Cупрацоўніка «Гроднажылбуд» звольнілі другі раз з-за забастоўкі
Cупрацоўніка «Гроднажылбуд» Антона Сафонава звольнілі 15 лютага пасля працяглых бальнічных: яго кіраўніцтва вырашыла, што ён прагульваў. У тыя дні ён якраз рыхтаваўся аспрэчваць папярэднія вымовы ў судзе. Але суд хлопцу не дапамог, піша hrodna.life.
Антон, 34-гадовы сталяр-станочнік чацвёртага разраду, прапрацаваў на прадпрыемстве «Гроднажылбуд» амаль 17 гадоў. 15 верасня 2020 года гарадзенца звольнілі пасля дзвюх вымоў, звязаных са страйкам на прадпрыемстве. 24 верасня меру спагнання змянілі на пазбаўленне прэміі на год і прапанавалі вярнуцца на працу. Антон хацеў адмяніць вымовы цалкам і звярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёна, які 6 лістапада вырашыў: аднаўляць работніка не трэба, вымова прадпрыемства была законнай. Тады Антон прыняў рашэнне вярнуцца на працу, як яму і прапаноўвалі 24 верасня.
У жніўні 2020 года «Гроднажылбуд» стаў адным з цэнтраў пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта і гвалту сілавікоў на вуліцах Гродна: рабочыя сустрэліся з кіраўніцтвам горада, пракурорам, але да згоды з уладамі так і не прыйшлі. Пасля гэтага тых, хто актыўна выказваўся на прадпрыемстве, паступова альбо звольнілі, альбо стварылі такія ўмовы, што дзясяткі рабочых сышлі самі.
7 лістапада Антон выйшаў на працу, а з 11 чысла сышоў на бальнічны ліст: сарваў спіну на працы, давялося апераваць міжпазваночную кілу. Пасля бальнічнага Антон выйшаў на працу 6 студзеня і прапрацаваў да 29 студзеня. Пазней ён зноў пайшоў на бальнічны на тыдзень, а потым адразу — на бальнічны па доглядзе дзіцяці.
На працу Антон выйшаў 15 лютага. У той жа дзень начальства паказала яму загад аб яго звальненні па арт. 47 Працоўнага кодэкса — «Дадатковыя падставы спынення працоўнага дагавора з некаторымі катэгорыямі работнікаў пры пэўных умовах». Прычына — адсутнасць на працоўным месцы 25, 26 і 28 верасня 2020 года. Хоць у лістападзе ён пісаў тлумачальную, што рыхтаваўся да суда з 25 верасня да 6 лістапада.
Працу знайсці будзе складана
Антон пасля аперацыі на міжпазваночнай кіле аднаўляецца і двойчы на тыдзень ходзіць на рэабілітацыю ў фітнес-цэнтр «Korra» (студыя, у якой ёсць асобны кірунак — лячэбная фізкультура, накіраваная на паляпшэнне каардынацыі, паставы, стану цягліц, суставаў). Раз на тыдзень ходзіць у звычайную спартзалу, каб умацаваць мышцы спіны.
Пасля такой аперацыі складана знайсці новую працу. «Не тое што па спецыяльнасці, а ў прынцыпе працу будзе знайсці досыць складана. Мне нагружаць спіну нельга, трэба старацца падымаць цяжару як мага менш. Мне і сядзець доўга нельга — сядзячая праца таксама не моцна падыдзе. Яшчэ паўгода мне пажадана больш стаяць або ляжаць. Сапраўды, з гэтым праблемы будуць. Але будзем выходзіць з гэтай сітуацыі».
«Настрой баявы»
Антон быў маральна гатовы да звальнення. «Настрой баявы. Я ні кропелькі не засмучаны з-за таго, што мне даслалі новы загад. Я вельмі доўга смяяўся пры сваіх кіраўніках і пытаўся, чаму ж яны так доўга яны чакалі. Яны далі мне прапрацаваць яшчэ цэлы месяц», — распавёў ён Hrodna.life.
Загад Сафонаву на рукі яшчэ не далі. Антон з адвакатам запыталі дакументы і рыхтуюцца да новых судовых разглядаў.
— Яшчэ пазмагаемся за справядлівасць, за праўду і за тое, каб людзей, якія сапраўды працуюць і хочуць працаваць, да якіх не было за 16 гадоў аніводнай прэтэнзіі на працы, не звальнялі і паважалі, — сказаў гарадзенец Hrodna.life.
Сябру Антона, яшчэ аднаму супрацоўніку «Гроднажылбуд» у падобнай сітуацыі адмовілі ў пазове аб аднаўленні на працу.
Раней у «Гроднажылбуд» казалі, што завадатараў страйку «заела сумленне», таму яны звольніліся самі, ніякага ціску на іх і масавых звальненняў пасля жнівеньскіх падзей на прадпрыемстве не было.