае губляць пенсію за 18 месяцаў і будзе дамагацца яе выплаты, нават калі для гэтага давядзецца дайсці да Вярхоўнага суда.
«Я разумею, што ствараю прэцэдэнт, якім у выпадку поспеху скарыстаюцца і іншыя пенсіянеры, якія не атрымалі пенсію у 55 і 60 гадоў. Канстытуцыя забараняе надаваць зваротную сілу закону, які пагаршае прававое становішча грамадзян. Тым не менш, чыноўнікі павялічылі пенсійны ўзрост, а народ маўчыць. Я вырашыў дзейнічаць, бо калі адбудзецца павышэнне пенсіённага ўзросту ў мужчын да 65 гадоў, я пенсію не атрымаюць і праз паўтары гады».
Анатоль Паплаўны з'яўляецца членам Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і не хавае, што прэтэнзіі да дзяржавы яму дапамагла падрыхтаваць юрыдычная служба прафсаюза. Прававы інспектар працы незалежнага прафсаюза Леанід Судаленка адзначыў, што пасля павелічэння ў 2017 годзе пенсійнага ўзросту яшчэ ніхто ў краіне не звяртаўся з такой нагоды ў суд.
«Анатоль Паплаўны супраць урада Беларусі» — стала першай цяжбай ў такім родзе» — адзначыў прафсаюзны юрыст.
Перспектывы гэтай справы пакуль няясныя — але сама спроба шэраговага працаўніка змагацца праз суд за свае эканамічныя правы вельмі паказальная.
ў 2016 годзе: мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў; у 2017 годзе: мужчыны - 60 гадоў 6 месяцаў, жанчыны - 55 гадоў 6 месяцаў; у 2018 годзе: мужчыны - 61 год, жанчыны - 56 гадоў; у 2019 годзе: мужчыны - 61 год 6 месяцаў, жанчыны - 56 гадоў 6 месяцаў; у 2020 годзе: мужчыны - 62 гады, жанчыны - 57 гадоў; ў 2021 годзе: мужчыны - 62 гады 6 месяцаў, жанчыны - 57 гадоў 6 месяцаў; ў 2022 годзе і наступныя гады: мужчыны - 63 гады, жанчыны - 58 гадоў. Беларускія ўлады не выключаюць, што павышэнне пенсіённага ўзросту можа працягнуцца і пасля 2022 года.
Паводле gomelspring.org