Пазыўны «Якуб». Стала вядома імя беларуса, які 4 снежня загінуў ва Украіне
Баец з пазыўным «Якуб» стаў 16 загінулым беларускім ваяром ад пачатку поўнамаштабнай вайны за Украіну. Ён загінуў 4 снежня на Бахмуцкім кірунку, паведамляе прэс-служба палка Каліноўскага.
Звалі мужчыну Аляксей Аўдзеенка. Ён з 2016 года жыў ва Украіне, пасля нападу Расіі стаў добраахвотнікам тактычнай групы «Беларусь» і неўзабаве падпісаў кантракт з ЗСУ.
«Кіраўніцтва палка Каліноўскага выдатна яго ведала, хоць ён і не быў у нашым складзе. Аляксей удзельнічаў у баявых дзеяннях на Данбасе падчас аперацыі Аб'яднаных сіл. З першых дзён поўнамаштабнай вайны прымаў актыўны ўдзел у абароне Украіны», — гаворыцца ў паведамленні Палка Каліноўскага.