Пасяджэнні па справе Віктара Бабарыкі адкладзеныя на нявызначаны тэрмін
Паводле інфармацыі з Вярхоўнага суда, пасяджэнні па справе Віктара Бабарыкі адкладзеныя на нявызначаны тэрмін, але мінімум да 9 сакавіка.
Пра гэта паведамляе штаб Віктара Бабарыкі.
Гэтую ж інфармацыю пацвярджае і TUT. BY. Паводле інфармацыі рэсурса, такое рашэнне прынятае з-за хваробы аднаго з чальцоў складу суду.
Нагадаем, працэс вядзе Вярхоўны суд, але пасяджэнні адбываюцца ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска. Па «справе "Белгазпрамбанка"» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх — топ-менеджары банка. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, па ч.2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса і ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры па ч.3 арт. 430 (прадугледжана пакаранне ад 5 да 15 гадоў).
Топ-менеджары банка Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзмітрый Кузьміч, Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваецца ў даванні хабару паўторна або ў буйным памеры.
З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.
Працэс спыніўся на стадыі зачытвання абвінавачання. Адвакат Зміцер Лаеўскі мяркуе, што працэс будзе «даволі доўгі». «Іх абавязак даказаць, а мы будзем глядзець, як яны будуць даказваць. Падчас следства мы рабілі выснову, што лічым абвінавачанне недаказаным», — сказаў адвакат.
Віктар Бабарыка вылучыўся кандыдатам у прэзідэнты і сабраў найбольшую колькасць подпісаў у сваю падтрымку сярод незалежных кандыдатаў. Бабарыку арыштавалі падчас падачы подпісаў на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты.